Кіно

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

Абсурдная камедыя пра іншапланецян, сіквелы легендарных фільмаў і бойка паміж «Барбі» і «Опенгеймерам» — гэтым летам у кіно дакладна будзе, што паглядзець. Трымайце гайд па галоўных кінапрэм’ерах найбліжэйшых трох месяцаў.

Кадр з трэйлера «Барбі». Крыніца: ютуб-канал Warner Bros. Pictures

Горад астэроідаў (Asteroid City)

Гэты хіт ад знакамітага рэжысёра Уэса Андэрсана ўжо трапіў у еўрапейскія кінатэатры. Сачыце за рукамі: у амерыканскім тэатры ставяць п'есу па падзеях, што разгортваюцца ў 1955 годзе ў выдуманым гарадку Астэроід Сіці з насельніцтвам у 87 чалавек. Так атрымоўваем аповед, у якім падзеі адбываюцца на двух узроўнях, і ў адзін з іх урываюцца іншапланецяне — вось толькі трэба ім зусім не тое, што вы падумалі.

Як звычайна і бывае са стужкамі Андэрсана, у «Горада астэроідаў» шалёны акцёрскі склад: вы ўбачыце там Тома Хэнкса, Цільду Суінтан, Скарлет Ёхансан, Эдварда Нортана і багата іншых выдатных галівудаўцаў. Гэта камедыя, але не чакайце ад яе вялікіх шчырых пачуццяў. Тут яны глыбока схаваныя пад тэатральшчынай ад Андэрсана.

Афіцыйна стужка выйдзе ў сусветны пракат 23 чэрвеня.

Мэгі Мур(ы) (Maggie Moor(s))

Прэзентуем вам чорную камедыю з зоркамі амерыканскіх серыялаў. Гісторыя такая: ёсць пыльны пустынны гарадок у штаце Арызона, дзе зусім нічога не адбываецца. Вось у такім месцы забіваюць дзвюх жанчын з аднолькавымі імёнамі: як вы маглі здагадацца, кожную з іх завуць Мэгі Мур. Кіраўнік мясцовай паліцыі мусіць расследаваць гэтыя забойствы, але ж сітуацыя выходзіць з-пад кантролю.

Фільм выходзіць у сусветны пракат 16 чэрвеня.

Індыяна Джонс і кола лёсу (Indiana Jones and the Dial of Destiny)

Паводле Харысана Форда, гэта яго апошні фільм у ролі Індыяны Джонса, і ўжо гэта робіць стужку нешараговай. На дварэ 1969 год, не за гарамі высадка амерыканцаў на Месяц. Пажылы, але ўсё такі ж авантурны археолаг Індыяна Джонс незадаволены тым, што падчас касмічнай гонкі амерыканскі ўрад звяртаецца па дапамогу да былых нацыстаў, і гатовы пакласці гэтаму канец. У прыгодзе мужчыну суправаджае маладая хрэсніца, і, вядома, будзе багата экшану.

Дарэчы, якраз гэты самы экшан стаў адной з прычын, чаму стужку ў сёлетніх Канах прынялі неадназначна: адзначалася, што не варта было нагружаць столькімі трукамі састарэлага Форда, нават калі ён іх робіць не сам. Яшчэ адна прэтэнзія прагучала да таго, што нібыта камп'ютарна амалоджаны Індыяна выглядае не надта прывабна. Але ўсё гэта не адмяняе таго факта, што «Кола лёсу» — выдатны прадстаўнік кінафраншызы, таму гэта must see для ўсіх аматараў старыны Джонса, ды і не толькі.

Індыяна Джонс выйдзе ў амерыканскі пракат 30 чэрвеня.

Вясёлая паездка (Joy Ride)

У гэтай камедыі ззяе Стэфані Сюй, сёлетняя намінантка на «Оскар» за ролю ва «Усё паўсюль і адразу». Таму нават калі вам не падабаюцца дзявочыя камедыі, выдатная гульня Сюй і яе таварышак можа вас пераканаць.

«Вясёлая паездка» — гэта гісторыя пра пошук сваіх каранёў. У падарожжа з такой мэтай скіроўваецца ў кампаніі сябровак Одры, амерыканка азіяцкага паходжання. Як гэта заўжды бывае ў такіх глабальных падарожжах, у канцы выяўляецца, што сапраўдная мэта дзяўчат была нашмат больш маштабнай за продкаў ды генеалогію.

Дата выхаду ў сусветны пракат — 7 ліпеня.

«Місія невыканальная: Смяротная адплата. Частка 1» (Mission: Impossible — Dead Reckoning — Part One)

Галавакружныя кадры, элітныя машыны, люксавая стылістыка і чары (60-гадовага!) Тома Круза — як можна было па гэтым не сумаваць? Суперагент Ітан Хант з камандай зноў выратоўваюць свет, а значыць, нас чакае чарговы высакаякасны баявік, на які не шкада выдаткаваць вечар і трошкі грошай на білет.

