Адразу пяць беларусаў былі абраныя на драфце НХЛ — 2023. Гэта рэкорд
Раней клубы Нацыянальнай хакейнай лігі ніколі не выбіралі адразу пяцярых нашых суайчыннікаў на адным драфце. Да сённяшняга чацвярга найбольшае іх прадстаўніцтва было ў 2004 і 2021 гадах — па тры гульцы. А сёлета другі дзень кірмашу талентаў у Нэшвіле аказаўся вельмі прадукцыйным для беларускага хакея, піша канал BYsport.
У трэцім раўндзе пад 85-м нумарам «Анахайм» выбраў Ягора Сідарава з клуба Заходняй хакейнай лігі (WHL) «Саскатун», а пад 88-м «Арызона» — Вадзіма Мароза з мінскага «Дынама».
У чацвёртым раўндзе пад 116-м нумарам «Сіэтл» выбраў Андрэя Лашко з клуба «Руэн-Норанда», што гуляе ў Галоўнай юніёрскай хакейнай лізе Квебека (QMJHL).
У шостым раўндзе пад нумарам 186 «Нью-Джэрсі» задрафтавала Данілу Карповіча з клуба «Аўта» з расійскай Маладзёжнай хакейнай лігі.
Урэшце, у сёмым раўндзе пад 198-м нумарам «Фларыда» выбрала Сцяпана Звягіна з мінскага «Дынама».
Таксама пад 203-м нумарам «Сан-Хасэ» выбраў Ягора Рымашэўскага — ураджэнца Жлобіна з расійскім пашпартам.
Драфт таго ці іншага хакеіста клубам НХЛ, праўда, зусім не азначае, што ён пачне гуляць за гэты клуб, але гэта дае абраным гульцам шанец, які яны могуць скарыстаць, а могуць і не.
Каментары