«Ён хацеў просты крыж». Жонка першага кіраўніка незалежнай Беларусі расказала, якім будзе помнік на яго магіле
Жонка экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча распавяла «Народнай Волі», чаму праз год пасля яго смерці на магіле не паставілі помнік.
Станіслава Шушкевіча не стала 3 мая 2022 года. Яго пахавалі на Паўночных могілках.
Цяпер на магіле Станіслава Станіслававіча — насып жоўтага пяску, вянкі, лампадкі, драўляны крыж…
— Я рэгулярна бываю на могілках, прыбіраю магілу, — кажа Ірына Шушкевіч, жонка экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі. — Але з помнікам вырашылі не спяшацца і паставіць яго ў красавіку наступнага года. Там жа і сястра мая ляжыць побач.
— Ужо вырашылі, які будзе помнік?
— Станіслаў Станіслававіч сказаў выразна, што ён хоча просты крыж без усялякай вычварнасці. Так што плануем паставіць чорны гранітны крыж, на якім зверху будзе надпіс — Станіслаў Шушкевіч, а таксама гады яго жыцця.
Цяпер мы ўсё абмяркоўваем, абдумваем, і справа застанецца толькі за рэалізацыяй. Мы ўжо звязаліся з фірмай па вырабе помнікаў, але праект пакуль не гатовы.
Зрэшты, ніхто і не спяшаецца — за год усё паспеем зрабіць. Лепш павольней, але якасней.
— Як цяпер ваша жыццё складваецца — пасля смерці Станіслава Станіслававіча?
— Першы час, безумоўна, было вельмі цяжка ў псіхалагічным плане, але, як кажуць, жыццё ўсё роўна працягваецца.
Жывём у мінскай кватэры разам з сынам, ён мяне, вядома, усяляк падтрымлівае.
У кабінеце мужа нічога не мяняла, там усё застаецца на сваіх месцах. Такі своеасаблівы музей у адным пакоі.
— Больш на лецішчы бываеце ці ў Мінску?
— Калі трэба нейкія справы вырашаць, прыязджаю ў Мінск. Калі добрае надвор'е, еду на дачу.
Дарэчы, у нас там тры цяпліцы, калі муж быў жывы, мы вырошчвалі ў іх і агуркі, і памідоры, і перцы.
Але цяпер усе яны пустуюць — нічога не саджала.
Гарбуз пасадзіла на градках, а больш нічога. Гарбуз сам расце, паліваць практычна не трэба, сонца хапае. Вельмі зручна.
А памідоры і агуркі пры такой засусе трэба было паліваць кожны дзень. Трэба ўвесь час сядзець на лецішчы. Але ў горадзе справы ёсць, ды і зямля няхай адпачне.
Каментары