Сюжэт у такіх фільмах звычайна стаіць не на першым плане, але трохі інфармацыі мы ўсё-ткі маем. Хант з баявымі таварышамі мусяць адсачыць небяспечную зброю да таго часу, як яна трапіць не ў тыя рукі. Хто ж пераможа?

Даведаемся 12 ліпеня, калі стужка з'явіцца ў сусветным пракаце.

Барбі (Barbie)

Магчыма, «Барбі» — гэта і не найлепшы фільм года, але дакладна самы распіяраны. Згадаем хаця б гісторыю з ружовай фарбай: праз тое, колькі яе спатрэбілася для фарбавання дэкарацый, у свеце ўзнік дэфіцыт ружовай фарбы пэўнага адцення.

Нам раскажуць пра Барбі, якую выгналі з казачнага свету ў рэальны праз тое, што яна аказалася неідэальнай лялькай. Будзе шмат яркіх фарбаў, вядомых акцёраў (тыя ж Марго Робі і Раян Гослінг у ролях адпаведна Барбі і Кена), а рэжысуе гэта ўсё зорка незалежнага кіно Грэта Гервіг. Цікава будзе праверыць, чым абернецца гэты хайп — шанец даведацца атрымаем 21 ліпеня.

Опенгеймер (Oppenheimer)

Гэтая стужка выходзіць у пракат у адзін дзень з «Барбі» (21 ліпеня) і па праве спаборнічае з лялечнай гісторыяй за тытул галоўнай летняй прэм'еры. Чаму? Ды хаця б таму, што зняў «Опенгеймера» не хто іншы, як Крыстафер Нолан, адзін з найлепшых рэжысёраў сучаснасці. У галоўнай ролі Кіліян Мёрфі з «Вострых брыляў», яму дапамагаюць цудоўныя Эмілі Блант, Мэт Дэйман і Роберт Даўні-малодшы. Ды там нават Гэры Олдман грае прэзідэнта Трумена!

Фільм заснаваны на гісторыі Роберта Опенгеймера, навукоўца, які стаяў ля вытокаў амерыканскай ядзернай бомбы. Што павінен адчуваць чалавек, прыносячы ў свет наймацнейшую магчымую зброю, якая можа знішчыць чалавецтва? Нолан і Мёрфі шукаюць адказ на гэтае пытанне.

Гран Турызма (Gran Turismo)

Пасля яскравых кінапрэм'ер чэрвеня і ліпеня кінарынак увойдзе ў невялічкае зацішша. І гэта прадказальна, бо які сэнс выпускаць блакбастары, калі патэнцыйныя гледачы пакідаюць на час адпачынку гарады з улюбёнымі кінатэатрамі?

Але калі хочаце пабачыць нешта свежае, прапануем вашай увазе спартовую драму «Гран Турызма». Гэта ўвасабленне гісторыі Яна Мардэнбара, брытанскага гоншчыка. «Гран Турызма» — так называлася відэагульня, якая некалі натхніла Мардэнбара скарыць гоначны свет.

Чакаем гоначную драму ў кінатэатрах па ўсім свеце 11 жніўня.

Белая птушка: Гісторыя цуду (White Bird: A Wonder Story)

Калі жадаеце пабачыць гэтым летам проста добры і шчыры фільм, хутчэй за ўсё, вам на «Белую птушку». За якасць стужкі хвалявацца не прыходзіцца: нават калі невядома, чаго чакаць ад дзяцей-акцёраў, Джыліян Андэрсан і Хелен Мірэн, іх старэйшыя напарніцы, і лаўрэат «Залатога глобуса» рэжысёр Марк Форстэр забяспечаць файнае відовішча.

«Белая птушка» — працяг «Цуда», сямейнай драмы. У другой частцы гісторыя крыху паварочвае ў мінулае: галоўны герой слухае расказы сваёй бабулі-яўрэйкі пра яе юнацтва ў акупаванай нацыстамі Францыі, дзе сям'я аднакласніка хавала яе ад нацыстаў.

Фільм выходзіць у пракат 25 жніўня.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

На экранах — «Русалачка». Ці ўдалося сучаснае пераасэнсаванне?

«Анатомія падзення»: фільм-пераможца Канскага кінафестывалю даследуе жыццё пары, у якім не ўсё так адназначна

Такешы Кітана супраць усіх. Фільм «Kubi» («Шыя») — жорсткая разня, у якой ніхто не варты спачування

Каментары

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы8

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі афрыканцаў падманам прымусілі будаваць беспілотнікі2

Міністр абароны Ізраіля паабяцаў, што атака на Іран будзе «смяротнай, дакладнай і нечаканай»4

Сіноптыкі анансавалі моцныя дажджы на пятніцу1

Мінск патанае ў густым тумане1

Беларуска выйграла конкурс «Місіс Сусвет 2024»12

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы8

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →