reservist Belarus мобилизованный на сборы Беларусь

Сёлета беларускія «партызаны» часцей ездзяць на вучэнні. Фота: «Наша Ніва»

Хвалю выклікаў у ваенкаматы і масавых збораў можна было прадказаць яшчэ ўвосень 2022-га. Тады стала вядома, што новы навучальны год у беларускім войску (першае паўгоддзе зазвычай пачынаецца 1 снежня, а другое — 1 чэрвеня) будзе прысвечаны мабілізацыйнай гатоўнасці. У 2021-2022 гадах дэвізам была баявая падрыхтоўка. 

Прычына рашэння знаходзіцца лёгка. Частковая мабілізацыя, абвешчаная галоўным «хаўруснікам», сутыкнулася з арганізацыйнымі праблемамі: у лукашэнкаўскім Мінабароны разважылі, што лепш вучыцца на чужых памылках. 

І яшчэ да пачатку навучальнага года, які не абяцаў запаснікам нічога добрага, у войску рашылі паспрабаваць мабілізацыйныя новаўвядзенні, якія, праўда, далёка не зайшлі. 

Пра першае пісалі багата: восеньскіх дэмбеляў палохалі мабілізацыйнымі прадпісаннямі, згодна з якімі яны першыя паўгода пасля службы не могуць выязджаць за мяжу, не паставіўшы ў вядомасць ваенкамат. Пад гэтай шырмай афіцэры агітавалі сваіх байцоў падпісваць кантракты. Іх тэрмін стандартны (два гады), але нібыта з магчымасцю спынення праз шэсць месяцаў. Маўляў, навошта проста так сядзець невыязнымі, калі можна гэтыя паўгода праслужыць па кантракце і пасля быць вольнымі? А ў выпадку вайны вы пойдзеце ў атаку не з «мобікамі», а са сваім падраздзяленнем. 

Але такая агітацыя поспеху не мела. У страшылкі пра нявыезд за мяжу дэмбелі проста не верылі — і не прагадалі. Нейкіх новых умоваў у прадпісанні яны не атрымалі. Іх таварышаў, якія звальняліся ўвесну, ужо так не палохалі: ці то зразумелі марнасць, ці то сітуацыя стала менш вострай. 

Другі захад не абмяркоўвалі, але і ён быў красамоўным. Напярэдадні звальнення ў запас салдаты тэрміновай службы — гэта не тычыцца тых, хто пасля вайсковай кафедры служыць паўгода, бо яны могуць забіраць «зялёнку» — здаюць баявую форму і ідуць дадому ў паўсядзённай (яе часцей называюць параднай) альбо ў цывільным.

«Баявуха» пасля здаецца на склад: яе ў тым ліку выкарыстоўваюць і для «партызанаў», якіх прызвалі на зборы. А ўвосень увялі навацыю: жаўнер здаваў сваю форму з біркай, каб у выпадку мабілізацыі атрымаць канкрэтна той камплект. Але ўвесну ад гэтага адмовіліся.

Для чаго цяпер беларусаў выклікаюць ваенкаматы?

Абслугоўванне тэхнікі, заняткі ў класе, адзіныя стрэльбы і багата гарэлкі — так выглядаюць тыповыя зборы ва ўяўленні беларусаў. Але гэта не пра 2023-і. Сёлета «партызаны» часцей ездзяць на вучэнні.

Увесну ў беларускім войску зладзілі маштабную праверку боегатоўнасці.

Поўны спіс злучэнняў, якія ўдзельнічалі ў ёй, не абвяшчалі, аднак дакладна вядома, што сярод іх былі 38-я дэсантна-штурмавая (Брэст), 120-я (Мінск), 6-я (Гродна) і 11-я механізаваныя брыгады, а таксама падраздзяленні супрацьпаветранай абароны.

І гэта быў не проста «падрыў»: часці разгарнулі да штату ваеннага часу з выклікам «партызанаў» (у Мінаабароны іх называюць «мабрэсурсам»). Адпрацоўвалі ўвесь цыкл: збор па трывозе, камплектаванне запаснікамі, выезд на палігон, вучэнні. Раптоўнасць была дужа ўмоўнай. Камандзіры падраздзяленняў да моманту атрымання адмысловага пакета сапраўды дакладна не ведалі, ці давядзецца ім браць удзел у праверцы. Аднак чуткі хадзілі, таму афіцэры і жаўнеры ўсё адно былі гатовыя да «падрываў» і магчымых камандзіровак, ведаючы дакладны дзень.

