Супраць Марыі Калеснікавай у калоніі зладзілі правакацыю — праваабаронцы
У Гомельскай калоніі супраць палітзняволенай Марыі Калеснікавай зладзілі правакацыю, з-за якой Марыю накіравалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з Mayday team.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, правакацыя адбылася «некаторы час таму».
Калі Калеснікава вярнулася з медсанчасткі, хтосьці падсыпаў таблеткі ў ёмістасць з распушчальнай кавай. Неўзабаве пасля гэтага камеры абшукалі, таблеткі выявілі, а Марыю адправілі ў ШІЗА.
Згодна з правіламі ўнутранага распарадку, зняволеным нельга выносіць лекі з медсанчасткі, усе медыкаменты прымаюцца толькі ў прысутнасці медработніка.
Мяркуецца, што правакацыя — справа рук адной з сукамерніц.
Пры канцы лістапада мінулага года стала вядома, што Марыя трапіла ў шпіталь з прабадной язвай, дзе яе прааперавалі. Пасля таго яе так-сяк падлячылі і выпісалі, але цалкам аднавіцца, як выглядае, не далі. Учора праваабаронцы паведамілі, што ў яе захоўваюцца праблемы са здароўем. Месяц таму Калеснікаву нібыта выводзілі на пастраенне пад рукі.
6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, і асудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне такім фармаваннем, публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады.
Каментары