Грамадства33

«Нам патрэбны ваенны досвед, трэніравацца, бо наперадзе Беларусь». Пабрацім успамінае Міраслава Лазоўскага

16 мая пад Бахмутам загінуў адзін з былых лідараў «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі, які апошнім часам ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага. Яму было 49 гадоў. Пра баявога пабраціма «Свабодзе» расказаў былы камандзір Лазоўскага, малодшы афіцэр Васіль «Пацук» Верамейчык.

Міраслаў Лазоўскі

«Барада смешна тырчыць з-пад каскі»

«Я не магу ўспомніць дакладна першы момант, калі мы ўбачыліся і пазнаёміліся. Здаецца, гэта быў вечар пятага дня вайны. Наша група даехала позна ўвечары да Кіева. Мы пайшлі ў школу да «Азова», але там не было дзе спаць. І ў выніку мы перайшлі ў іншае месца, так званы АТЭК, яшчэ адно месца фармавання азоўскага руху. Ужо была ноч, велізарнае памяшканне, забітае мужчынамі розных узростаў. Мы клаліся спаць проста на падлозе, дзе было месца. Здаецца, якраз там я першы раз убачыў «Мыша» (пазыўны Лазоўскага), Мірыка, Міраслава», — расказвае Васіль.

Па словах суразмоўцы, лепш пазнаёміцца атрымалася ўжо пазней.

«Я запомніў, як ён кашляў, бо мы ўсе захварэлі. Кажуць, што на кавід, бо нехта нават у шпіталі ляжаў. Але перахварэлі абсалютна ўсе. Я помню, «Мыш» кашляе, а потым апранае бронік, каску, і ягоная барада смешна тырчыць з-пад яе. Я здзівіўся, што гэта за дзед. Мы неяк камунікавалі, але не вельмі моцна».

Пазней быў сфармаваны першы беларускі ўзвод, яго камандзірам стаў Павал «Волат» Суслаў (загінуў у маі 2022-га ў Мікалаеўскай вобласці. — РС), а Васіль Верамейчык стаў камандзірам першага падраздзялення і намеснікам камандзіру ўзводу.

Міраслаў Лазоўскі. Фота: MotolkoHelp

«Што тычыцца Мірыка, то я баяўся, што такі сталы чалавек, сур’ёзны, не будзе слухацца і будуць праблемы. Але выявілася ўсё абсалютна наадварот: ён славы не хацеў, кіраваць не хацеў, ён хацеў рабіць справу і вучыцца. Калі ўжо я стаў камандзірам першага ўзводу, то я зрабіў «Мыша» камандзірам першага падраздзялення і намеснікам камандзіра ўзводу. І далей мы ішлі заўсёды побач. Мы спалі ў адных памяшканнях, ездзілі на адны і тыя ж заданні».

«Хэлоў! Ты гоў туды»

Васіль успамінае, што яны разам былі ў Ірпені ў сакавіку 2022 года, спрабавалі дайсці да пазіцый, дзе знаходзіліся беларускія ваяры.

«Потым, калі мы прыехалі ў Мікалаеў, то наш украінскі камандзір доўгі час называў мяне проста «Начкар» (начальнік варты). Ні пазыўны, ні імя запомніць не мог. Справа ў тым, што спачатку беларусаў завезлі для вядзення вартавой службы для іншаземцаў. І я суткі не спаў, арганізоўваючы працу вартавой службы. Але за дзень-два ўсё было арганізавана. Пабрацім «Тарэна» таксама, як і я, быў вайскоўцам, мы разумелі, як павінна ўсё працаваць. Калі ўсё арганізавалі, то я паціху перадаў справы «Мышу», і потым ён ужо займаўся ўсім, а гэта такая руцінная, цяжкая вайсковая справа. Тыя, хто думаюць, што вайна — гэта весела заўсёды, эмоцыі, баі… Не, гэта сумная праца. Трэба складаць спісы, цягаць рэчы».

«Пацук» расказвае пацешны момант, як Міраслаў рабіў інструктаж у вартавой службе для іншаземцаў.

«Мыш» англійскай мовы, на жаль, не ведаў. Вось уявіце сабе, інструктаж перад зменай, а ўсё, што ён змог сказаць: «Хэлоў! Ты гоў туды». Там магла быць змена, на якой беларус, гішпанец і француз, але ніводзін з іх не размаўляе па-англійску. Камунікацыя адбывалася амаль на пальцах».

«Высокая воля і ідэал»

Паводле Верамейчыка, Лазоўскі быў чалавекам вельмі высокага маральнага ўзроўню, ён заўсёды адмаўляўся ад прапанаваных пасадаў.

