Гісторыя22

У палацы першага беларускага арнітолага будзе музей. З пастаўскай рэзідэнцыі Тызенгаўзаў нарэшце з'едзе бальніца

Пастаўскі палац, дзе доўгі час размяшчалася бальніца, можа нарэшце стаць музеем. Гэтай падзеі ў Паставах чакалі шмат гадоў. Мы разабраліся, чым адметны палац і чаму яго аднаўленне важна для ўсёй краіны.

Граф Канстанцін Тызенгаўз на медальёне працы французскага скульптара Эжэна-Антуана Эзлена на фоне Пастаўскага палаца

Пра будаўнічыя планы газеце «СБ. Беларусь сегодня» распавёў старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. 

Паводле ягоных слоў, цяпер праектуецца новы бальнічны корпус, які ўключаны ў рэспубліканскую інвестыцыйную праграму. Узвесці яго плануюць ужо ў наступным годзе. У новы будынак пераедзе некалькі аддзяленняў з палаца Тызенгаўзаў, які ўжо не адпавядае неабходным умовам аказання медыцынскіх паслуг.

Тызенгаўзы, якія паходзілі з тэўтонскага рыцарства, завалодалі Паставамі праз шлюб. У 1722 годзе Ганна, адзіная спадчынніца маёмасці Бяганскіх, прынесла мястэчка ў якасці пасагу свайму мужу Бенядзікту Тызенгаўзу. Неўзабаве, праўда, выявілася, што гэтыя землі былі закладзеныя і абцяжараныя вялікімі даўгамі, што выклікала канфлікт паміж Тызенгаўзамі і Бяганскімі, але ўрэшце Паставы засталіся ва ўласнасці нямецкага роду.

Партрэт заснавальніка пастаўскай сядзібы Антонія Тызенгаўза за архітэктурнымі праектамі. Ян Рустэм, 1819. Літоўская нацыянальная бібліятэка імя Марцінаса Мажвідаса

Сыны Бенядзікта, Антоні, Міхал і Казімір, падзялілі паміж сабой у 1755 годзе спадчыну бацькі, у тым ліку Паставы. Прадпрымальны Антоні Тызенгаўз неўзабаве выкупіў у сваякоў іх часткі маёнтка і стаў адзіным уласнікам Паставаў. Кар’ера Антонія хутка пайшла ўгару, адну за адной ён змяняў пасады вялікага літоўскага пісара, канюшага, надворнага падскарбія.

У 1765 годзе ён быў прызначаны адміністратарам Гродзенскай, Брэсцка-Кобрынскай, Шавельскай, Аліцкай і Магілёўскай каралеўскіх эканомій, што значна палепшыла ягонае фінансавае становішча. Ён будуе на Гарадніцы ў Гродне прамыслова-культурны цэнтр з уласным палацам, гарадскі палац у Вільні і, нарэшце, распачынае будаўніцтва сваёй радавой рэзідэнцыі ў Паставах. Усе тры палацы спраектаваў прыдворны каралеўскі архітэктар, італьянец Джузэпэ дэ Сака (мы нядаўна распавядалі пра іншы ягоны твор — Свяцкі палац), які таксама ўзяў удзел у стварэнні гродзенскіх мануфактур Тызенгаўза.

Сучасны від порціка на фасадзе палаца Тызенгаўзаў у Паставах. Фота: Wikimedia Commons

Як і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Антоні Тызенгаўз быў прыхільнікам актыўнага эканамічнага і палітычнага рэфармавання Рэчы Паспалітай. Іхняя дзейнасць не задавальняла як суседнія краіны, якіх Рэч Паспалітая цікавіла выключна слабай і няздольнай супрацьстаяць захопніцкім планам, так і шматлікую шляхту, якая бачыла ў рэформах пасягальніцтва на свае прывілеі.

Да таго ж не спрацавала гаспадарчая палітыка Тызенгаўза: многія з пабудаваных ім мануфактур аказаліся нерэнтабельнымі — праз гэта ў 1780 годзе ён быў адхілены ад кіравання эканоміямі. Будаўніцтва пастаўскай рэзідэнцыі, дзе да таго часу ўжо былі выбудаваныя два бакавыя флігелі (кухонны і стайневы), падмурак палаца і заснаваны пейзажны парк з сажалкамі, было спынена. 

Пасля смерці Антонія ў 1785 годзе Паставы адышлі да ягонай пляменніцы Соф’і, жонкі апошняга мсціслаўскага ваяводы Францішка Ксаверыя Хамінскага, якая не пакінула нашчадкаў. Пасля смерці Соф’і маёнтак адышоў да яе стрыечнага брата Ігнацыя Тызенгаўза, які запісаў яго свайму сыну Канстанціну Тызенгаўзу.

Мініяцюрны партрэт маладога Канстанціна Тызенгаўза, створаны Валянцінам Ваньковічам. Фота: Wikimedia Commons

Малады Канстанцін у часе навучання ў Віленскім універсітэце трапіў пад уплыў прафесара Станіслава Баніфацыя Юндзіла, аднаго з першых даследнікаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі. Гэтае знаёмства з выдатным батанікам і заолагам прадвызначыла яго далейшае жыццё.

