Легіён «Свабода Расіі» плануе яшчэ адзін рэйд на тэрыторыю РФ цягам найбліжэйшага месяца ці каля таго. Пра гэта сказаў камандзір легіёна з пазыўным «Цэзар» у інтэрв'ю выданню The Observer, як піша «Украінская праўда».
«На працягу наступнага месяца або каля таго будзе яшчэ адзін сюрпрыз. Гэта будзе наша трэцяя аперацыя. Пасля яе будзе чацвёртая, затым пятая. У нас амбіцыйныя планы. Мы хочам вызваліць усю нашу тэрыторыю», — сказаў «Цэзар».
Нядаўнюю аперацыю байцоў легіёна і расійскага Добраахвотніцкага корпуса каля горада Шабекіна ў Расіі «Цэзар» акрэсліў як «лакальны рэйд і выведвальную аперацыю».
Як піша выданне, сапраўднае імя «Цэзара», 49-гадовага былога трэнера па фітнэсе з Сочы і Санкт-Пецярбурга, Максімільян Андроннікаў. Ён прызнаў, што ягонае апалчэнне можа функцыянаваць толькі з дапамогай украінскіх вайскоўцаў, але заявіў, што, апынуўшыся на тэрыторыі Расіі, яны прымаюць уласныя незалежныя рашэнні. Бранятэхніка легіёна, паводле яго, у асноўным была ўзятая з расійскіх складоў, захопленых ва Украіне.
Камандзір дадаў, што паведамленні Крамля пра вялікія страты сярод ягоных байцоў смешныя і перабольшаныя: «Яны пераапранаюць трупы ва ўкраінскую форму і паказваюць па тэлевізары. Нашы выглядаюць інакш. Гэта ўсё была тупая хлусня».
«Цэзар» мяркуе, што паўстанне Прыгожына аслабіла Пуціна. Ён таксама лічыць, што пуцінскі рэжым будзе зрынуты да канца 2024 года.
«Мы ўжо блізка». Легіён «Свабода Расіі» звярнуўся да жыхароў Крыма
Легіён «Свабода Расіі» прапанаваў Прыгожыну абмяняць палоннага вагнераўцамі падпалкоўніка на палонных расіян, узятых добраахвотнікамі
Рускі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расіі» зноў заявілі пра пранікненне на тэрыторыю Расіі
Каментары