«Чалавек выключнай выхаванасці». Сукамернік расказаў пра зняволенага экс-дырэктара БелаПАНа Дзмітрыя Наважылава
Былога дырэктара БелаПАН Дзмітрыя Наважылава летась асудзілі на 6 гадоў зняволення паводле абвінавачання, звязанага з пратэстамі 2020 года. Сукамернік Віталь Казлоўскі расказаў «Радыё Свабода» пра месяцы, праведзеныя з журналістам.
«Чалавек выключнай эрудыцыі і выхаванасці»
Сукамернік Наважылава Віталь Казлоўскі расказвае:
«Справа была — каля 80 тамоў. Дзмітры, як вяртаўся ў камеру пасля чарговага азнаямлення, дзіву даваўся: папрыдумлялі лухты, ніякіх доказаў няма, усё высмакталі з пальца».
Віталь Казлоўскі сам з Браслава, але ў 2020 годзе жыў у Менску. Летась у канцы красавіка Казлоўскага асудзілі на 2 гады «хіміі» паводле 342-га артыкула, за ўдзел у пратэстах. Тры месяцы да суда мужчына правёў у камеры №66 СІЗА на Валадарскага. Паводле Віталя, тых, з кім давялося сядзець падчас следства, а гэта прыблізна 20 чалавек, яму больш за іншых запомніўся якраз журналіст Дзмітры Наважылаў. Гэтым знаёмствам Віталь ганарыцца.
«Дзмітры — чалавек выключнай эрудыцыі і выхаванасці. Ён шмат чытаў, дзяліўся з намі думкамі і ведамі. Яшчэ ён выдатна ладзіць з людзьмі: з навічкамі і старажыламі, з палітычнымі і крымінальнікамі — з усімі знаходзіў агульную мову, ставіўся да ўсіх паважліва, роўна, і яго ўсе паважалі. У камеры бывалі канфлікты, але з ім — ніколі і ні ў кога. Ён прыўнёс інтэлігентнасць у жыццё сукамернікаў», — успамінае Віталь Казлоўскі.
З Дзмітрыем Наважылавым Віталь быў суседам па «шконцы» — двухпавярховым жалезным ложку. У камеры было шэсць такіх двухпавярховых ложкаў, вольнага месца заставалася зусім мала. І ўсё ж вязні займаліся фізічнымі практыкаваннямі, каб падтрымаць здароўе. Паводле Віталя, ягоны сукамернік Дзмітры Наважылаў быў сярод самых актыўных у гэтых занятках, а таксама ніколі не ўхіляўся ад прагулак у турэмным дворыку і сам не курыў цыгарэт.
«Ён чалавек вельмі ветлівы, не тое што мацюкоў — грубага слова ад яго ніхто не чуў. Калі іншыя хлопцы ўжо вельмі шмат накураць, ён пачынаў размову пра шкоду здароўю, і на некаторых гэта дзейнічала лепш, чым нудныя натацыі».
«Вы не ў санаторый трапілі»
Але галоўнай праблемай «Валадаркі» ў 2022 годзе, паводле Віталя, былі ўсё ж не дрэнныя бытавыя ўмовы і скучанасць, а свавольства адміністрацыі. Асабліва яскрава гэта выяўлялася ў тым, што вязням абмяжоўвалі перапіску. Палітычных гэта тычылася абавязкова.
«Наважылаў казаў, што ў першыя месяцы ў СІЗА атрымліваў лісты ад 70 адрасатаў: сяброў, знаёмых, проста людзей, якія спачуваюць яму. Але потым ліставанне абмежавалі толькі сваякамі, ды і то самымі блізкімі. Калі я «заехаў», у мяне было тое самае — спачатку шмат, потым амаль нічога, і мяне гэта вельмі напружвала.
Але якраз досвед і прыклад Дзмітрыя дапамог авалодаць сабой, не разгубіцца, захаваць псіхалагічную ўстойлівасць. Дарэчы, мы паспрабавалі змагацца: на чарговым абыходзе паскардзіліся правяральніку, што лісты не даходзяць, хаця мы дакладна пра іх ведаем. Вядома, гэта не дапамагло. Затое атрымалі красамоўны каментар, які дэманструе стаўленне да нашых правоў. Афіцэр адказаў нам літаральна гэтак: «А вы што, у санаторый трапілі? Мусіце ведаць, дзе знаходзіцеся і за што».
