РПЦ абвясціла пацыфізм ерассю, несумяшчальнай з праваслаўным вучэннем
Царкоўны суд Расейскай праваслаўнай царквы абвясціў пацыфізм ерассю. Пра гэта сказана ў матэрыялах справы царкоўнага суда аб пазбаўленні сану кастрамскога святара Іаана Бурдзіна, які выказваўся супраць агрэсіі Расеі супраць Украіны, гэта заўважыў «Белсат».
6 сакавіка 2022 года іерэй Іаан Бурдзін у казані сказаў, што моліцца за мір на ўкраінскай зямлі. Адзін з прысутных паведаміў пра гэта паліцыі. На святара склалі пратакол за дыскрэдытацыю Узброеных сілаў Расеі. Таксама яго абвінавацілі ў публікацыі на парафіяльным сайце, якая асуджае «спецыяльную ваенную аперацыю» ва Украіне, а таксама ў падпісанай ім заяве пра тое, што хрысціяне не могуць «заставацца ў баку, калі брат забівае брата, хрысціянін — хрысціяніна».
Суд прызнаў святара вінаватым і аштрафаваў на 35 000 расейскіх рублёў. Пасля гэтага ён таксама быў вымушаны пайсці за штат і пакінуць настаяцельства. Бурдзін паспрабаваў перайсці ў Балгарскую праваслаўную цэркву, але для гэтага яго мусілі адпусціць з РПЦ. Аднак 16 сакавіка 2023 года Бурдзіна забаранілі ў служэнні, а на 16 чэрвеня прызначылі царкоўны суд.
Пацыфізм радыкальна разыходзіцца з пазіцыяй РПЦ
У матэрыялах царкоўнага суда над Бурдзіным адзначаецца, што «ён спрабуе паўстаць у вобразе паслядоўнага пацыфіста, чужога палітычнай ангажаванасці, сцвярджаючы пры гэтым, што пацыфізм выцякае з вучэння Хрыста».
«Пацыфізм, якім святар Бурдзін спрабуе прыкрыцца ад абвінавачанняў у яго адрас, не сумяшчальны з сапраўдным вучэннем Праваслаўнай царквы, у прыватнасці выкладзеным у «Асновах сацыяльнай канцэпцыі». Пацыфізм у розныя эпохі царкоўнай гісторыі прысутнічаў у ерэтычных дактрынах», — гаворыцца ў матэрыялах суда.
Дый агулам, заяўляюць у РПЦ, пацыфізм Бурдзіна «ўяўны, аднабакова арыентаваны, за ім выразна бачная яго антырасейская палітычная пазіцыя, якая ў нашай краіне ўспрымаецца як непрымальная і, што важна падкрэсліць, якая радыкальна разыходзіцца з пазіцыяй Расейскай Праваслаўнай Царквы, яму, несумненна, вядомай».
Вінавацяць Бурдзіна і ў парушэнні мноства кананічных правілаў, якія датычаць тэмы падпарадкавання, у тым ліку «цару або князю».
У Кіеве будуць маліцца за Івана Мазепу. Анафема яму была абвешчана 300 гадоў таму
«Нашы свецкія людзі — больш прыстойныя і сумленныя за архірэяў, якія даўно забыліся, як павінны рабіць вернікі». Апублікавалі «духоўны запавет» уладыкі Арцемія
Упершыню прайшло беларускае набажэнства ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата
Каментары
Менчукі хворыя на ардынскі (стакгольмскі) сіндром ? "8 чэрвеня 1933 г. сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала і старшыня СНК БССР Мікалай Галадзед атрымалі сакрэтны ліст з Нараўлянскага раёна. Непісьменная пісулька на беларускай мове, у якой мясцовыя кіраўнікі скардзіліся на страшэнны голад у сваім раёне: “На гэтых днях (2 чэрвеня) меў мейсца з рада вон выходзячы факт: гр. в. Ціхін (Акопскага сельсавету) Сікорская ноччу зарэзала свайго 9-гадовага дзіцяці. Частку ўнутранасцей пасьпела паесьці, назаўтра ўтопіла другога дзіцяці і памерла сама ад істошчэньня”. Такі жудасны факт прыводзілі нараўлянскія начальнікі і слёзна заканчвалі сваё пасланне: “Без сур’ёзнай дапамогі рэспубліканскага цэнтру абысціся не зможам”.
"Такое ж бядотнае становішча было і ў суседнім Ельскім раёне, аб чым чэкісты рапартавалі ў Менск. У 200 сем’ях з 250 аднаасобных гаспадарак дзеці і дарослыя апухлі ад голаду, за два месяцы з-за схуднення памерла 20 чалавек. “Аднаасобнік хутара Рэдзька Калодзей Мікіта, каб не бачыць пакуты галоднай сям’і, запёр у хаце жонку і трох малалетніх дзяцей, забіў наглуха дзверы і вокны, пасля чаго сам некуды знік. Жонка і двое дзяцей Калодзея ўжо памерлі, аднаго малога выратавалі суседзі. У в.Меляшковічы ўдава Ціханава Ульяна з голаду кінула траіх дзяцей і сышла няведама куды”, – прыводзілі жудасныя прыклады чэкісты.
На Гомельшчыну з Менска выехала спецыяльная камісія для праверкі фактаў. 21 чэрвеня Бюро ЦК КП(б)Б занесла ў пратакол: у Ельскім і Нараўлянскім раёнах мор закрануў да 60 працэнтаў насельніцтва. Людзі ядуць не толькі “ліпавае лісце, верас, мох і мякіну, а ў некаторых гаспадарках нават катоў, сабак і конскую падаль”. Сталічныя таварышы вымушаны былі прызнаць факт канібалізму: “У в. Акопы… жонка бедняка, пайшоўшага на працу ў горад, вярнулася дадому і знайшла свайго сына Валодзю мёртвым, адрэзала ногі дзіцяці і зварыла са шчаўем. Паела шчаўя сама і пакарміла другое дзіцянё. Назаўтра памерла сама і другое дзіцё”.