Ваенкаматы таксама рыхтаваліся да праверкі, а вось для «партызанаў» яна сапраўды стала раптоўнай. Часта пра зборы яны даведваліся за дзень да адпраўкі. Прычым часам забіралі людзей, якія рассталіся з зялёнай формай толькі ўвосень. А па прыбыцці ў часці запаснікаў сустракаў яшчэ адзін сюрпрыз: іх чакалі не бадзянне па класах і парках, а палявыя выхады.

Звычайна ў такіх праверках злучэнні не ўдзельнічалі цалкам — прыцягваліся асобныя батальёны. Менш за ўсё пашанцавала слонімскай 11-й мехбрыгадзе: яе поўнасцю разгарнулі да штату ваеннага часу — каля 6 тысяч чалавек.

«У такім маштабе такое мерапрыемства праводзіцца ўпершыню», — заявіў тады міністр абароны Віктар Хрэнін. Аднак варта адзначыць, што, нягледзячы на гэта, высокай інтэнсіўнасцю такія палявыя выхады не адрозніваліся. Асноўны акцэнт рабіўся на збор па трывозе, камплектаванне «партызанамі» і выхад у раён прызначэння.

А на палігонах галоўнай праверкай для падраздзяленняў за некалькі тыдняў часцей за ўсё былі сутачныя вучэнні. Увесь іншы час — арганізацыя побыту, маскіроўка і зрэдку заняткі. «Партызанам» прыстасоўвацца да такога жыцця дапамагаў «градус»: і нават пагрозы камбатаў не маглі спыніць прагі да ўлюбёнага напою.

У Печах «партызанаў» часцей прыцягваюць да абслугоўвання закансерваванай тэхнікі ці праводзяць звычайныя заняткі, але сёлета таксама вырашылі зладзіць палявы выхад.

Далёка ехаць не давялося: 227-ы палігон — найвялікшы ў краіне — усяго за 10 хвілін. Там разбілі намётавы лагер і паставілі тэхніку. 

Мінабароны не забываецца і на тэрытарыяльныя войскі. Хрэнін не хавае: лукашэнкаўцаў уразіў украінскі досвед. З 8 па 29 чэрвеня зборы прайшлі ў «тэрытарыялаў» Лунінецкага раёна. А мінчукоў на пачатку лета здзівілі блокпасты ў горадзе: гэта былі вучэнні тэрабароны Ленінскага раёна горада. Зрэшты, звычайных беларусаў ваенкаматы ў тэрытарыяльныя войскі не запішуць: туды часцей трапляюць былыя сілавікі. 

Таксама беларусаў могуць выклікаць на вучэнні ваенкаматаў. Такія прайшлі з 21 па 30 чэрвеня на Міншчыне. Ля будынкаў з’яўляліся калючы дрот і ўмацаванні.

«Партызанаў» туды выклікалі ненадоўга: спраўджванне даных, пасадка ў аўтобус і ўмоўны ад'езд па маршруце — людзі ў пагонах запэўнівалі, што працэдура зойме паўтары гадзіны. 

Ці варта баяцца выкліку ў ваенкамат?

Пакуль не. Колькасць збораў і выклікаў «партызанаў» павялічылася, але гэта не сведчыць пра намер уступіць у вайну. Без закрыцця межаў (ці хаця б абмежаванняў на выезду за мяжу для мужчын), масавага перамяшчэння войскаў, фармавання ўдарных груповак такія захады нічога не вартыя.

Але рэжым, відавочна, рыхтуецца да патэнцыйнага канфлікту. Адсюль і маштабныя вучэнні з «партызанамі» і ваенкаматамі, змены ў заканадаўстве. Лукашэнкаўцы добра вучацца на чужым досведзе — у расейцаў да частковай мабілізацыі было сем месяцаў, беларусам такі падарунак наўрад ці свеціць. Калі вы не збіраецеся з’язджаць з краіны, пакуль не дойдзе да адкрытай вайны, варта, прынамсі, рыхтавацца да гэтага.

Чытайце таксама:

Добраахвотнік «Янкі»: План па сілавым вызваленні Беларусі — казачны замак. Для гэтага трэба 250 тысяч байцоў

«Цэлая брыгада гатовая была». Лукашэнка заявіў, што быў гатовы паслаць войскі ў Расію для падаўлення мяцяжу

Міністр Хрэнін прыйшоў на сустрэчу з Лукашэнкам з ядзернай бомбай

Клас
2
Панылы сорам
6
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?