У Глыбокім 20 мая для выхаванцаў старэйшых груп дзіцячага сада № 4 зладзілі ваенна-спартыўную гульню «Зарніца». Глыбоцкія дашкаляты здзейснілі марш-кідок цераз «балота», распальвалі вогнішча і спявалі ваенныя песні, піша «Віцебская вясна».
Гульня прайшла пад наглядам вайсковага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргея Краснадубскага і метадыста навучальна-метадычнага кабінета Глыбоцкага раёна Алены Цяліцы.
Як піша сайт мясцовай раёнкі, мерапрыемства адбылося ў рамках раённага фестывалю педагагічных ідэй «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту».
Падчас гэтай гульні маленькіх дзяцей вучылі аказваць першую дапамогу пацярпелым, ставіць палатку, распальваць вогнішча, арыентавацца па карце на мясцовасці. Яны нават здзяйснялі марш-кідок цераз «балота», кідалі ў цэль мяшэчкі з пяском, спявалі ваенныя песні, а ў канцы іх кармілі ячнай кашай, зваранай у «ваенна-палявых» умовах.
Паводле загадчыцы дзіцячага сада Аксаны Гольдэрбайн, такім чынам праз гульню яны імкнуліся фармаваць у дашкольнікаў уяўленне аб арміі, аб цяжкай, але ганаровай службе па абароне краіны, спакоі і бяспецы яе жыхароў, прывіваць любоў да малой радзімы, выхоўваць пачуццё патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.
Чытайце таксама:
«А я лічу, не рана». Качанава выказалася за патрыятычнае выхаванне дзяцей з 3-4 гадоў
Качанава прапанавала арганізоўваць прытулкі для дзяцей пры манастырах
Каментары