У Беларусі будуць развіваць вытворчасць рэактыўных снарадаў. Пра гэта заявіў журналістам старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, перадае БелТА.
Пантус расказаў, што ў канцы мінулага года Лукашэнка даручыў арганізаваць у Беларусі серыйную вытворчасць боепрыпасаў. За аснову быў абраны самы масавы тып — рэактыўны снарад 122 мм.
Паводле Пантуса, над вытворчасцю гэтых боепрыпасаў у Беларусі сёння працуе больш за 20 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама і Міністэрства прамысловасці. Асобныя з іх маюць прыватную форму ўласнасці.
Прадпрыемства, якое наведаў Лукашэнка, не назвалі, але сказалі, што яно займаецца апошнім этапам зборкі боепрыпасаў. Гэты працэс адбываецца ўручную. Паводле БелТА, «гэта сусветная практыка, бо такая праца патрабуе асаблівай дакладнасці».
Лукашэнку паведамілі аб запуску ў Беларусі серыйнай вытворчасці гэтых боепрыпасаў.
Паводле Лукашэнкі, такія снарады «цяпер запатрабаваныя».
«Яны вельмі патрэбныя і вырашаюць вялікія праблемы на фронце», — сказаў ён.
«Выйдзем на 10—12 тысяч, у нас жа «дыктатура», і калі надавіць, то і 15 тысяч Дзмітрый Аляксандравіч Пантус збярэ», — сказаў Лукашэнка.
Як вядома, Расія ў вайне з Украінай адчувае дэфіцыт боепрыпасаў. Рэжым Лукашэнкі выступае на баку агрэсара.
Каментары
Но, если туда прилетят томагавки, то будет детонация со всеми вытекающими.....