Грамадства2727

Дубавец: Масонства паляпшае якасць, дакладней, чалавечнасць грамадства

Галоўны масон Беларусі Сяргей Дубавец у чарговым выпуску ютуб-канала «Жыццё-маліна» расказаў пра тое, як праходзіць ініцыяцыя ў ложу, ці ёсць масоны сярод атачэння Лукашэнкі і Ціханоўскай і адкуль у Беларусі Вялікая масонская ложа.

Сяргей Дубавец Сергей Дубовец Siarhiej Dubaviec
Сяргей Дубавец падчас інтэрв'ю. Стоп-кадр відэа

Перш чым перайсці да сучаснасці, Сяргей Дубавец расказаў гісторыю, як у Вільні ў 1910 годзе, калі масонства было на піку свайго ўплыву, была заснаваная масонская ложа «Адзінства». Актыўны ўдзел у гэтым бралі віленскія краёўцы. Членамі ложы былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, палякі, літоўцы, яўрэі. Аднымі з найбольш дзейсных яе стваральнікаў былі браты Антон і Іван Луцкевічы — пачынальнікі беларускага адраджэння і, у будучыні, удзельнікі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сярод актывістаў ложы быў і доктар Цэмех Шабад, які стаў правобразам доктара Айбаліта. «Карней Чукоўскі часта прыязджаў да свайго сябра і з яго спісаў свайго героя. Таму доктар Айбаліт — таксама масон», — жартуе Дубавец.

Што дае масонства

У масонстве ў кожнай краіне ёсць вялікія ложы. Сяргей Дубавец — яе кіраўнік. Па яго словах, дзейнасць ложы ажыццяўляецца паводле рытуалу самаўдасканалення чалавека, каб ён станавіўся больш добрым да іншых, больш эмпатычным. Дубавец лічыць, што масонства паляпшае якасць, дакладней, чалавечнасць грамадства. Пры гэтым чалавек, які не верыць у Бога, не можа быць масонам.

«Гэта якраз выпрацоўваецца ў масонскіх рытуалах. Пасля таго, што гэты чалавек, які ў свецкім жыцці цалкам можа быць кім заўгодна, ад сантэхніка да караля і прэзідэнта, ён проста прыходзіць у гэты свет трошкі палепшаны. Сам жа рытуал — таямніца», — расказвае Дубавец.

Вялікі магістр Вялікай масонскай ложы Беларусі патлумачыў, што ў масонстве ёсць дзве таямніцы. Першая — рытуал. Другая — прыналежнасць. Але іх наяўнасць параджае ў грамадстве новыя таямніцы. «Калі ёсць дзве таямніцы, то можа вырасці яшчэ і сорак восем. Але іх ствараем не мы. Само масонства новых таямніц не стварае з 1717 года», — кажа ён.

На думку Дубаўца, каб у Беларусі была значная колькасць масонаў, то краіна была б значна дабрэйшая. «Напрыклад, постсавецкія краіны. Паўсюль адрадзілася масонства. Колькасць масонаў у Эстоніі — больш за тысячу. Гэта краіна па ўсіх паказчыках — найлепшая краіна для жыцця сярод постсавецкіх краін.

Колькасць братоў у Эстоніі ў працэнтных адносінах каласальна перавышае колькасць ва ўсіх астатніх постсавецкіх краінах. Гэта добры прыклад. Там больш добрых людзей. Тых, хто не зробіць подласці і ніколі ў ёй не будзе ўдзельнічаць».

Дубавец адзначае, што ў атачэнні Лукашэнкі і Ціханоўскай масонаў няма. Калі б яны былі, то ён бы іх ведаў. Віктар Бабарыка таксама не мае дачынення да масонаў.

Ініцыяцыя, чэрап і масоны ва ўрадах

Падчас прыёму ў ложу чалавек адказвае на некаторыя пытанні для таго, каб браты разумелі яго сутнасць. Напрыклад, такія пытанні: што я павінен свету, што я павінен сабе, што я павінен Айчыне?

Сяргей Дубавец расказаў, што чалавек адказвае на гэтыя пытанні ў цемры, гарыць толькі свечка, і перад ім стаіць сапраўдны чэрап. Чэрап выкарыстоўваецца з дапаможных матэрыялаў для падрыхтоўкі медыкаў.

Ён адзначыў, што ў вялікай колькасці краін масоны маюць уплыў на ўрады. І гэта нельга назваць нейкім кантролем, бо масоны самі працуюць ва ўрадах. Сусветнага ўрада масонаў няма. Масонамі могуць быць прадстаўнікі ЛГБТК, але жанчыны — не.

Шлях да стварэння асобнай Вялікай беларускай масонскай ложы

Сяргей Дубавец — масон з 2001 года. «Я размаўляў з чалавекам, які прапанаваў мне далучыцца. На ўступленне мяне заахвоціла асоба гэтага чалавека», — згадвае Дубавец і адмаўляецца назваць яго, аргументуючы тым, што «ёсць адна з масонскіх таямніц, і я не магу назваць кагосьці, што ён масон».

Дубавец патлумачыў, чаму ад яго далучэння да масонства і да абвяшчэння аб стварэнні асобнай ложы ў Беларусі ў 2019 годзе прайшло так шмат часу.

