Статыстыкі зафіксавалі скарачэнне ВУП Нямеччыны на працягу двух кварталаў запар. Гэта азначае, што нямецкая эканоміка ўвайшла ў рэцэсію, піша Deutsche Welle.
Федэральнае статыстычнае ведамства ў чацвер, 25 мая, скарэктавала папярэднія ацэнкі па скарачэнні ВУП Германіі з нуля да мінус 0,3 працэнта. «У выніку нямецкая эканоміка зафіксавала два кварталы з негатыўным вынікам запар і, згодна з дзейнай тэрміналогіяй, увайшла ў рэцэсію», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
У чацвёртым квартале 2022 года ВУП Нямеччыны скараціўся ў параўнанні з папярэднім кварталам на 0,5 працэнта. Высокія тэмпы росту дарагоўлі працягвалі адмоўна ўплываць на эканоміку ФРН і ў пачатку гэтага года, гэта канстатавалі эксперты.
Асабліва прыкметна гэта адбілася на прыватных спажывецкіх выдатках: у першым квартале яны знізіліся на 1,2 працэнта. «У параўнанні з папярэднім кварталам прыватныя хатнія гаспадаркі трацілі менш сродкаў на прадукты харчавання, напоі, адзенне, абутак і мэблю», — адзначылі статыстыкі. Спажыўцы радзей куплялі новыя аўтамабілі.
Дзяржаўныя выдаткі на спажыванне таксама прыкметна скараціліся — на 4,9 працэнта ў параўнанні з папярэднім кварталам.
У той жа час пазітыўныя імпульсы ўдалося атрымаць ад знешняга гандлю: прадпрыемствы экспартавалі на 0,4 працэнта больш тавараў і паслуг, чым у апошнім квартале 2022 года.
Каментары