Акрамя здольнасцяў да прыродазнаўчых навук, Канстанцін Тызенгаўз меў таксама і здольнасці мастацкія. У часе жыцця ў Варшаве ён браў урокі малявання ў такіх польскіх майстроў, як Ян Пётр Норблін і Аляксандр Арлоўскі. Таксама ён меў прыгожы голас, граў на некалькіх інструментах, у тым ліку на віяланчэлі.

Падчас уварвання Напалеона ў Расійскую Імперыю ў 1812 годзе, як і многія прадстаўнікі шляхты, ён далучыўся да ягонай арміі. Напалеон паабяцаў шляхце аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага, праўда, адклаў гэтае пытанне да канца вайны. Але гэтая напалеонаўская кампанія скончылася поўным правалам, і планам ужо не наканавана было здзейсніцца. Шляхце, якая здрадзіла імперыі, пагражала канфіскацыя маёмасці і выгнанне, аднак ужо ў маніфесце ад 12 снежня 1812 года імператар Аляксандр І абвясціў пра «ўселітасцівейшае агульнае і прыватнае дараванне, аддаючы ўсё мінулае вечнаму забыццю і глыбокаму маўчанню». 

Амністыя дазволіла Канстанціну Тызенгаўзу прыкладна ў 1814—1815 гадах вярнуцца з французскага Клермона на радзіму і пасяліцца ў бацькаўскім маёнтку ў Паставах. Менавіта гэты перыяд адзначыўся росквітам радавой рэзідэнцыі Тызенгаўзаў. 

Пастаўскі палац у 1896 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Канстанцін аднавіў будаўнічыя працы, кінутыя яшчэ пры Антонію. Ён дабудаваў сам палац і павялічыў ранейшыя флігелі. Паўночная частка класіцыстычнага палаца была цалкам прызначаная для заняткаў навукай і мастацтвам. 

Пры Канстанціну была створана сапраўдная мастацкая галерэя, у якой, акрамя твораў жывапісу, былі і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з мармуру і алебастру. Паводле звестак знакамітага гісторыка Аляксандра Пшаздзецкага, зяця Канстанціна, да 1840 года ў Пастаўскім палацы знаходзілася больш за 600 экспанатаў.

Сярод найбольш каштоўных былі карціны «Збавіцель свету» Леанарда да Вінчы, «Хвароба Антыёха» Паала Веранезэ, «Партрэт мужчыны ў іспанскім касцюме» Тынтарэта, «Зняцце з крыжа» Пітэра Рубенса, «Адам і Ева» Альбрэхта Дзюрэра, «Маскарад у Венецыі» Пітэра Брэйгеля. Акрамя палотнаў заходнееўрапейскіх мастакоў, у калекцыі знаходзіліся карціны такіх айчынных майстроў, як Ян Рустэм, Францішак Смуглевіч, Ян Дамель і Шыман Чаховіч.

Канстанцін Тызенгаўз на малюнку аўстрыйскага мастака Ёзэфа Крыгубера. 1859—1865. Фота: Wikimedia Commons

Тут, у Паставах, Канстанцін самааддана заняўся фаўністыкай, найбольшую ўвагу прысвячаючы птушкам. Разам са сваім таксідэрмістам Міхалам Скіндэрам прэпараваў шматлікія экзэмпляры птушак і звяроў з навакольных мясцін Віленшчыны. Каб мець магчымасць параўноўваць птушак з розных месцаў і частак свету, ездзіў у экспедыцыі па краі і за яго межы, у тым ліку на Гродзеншчыну, на Піншчыну, у Карпаты, на Падолле, у Бесарабію, на ўзбярэжжа Чорнага мора. Там ён здабываў не толькі новыя экспанаты для сваёй знакамітай калекцыі, але і новы досвед, новыя знаёмствы з навукоўцамі. 

Больш за два дзясяткі відаў птушак замалявана Канстанцінам Тызенгаўзам. Нацыянальны мастацкі музей імя Чурлёніса

Паступова калекцыя ператварылася са сціплага збору мясцовых відаў у рабочым кабінеце даследчыка ў адзін з найбуйнейшых музеяў у Еўропе. Калекцыя арніталагічнага музея, пад які Канстанцін прыстасаваў вялікую залу Пастаўскага палаца, налічвала каля 3000 відаў птушак з усяго свету, а таксама значную колькасць птушыных яек. У палацы таксама былі кабінеты заалогіі, мінералогіі і этнаграфіі краю.

Назбіраў ён і вялікую бібліятэку па натуральнай гісторыі, дзе, па сведчанні ягонага калегі Антонія Вагі, меліся «скарбы, якіх ніколі не было ў Польшчы»: працы Буфона; твор Адзюбона з выявамі амерыканскіх птушак, які сёння ёсць самай дарагой кнігай у свеце; выдатныя манаграфіі Гоўлда; вялікія і каштоўныя альбомы англійскіх, французскіх і нямецкіх арнітолагаў.