«Гэта доўгі працэс. Ёсць такая рэч, як юрысдыкцыя. Умоўна, вялікая ложа ў Польшчы, якая складаецца з некалькіх лож. Гэта ўсё прызнана ва ўсім свеце. І вось калі чалавек, з якім я размаўляў, да мяне звярнуўся, ён быў адзіным беларусам, якога прынялі ў адну з польскіх лож. Калі ён мне прапаноўваў далучыцца, то прапанова была аб уступленні ў польскую ложу.

Пасля таго, як гэтых людзей у польскіх ложах, якія прыязджалі з Беларусі і на працу ездзілі (была такая паходная масанерыя), стала дастатковая колькасць, зʼявілася магчымасць закласці сваю ложу».

Дубавец апавядае, што для стварэння ложы патрэбна была наяўнасць сямі майстроў, якія прайшлі папярэднія ступені: вучань, чаляднік, майстар. На першых дзвюх трэба было прабыць па тры гады.

Ён згадвае, што напачатку была закладзена асобная ложа, якая была пад польскай юрысдыкцыяй, але працавала па-беларуску. Паступова колькасць удзельнікаў расла, і калі стала дастаткова значнай, то палова перайшла ў літоўскую юрысдыкцыю. І вось там, калі стала сем майстроў-беларусаў, сярод якіх быў і Сяргей Дубавец, была закладзеная асобная беларуская ложа.

«Тым часам ішоў працэс у Івана-Франкоўску. Там украінцы ў сваёй юрысдыкцыі стварылі беларускую ложу. І сталі запрашаць беларусаў. І калі там стала сем майстроў-беларусаў, то была закладзеная трэцяя беларуская ложа. Калі ў свеце зʼявілася тры беларускія рэгулярныя легітымныя ложы, яны сабраліся ў Мінску.

Туды ж прыехалі вялікія майстры з Літвы, Польшчы і Украіны, якія асвяцілі Вялікую беларускую масонскую ложу ў адпаведнасці з усімі традыцыямі і рытуаламі. Гэта вельмі прыгожы і багаты рытуал. Беларусь стала апошняй краінай у Еўропе, дзе зʼявілася вялікая ложа», — распавёў Дубавец.

Галоўны масон Беларусі згадвае, што супраць стварэння вялікай ложы ў Беларусі былі расіяне: «Яны не прызнаюць незалежнасць Беларусі. Чаму? У рускіх усё спецыфічна. Усё, што яны ні робяць, даволі спецыфічнае. Там масанерыя цесна кантактуе з Крамлём».

Дубавец патлумачыў, чаму стварэнне Вялікай масонскай ложы мае важнае значэнне для краіны. Лічыцца, што калі легальна ў краіне працуюць масоны, то гэта значыць, што там ёсць умовы для свабоднай рэалізацыі сябе.

Цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі ён разглядае як часовую. Наконт яе развіцця ў будучыні Дубавец заўважыў, што не хацеў бы паглыбляцца: «Пабачым. Ва ўсякім разе я на сваёй пасадзе працую і выконваю ўсе ўскладзеныя абавязкі».

Чытайце яшчэ:

Сяргей Дубавец пра судовую сістэму, патрыятызм і масонства — гутарка з пераможцам прэміі Гедройця

«Кіраваць працэсам»: Сяргей Дубавец даў першае інтэрв'ю ў якасці Вялікага майстра беларускай масонскай ложы

Каментары27

  • Лол
    28.05.2023
    Ну, наконт паляпшэння людзей і грамадства праз масонства, троху перабольшана. Давайце прыгадаем самага вядома нядаўна масона - Сільвіё Берлусконі. Фактычна, на чале Італіі за часамі Берлусконі стаялі масоны. У выніку папулізм, карупцыя, грошы, улада і г. д. Троху лепшае рэнамэ у Ротарі клубаў, але і там не без нюансаў.
  • Рам
    28.05.2023
    Эх, не быць мне масонам)). Адна справа, што жанчына ( можа калі-небудзь і будуць браць жанчын). Дык яшчэ і не прытрымліваюся ніякай рэлігіі. І крыху смешна, што каб быць добрым чалавекам, трэбы прытрымлівацца рытуалаў. Але ўсё ж такі лепш прытрымлівацца рытуалаў і быць добрым, чым не прытрымлівацца і быць гаўном))
  • Якуб Купала-Марцінкевіч
    28.05.2023
    "Лічыцца, што калі легальна ў краіне працуюць масоны, то гэта значыць, што там ёсць умовы для свабоднай рэалізацыі сябе.", - сказаў магістр Дубавец з Вільні. Я сімпатызую аптымістам, як спадар Дубавец, але не маю аптымістычных прагнозаў для Беларусі. Усё вельмі кепска, трэба гэта разумець і казаць пра гэта адкрыта, не шукаючы ратавання ў "таемных ведах" маргінальных гурткоў. Незалежнасць Беларусі сапраўды ёсць ілюзіяй. У 1994-м народ прагаласаваў за неадукаванага папуліста, які паступова і паслядоўна прадаў крамлю ўсе складнікі беларускай незалежнасці - мову, войска і царкву. Што з гэтым рабіць? Ужо нічога. Жыць далей, выхоўваць сваіх дзяцей у беларускай традыцыі і спадзявацца на чарговы шанец з тых, што быў нам дадзены ў 1994-м, і які мы не скарысталі. А што да масонаў, то не веру я, што свечка з чэрапам з кабінету біялогіі хоць бы нейкім чынам паўплывае на наша грамадства. Усё гэта проста гульня для дарослых дзядзек.

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА25

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

Новая хваля палітычных арыштаў у Гомелі: што вядома

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА25

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →