Рост тарыфаў у ЖКГ адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні
Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў указ «Аб прыняцці мер у галіне цэнаўтварэння», паведаміла ягоная прэс-служба.
Дакумент накіраваны на «забеспячэнне адзінага падыходу ў галіне цэнаўтварэння і ўсталяванне найбольш празрыстага механізму фарміравання экспартных цэн на асобныя тавары».
Гэтым указам унесены змены ва ўказ ад 5 снежня 2013 года № 550, якімі прадугледжана, што максімальна дапушчальны рост плацяжоў насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі не павінен перавышаць 0,5 базавай велічыні (18,5 рубля).
Раней рост камуналкі абмяжоўвалі даляравым эквівалентам. Так, за год сярэдні рахунак на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма зарэгістраванымі жыхарамі мог вырасці не больш, чым на пяць даляраў (13 рублёў).
Каментары