«І ў бой не страшна ісці». У Нацгвардыі Украіны паказалі мабільны барбершоп для вайскоўцаў
Работнікі індустрыі прыгажосці арганізавалі сапраўдны мабільны барбершоп для вайскоўцаў на запарожскім кірунку.
«Барбершоп» складаецца з імправізаванага цырульніцкага століка і чамадана з усімі неабходнымі інструментамі, піша «Украінская праўда».
Адзін з тых, хто скарыстаўся такой паслугай, — баец з пазыўным Гром. Нацгвардзеец расказаў, што абраў кароткую стрыжку.
«Магу сказаць, што фрызура вельмі ўплывае на настрой, адчуваеш сябе ўпэўнена ва ўсім, тады і ў бой не страшна ісці», — адзначае вайсковец.
Баец з пазыўным Гісторык узрадаваўся, што нарэшце будзе мець любімы паўбокс, а таксама падстрыжаную бараду.
«Цяпер на вайскоўцаў усе глядзяць, бяруць прыклад, таму важна выглядаць на ўсе сто адсоткаў», — адзначае хлопец.
Барберы заўважылі, што байцы на фронце часта пазбаўленыя элементарных рэчаў.
«Мы рады, што ў нас адбылося такое супрацоўніцтва, і самае галоўнае, што гэта аказалася патрэбным для вайскоўцаў», — распавялі яны.
Таксама яны дадалі, што і надалей будуць праводзіць такія дабрачынныя акцыі, і паабяцалі, што абавязкова прыедуць да абаронцаў яшчэ.
Каментары