«Калі «Волата» не стала, то я казаў Міраславу, маўляў, будзеш камандзірам узводу. На гэта ён адказваў: «Як я магу быць камандзірам узводу, калі ў мяне няма вайсковай адукацыі і досведу?»

Міраслаў Лазоўскі. Фота: MotolkoHelp

Іншы характэрны момант — гэта дыскусіі ўнутры тады яшчэ батальёна Кастуся Каліноўскага адносна ўдзелу ў рызыкоўнай аперацыі пад вёскай Лазавой на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. Частка ваяроў адмовілася ад удзелу, другая ж пагадзілася.

«Тады «Мыш» сказаў аднаму камандзіру: «Як мы можам мінусануць аперацыю? Мы гонар беларусаў тады падвядзём. Па-другое, нам патрэбны ваенны досвед, трэніравацца, бо наперадзе Беларусь». На гэта камандзір адказаў: «Табе амаль 50 гадоў, Мірык, якая Беларусь?! Ты дурны ці што?» Гэта вельмі паказальна, якім ідэалістам быў «Мыш».

Лазоўскі ўдзельнічаў у аперацыі пад Лазавым. Больш за тое, яго паставілі на самыя пярэднія пасты, каля самых расейцаў. Тая аперацыя прайшла ўдала для ўкраінскага войска.

«У «Мыша» была вялікая воля і ідэал. У яго балела калена, яму было цяжка. У Севераданецку Мірыка прызначылі на пост каменданта, яму даводзілася звязваць паміж сабой усе пасты іншаземцаў. Так яго прызначылі, а потым людзі пачынаюць гаварыць, што ён зусім ужо кепска размаўляе, выявілася, што ён 28 гадзін не спаў. Ён кагосьці падмяняў, каб хлопцы паспалі, а сам зусім не спаў. Я вымушаў быў яго ісці спаць», — успамінае Верамейчык.

«Заходзім у Бахмут: як выйду — набяру»

Суразмоўца «Свабоды» кажа, што Лазоўскі быў самым аўтарытэтным камандзірам паміж беларускіх ваяроў.

«Мыш» — такі ідэаліст і інтэлігент, што пра яго ніхто кепскага слова не мог сказаць. Гэта нейкі лёс, багі, яны нам нешта паказваюць. Такое супадзенне, што яны загінулі з «Волатам» дзень у дзень. Я лічу, што проста так такога не бывае. Страчваць такіх людзей жудасна. У мяне засталася перапіска з «Волатам» у дзень яго смерці, дзе ён піша: «Адкажу цягам сутак». Такая ж самая сітуацыя з «Мышам». Ён мне пісаў: «Я табе зараз патэлефаную». Потым: «Не, не патэлефаную. Заходзім у Бахмут, але ненадоўга; як выйду — набяру».

Лазоўскі вучыў іншых ваяроў камандам па-беларуску, пастаянна займаўся самаадукацыяй, быў фанатам напалеонаўскіх войнаў.

«Мірык увесь час займаўся самаадукацыяй, у яго на тэлефоне быў амерыканскі статут, падручнік рэйнджара ЗША, статут вартавой службы ЗША, спрабаваў рабіць усё вельмі па-вайсковаму. Я лічу, што на момант года на вайне ён дарос да сапраўднай афіцэрскай пасады. А паколькі няма іншых, то ён быў бы ідэальнай кандыдатурай на пасаду камандзіра батальёна «Волат».

Каментары3

  • Петя
    26.05.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Алесь
    26.05.2023
    Гонар i годнасць!
    RIP пане Мiраслаw...

  • Жыве Беларусь!
    26.05.2023
    Вечная памяць Герою!

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?11

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?

Усе навіны →
Усе навіны

Паміж Расіяй і Казахстанам разгараецца гандлёвая вайна6

Пачалася масавая вакцынацыя супраць грыпу. Цана пытання?

Школьнікаў у Мазыры навучаюць на аператараў беспілотнікаў для арміі3

Сядзелка ў Мінску скрала золата і грошы з кватэры кліента1

Гэтай ноччу ў Беларусь заляцеў чарговы «шахед»1

У Клецку ледзь не згвалтавалі 12-гадовую школьніцу2

Асуджанай на 20 гадоў палітзняволенай навесілі яшчэ паўтара года2

Унікальны выпадак: вызваленага па амністыі вярнулі ў калонію. Гэтага дамагліся бацькі ахвяры2

Шчанюкоў забівалі камянямі: жудасная гісторыя на Салігоршчыне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?11

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?

Галоўнае
Усе навіны →