«Czayka. Bojownik. / Tringa. Pugnax» — самец турухтана ў шлюбным уборы на малюнку Канстанціна Тызенгаўза. Нацыянальны мастацкі музей Літвы імя Чурлёніса 

З 1831-га года Канстанцін Тызенгаўз апублікаваў больш за 20 навуковых прац, напісаных на польскай, лацінскай і французскай мовах. Менавіта багатыя ўласныя зборы дапамаглі яму ў напісанні кніг. Першая ягоная кніга «Асновы арніталогіі, навукі аб птушках» выйшла ў 1841 годзе і была прысвечана прафесару Юндзілу, у 1843—1846 гадах пабачыла свет і трохтомная «Агульная арніталогія, альбо апісанне птушак усіх частак свету». Дзякуючы сваім мастацкім здольнасцям Тызенгаўз большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна.

Звычайная ківі ў трэцім томе «Агульнай арніталогіі» Тызенгаўза, 1846 г.

Незадоўга да сваёй смерці Канстанцін Тызенгаўз пачаў выдаваць у Парыжы апісанне яек усіх птушыных парод паўночна-заходніх абшараў Расійскай Імперыі. Аднак смерць, якая напаткала яго 28 сакавіка 1853 года ў Паставах, не дазволіла здзейсніць задуманае.

Пасля смерці Канстанціна Тызенгаўза па волі нябожчыка ягоны сын Райнальд перадаў калекцыю арніталагічнага музея, якая складалася з 1093 чучал птушак і 252 відаў птушыных яек і гнёздаў, Віленскай археалагічнай камісіі, дзе яна стала асновай арніталагічнага кабінета. 

У Беларусі, як звычайна бывае, не засталося анічога з багатай мастацкай і навуковай спадчыны Тызенгаўзаў. Пад канец XIX стагоддзя галоўнай сядзібай Тызенгаўзаў становяцца Рокішкі (цяпер горад Рокішкіс у Літве), Паставы страчваюць сваё былое значэнне. Перад Першай сусветнай вайной сямейны архіў Тызенгаўзаў і частка карцін былі вывезеныя праўнукам Канстанціна, Райнальдам Пшаздзецкім, у бібліятэку ардынацыі Пшаздзецкіх па вуліцы Фоксал у Варшаве. Іншая частка пакінутых мастацкіх збораў, а таксама бібліятэка былі перавезеныя ў Кіеў і, паводле ўмоў Рыжскага дагавора, былі ўрэшце таксама перададзеныя Польшчы. 

Калібры. Малюнак Канстанціна Тызенгаўза. Рокішская сядзіба

У часе Другой сусветнай вайны палац займала нямецкая кавалерыйская часць. Пасля вайны ў 1947 годзе палац быў адрамантаваны і перабудаваны ўнутры, што прывяло да страты дэкору. У 1960-я гады былы палац прыстасаваны пад раённую бальніцу, якая займае яго дагэтуль. 

Ужо шмат гадоў мясцовыя жыхары мараць аб тым, каб палац быў адноўлены і ў ім адкрылі музей. У гэтым кірунку нават былі зробленыя пэўныя крокі. Так, у чэрвені 2014 года ў рамках фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у адрамантаваным падвале палаца размясцілася экспазіцыя, прысвечаная… Санкт-Пецярбургскай кавалерыйскай афіцэрскай школе. Гэта зусім не выпадкова, бо ў пастаўскім маёнтку графа Пшаздзецкага, да якога ён перайшоў ад Тызенгаўзаў, калісьці размяшчалася філія гэтай установы — школа палявання з ганчакамі.

На помніку, пастаўленым побач з палацам, Канстанцін Тызенгаўз разам з птушкамі. Фота: Wikimedia Commons

Але і Тызенгаўзы таксама «падступаюць» да свайго колішняга палаца: да фасада даўно прымайстраваны іх родавы герб «Буйвал», а побач з уваходам пастаўлены помнікі Антонію і Канстанціну Тызенгаўзам. Цяперашняя навіна аб тым, што бальніца нарэшце пакіне гістарычны палац, дае надзею, што тут усё ж з’явіцца музей, прысвечаны заснавальніку беларускай арніталогіі. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

 

 

 

 

Каментары2

  • Літвін
    12.06.2023
    Выселіць бы з яшчэ аднаго палаца насельніка. Тады б зажылі. 
  • Голас з Лукашва
    13.06.2023
    Выдатны артыкул!

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Шайгу заявіў пра падрыхтоўку беларускіх экіпажаў комплексаў «Іскандэр»1

Міністр фінансаў Селіверстаў пра «Арэшнік» у Беларусі: Можа, Захад здыме санкцыі адразу10

Фрыдман: Эпоха ліберальнай дэмакратыі завяршаецца23

Бондарава хоча ўмяшацца і ў медыцыну — забараніць аборты і замарозку яйцаклетак5

Іспанскі галоўны трэнер працягнуў кантракт са зборнай Беларусі, хоць задачу не выканаў

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся па роўмінгу. Вось колькі будзе каштаваць інтэрнэт9

Індыя і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка адхрысціліся ад праекта стварэння валюты БРІКС

Лукашэнка папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі «Арэшнік»15

Стала вядома, што з сябе ўяўляе тыповы беларускі блогер

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →