Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у афіцыйнай праграме саміту НАТА, які пройдзе ў Вільні 11-12 ліпеня, паведамляе «Белсат».
Паводле інфармацыі «Белсата», Ціханоўская возьме ўдзел у супольным сняданку з жанчынамі — міністрамі абароны і замежных спраў краін НАТА. Сустрэча на высокім узроўні стане часткай афіцыйнай праграмы саміту і пройдзе раніцай у сераду, 12 ліпеня.
Раней паведамлялася, што Ціханоўская выступіць на адным з круглых сталоў грамадскага форуму НАТА і на мерапрыемствах, арганізаваных Атлантычнай радай.
Таксама па яе ініцыятыве ў рамках саміту пройдзе два сайд-івэнты (паралельныя мерапрыемствы) па Беларусі, на якіх будуць абмяркоўвацца роля нашай краіны ў трансатлантычнай бяспецы і размяшчэнне на яе тэрыторыі расійскай ядзернай зброі. У мерапрыемствах возьмуць удзел міністры, прадстаўнікі ўрадаў і дыпмісій краін — членаў НАТА, а таксама эксперты.
Сёння Ціханоўская таксама сустрэлася з дэлегацыяй амерыканскіх сенатараў, якія прыехалі на саміт.
Каментары
ведь недаром ви так далеко обходите меня )