Галоўны трэнер «Пары Сен-Жэрмен» Крыстоф Гальцье паведаміў на прэс-канферэнцыі, што аргенцінскі форвард Ліянэль Месі пакіне клуб пасля заканчэння сезона.
Словы трэнера прыводзіць L'Equipe.
«Я меў гонар трэніраваць найлепшага футбаліста ў гісторыі, — заявіў Гальцье. — Гэта будзе яго апошні матч на стадыёне Парк-дэ-Прэнс, і я спадзяюся, што яго выхад на поле сустрэнуць самым цёплым чынам».
У гэтым сезоне Месі забіў 21 гол і зрабіў 20 галявых перадач, а агулам, гуляючы за ПСЖ, ён забіў 32 мячы ў 74 матчах.
Такім чынам, матч супраць «Клермона» ў апошнім туры стане для Месі апошнім у складзе «ПСЖ», куды ён перайшоў у пазамінулым годзе пасля 18 гадоў у «Барселоне».
Дзе працягне кар'еру чэмпіён свету па футболе — загадка. Ён можа перабрацца ў Саудаўскую Аравію, вярнуцца ў «Барселону», або пераехаць у ЗША ў «Інтэр» Маямі, адным з уладальнікаў якога з'яўляецца Дэвід Бэкхем. Праўда, «Інтэр» зараз займае апошняе 15-е месца ва Усходняй канферэнцыі. У клуба чатыры запар паразы ў апошніх матчах.
Каментары