Стваральнік «Чорнага люстэрка» кажа, што выкарыстаў ChatGPT, каб паспрабаваць напісаць адзін з эпізодаў серыяла
Выйшла не вельмі ўдала, але павучальна.
Як паведамляў Gizmodo, штучны інтэлект ужо адказны за скарачэнне як мінімум 4000 працоўных месцаў у ЗША ў маі. Падобная навіна сама па сабе гучыць як пачатак аднаго з эпізодаў «Чорнага люстэрка». На шчасце шоўранера серыяла Чарлі Брукера, ён пакуль, здаецца, у бяспецы.
15 чэрвеня адбылася прэм’ера шостага сезона папулярнай навукова-фантастычнай анталогіі. У інтэрв'ю Empire стваральнік серыяла распавёў, што гуляў з ChatGPT для сваёй уласнай працы, каб напісаць адзін з эпізодаў фільма, але вынікі аказаліся расчаравальнымі і аўтар сам назваў іх лухтой:
«Я крыху пагуляўся з ChatGPT. Першае, што я зрабіў, — гэта набраў «стварыць эпізод «Чорнага люстэрка», і ў выніку атрымалася нешта на першы погляд пераканаўчае, але на другі погляд — глупства».
Згодна з Брукерам, усё, што зрабіў ChatGPT, — гэта знайшоў скарочаны змест усіх эпізодаў «Чорнага люстэрка» і змяшаў іх разам. І хоць на погляд шоўранера там не было ніводнай сапраўднай арыгінальнай думкі, Брукер адзначыў, што ШІ сапраўды паказаў яму некаторыя з ягоных асабістых пісьменніцкіх клішэ.
Як сведчыць эксперымент Брукера, спадзявацца толькі на штучны інтэлект для стварэння цікавага матэрыялу — глупства, прынамсі, пакуль што. Так, напрыклад, тэхнічнае выданне CNET абняславілася пасля таго, як апублікавала дзясяткі артыкулаў, напісаных пры дапамозе ШІ, поўных памылак і плагіяту. Цікава, дарэчы, што першая ж серыя новага сезона серыяла апісвае гісторыю, у якой прасунуты ШІ сам займаецца стварэннем серыяла, вельмі падобнага да «Чорнага люстэрка».
Варта адзначыць, што прызнанне Брукера выйшла ў разгар страйку галівудскіх пісьменнікаў, які працягваецца ўжо другі месяц. Гільдыя пісьменнікаў Амерыкі выступае сярод іншага за скарачэнне грашовых бонусаў кіраўнікоў Netflix, а прафсаюз у тым ліку змагаецца супраць рэвалюцыі штучнага інтэлекту ў сцэнарнай сферы. У той час, як Брукер і гільдыя прызнаюць, што ШІ можа быць інструментам для стварэння лепшага кантэнту, страйкоўцы хочуць даць зразумець студыям, што ШІ не можа разглядацца ў якасці поўнай і канчатковай замены пісьменнікаў-людзей.
Каментары