Другім прыкладам нядобрага стаўлення адміністрацыі «Валадаркі» да сваіх абавязкаў Віталь назваў тое, як там арганізавалі лячэнне вязняў падчас эпідэміі кавіду. «У Дзмітрыя, паводле сімптомаў, быў кавід, але абследавання не правялі, ды з медычнай дапамогі — толькі таблетка. І гэтак з усімі».
Навучыў аддзяляць прапаганду ад навінаў
24 лютага 2022 года Расея напала на Украіну. Вязні 66-й камеры «Валадаркі» даведаліся пра гэта ў той жа дзень з навінаў па тэлевізары, у якіх паказалі выступ Уладзіміра Пуціна. Рэакцыя камеры не была адназначнай. Некаторыя ўсё ж сказалі, што Украіна доўга не пратрымаецца, як успамінае Віталь. Але Наважылаў, кажа Віталь, ацаніў падзею інакш і паступова навучыў сукамернікаў глядзець навіны «праз кадр».
«Дзмітры адразу назваў гэтак званую «спецаперацыю» злачыннай вайной, якая не прынясе перамогі. Увогуле ён навучыў камеру разбіраць «па костках» навіны ў тэлевізары. Расейцы дакладаюць пра пантонны мост? Значыць за пераправу ідуць жорсткія баі, украінцы супраціўляюцца, не здаюцца. І ён не памыліўся. Кіева за тры дні не атрымалася ўзяць. Паступова ў камеры вучыліся бачыць сутнасць таго, што адбываецца на вайне, і не паддавацца на прапаганду».
Паводле былога вязня «Валадаркі», захоўваць душэўную раўнавагу Дзмітрыю Наважылаву дапамагаў не толькі жыццёвы досвед і розум.
«Наважылаў адэкватна ацэньваў тое, што адбываецца ў краіне, і тое, што яго чакае немалы прысуд. Ён такі паводле складу натуры — рэаліст, разважлівы, не схільны да ілюзій. Але да іншых людзей вельмі чуллівы і спагадлівы».
Віталь Казлоўскі ўспамінае, як журналіст дзяліўся з сукамернікамі харчамі і рэчамі з кожнай перадачы, якія атрымліваў ад сямейнікаў і сяброў.
«Штораніцы і штовечар пэўны час ён праводзіў у малітве перад абразком. Малітвы нам вельмі дапамагалі. Я каталік, ён праваслаўны. Мы маліліся ў адзін час, і я ведаю, што ён прасіў заступніцтва не толькі для сябе. Маліўся за сваякоў, сяброў, знаёмых, за невядомых палітвязняў, якія таксама пакутуюць, як ён. І цяпер, пэўна, моліцца», — мяркуе Віталь Казлоўскі.
«Сядзіць у Віцьбе-3»
У красавіку 2022 года Віталю Казлоўскаму прысудзілі «хімію» і вызвалілі ў зале суда. Далей яму трэба было чакаць з міліцыі прызначэння месца адбыцця пакарання, але ён не стаў выпрабоўваць лёс і выехаў з Беларусі. Цяпер былы палітвязень жыве і працуе ў Вільні.
«Тут жыву добра, але вельмі непакоюся за свайго Дзмітрыя Наважылава. Ведаю пра яго цяперашні стан толькі тое, што ён адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба-3», якая пад Віцебскам. Але больш нічога. На акцыі салідарнасці прыходжу з ягоным партрэтам, каб нагадаць пра гэтага чалавека, які гэтак мне дапамог. Адчуваю, што абавязаны яму, і вельмі хачу яму дапамагчы», — кажа былы палітвязень Віталь Казлоўскі.
Справа БелаПАН
Кіраўніцтва БелаПАН затрымалі 18 жніўня 2021 года. Прысуд абвясцілі ў кастрычніку 2022 года. Экс-дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава прызналі вінаватым у стварэнні і дзейнасці ў складзе «экстрэмісцкага фармавання», а таксама ў нясплаце падаткаў, і асудзілі на 6 гадоў зняволення. Сваёй віны экс-дырэктар БелаПАН не прызнаў, як і другія фігуранты справы.
Дырэктарку БелаПАН Ірыну Леўшыну асудзілі на 4 гады зняволення; былога намесніка дырэктара агенцтва і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, якога абвінавацілі яшчэ і ў здрадзе дзяржаве, на 14 гадоў; Ірыну Злобіну, цяпер жонку Андрэя Аляксандрава, пакаралі 9 гадамі зняволення.
Андрэй Аляксандраў адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у Гомельскай жаночай калоніі.
Каментары