Расійскія медыя заявілі, што ў Беларусі пачалі будаваць лагеры для размяшчэння «вагнераўцаў». Але «Беларускі Гаюн» не пацвярджае
Сёння журналісты расійскага выдання «Вёрстка» паведамілі, што нібыта ўжо пачалося будаўніцтва лагера ў Асіповічах на 8 тысяч чалавек для байцоў ПВК «Вагнер». Гэтая інфармацыя імгненна разышлася па многіх медыя. Але маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што нічога падобнага няма.
«Вёрстка» грунтавала сваё паведамленне на інфармацыі з «беларускага лясніцтва», якую нібыта пацвердзіла і крыніца, «блізкая да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці». Таксама яна спасылалася і на сведчанні сваякоў удзельнікаў «Вагнера», праўда, без канкрэтыкі, на падставе чутак.
У той жа час маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» заяўляе, што па стане на 17:30 26 чэрвеня можна адназначна сказаць, што за мінулыя суткі не было зафіксавана ніякай актыўнасці ў Асіповіцкім раёне, не кажучы ўжо пра будаўніцтва такога буйнога аб'екта.
«Адзначым, што выклікаюць пэўныя пытанні звесткі замежнага (расійскага) выдання пра тое, што ім удалося атрымаць каментары ад крыніц, блізкіх да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці. Пры тым, што беларускія незалежныя медыя такіх каментароў не атрымлівалі і інфармацыю пакуль не пацвярджаюць», — заявіў «Гаюн».
Маніторынгавая група таксама пакуль не фіксуе ніякіх калон ПВК, якія рухаюцца ў Беларусь ці ўжо знаходзяцца ў краіне.
Каментары