Былога прадстаўніка ААН у Беларусі абвінавацілі ў сэксуальных дамаганнях
Былы кіраўнік офіса ААН у Беларусі Санака Самарасінха падазраецца ў сэксуальных дамаганнях падчас яго працы на Фіджы. Магчыма, аналагічныя правіны ён здзяйсняў і ў Беларусі, піша reform.by са спасылкаю на RNZ Pacific.
Пастаянны каардынатар ААН на Фіджы, Саламонавых выспах, Тонга, Тувалу і Вануату 56-гадовы Санака Самарасінха знаходзіцца ў адміністрацыйным адпачынку з поўным захаваннем зарплаты, і арганізацыя паведамляе, што яна атрымала скаргі на магчымыя нездавальняючыя паводзіны (unsatisfactory conduct) міжнароднага чыноўніка.
«Адміністрацыйны адпачынак — гэта адміністрацыйная, а не дысцыплінарная мера», — гаворыцца ў заяве офіса ААН для RNZ Pacific.
У тлумачэнні рэгіянальнага офіса ААН гаворыцца, што на Самарасінха паступілі скаргі за магчымыя нездавальняючыя паводзіны, і гэтае пытанне цяпер разглядаецца і «разглядаецца вельмі сур'ёзна».
«Усе належныя прававыя працэдуры будуць выконвацца. Улічваючы патрабаванні прыватнасці, ніякая іншая інфармацыя аб працэсе не можа быць агучана», — заявілі выданню ў рэгіянальным офісе.
Паводле інфармацыі журналістаў, электронныя прылады Самарасінха былі канфіскаваныя, а таксама яму загадалі пакінуць краіну.
Журналіст RNZ Pacific Кельвін Энтані для выдання Asia Pacific Reporе ўдакладніў, што гаворка ідзе пра абвінавачанне ў сэксуальных дамаганнях. Адзін з заяўнікаў распавёў, што Самарасінха прасіў выдаліць іх электронную перапіску.
Паводле інфармацыі журналістаў, адна са скаргаў датычыць эпізоду на афіцыйным дыпламатычным прыёме ў Вярхоўнай камісіі Новай Зеландыі на Фіджы ў лютым гэтага года, дзе міжнародны чыноўнік у п'яным выглядзе дамагаўся заяўніка.
Санака Самарасінха адмовіўся каментаваць журналістам выстаўленыя абвінавачанні і прапанаваў па каментары звяртацца ў ААН.
«Хоць я вельмі хачу адказаць больш поўна, правілы ААН забараняюць мне, як супрацоўніку, гэта рабіць, таму, калі ласка, звярніцеся ў офіс ААН», — сказаў ён.
У офісе ААН заявілі, што тэрмін паўнамоцтваў Самарасінха ў якасці каардынатара-рэзідэнта заканчваецца ў гэтым годзе і яго пераемнік ужо абраны і будзе прадстаўлены ўраду Фіджы «для ўзгаднення з краінай знаходжання».
Рэгіянальны прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў Ціхаакіянскім рэгіёне Хайке Алефсен прызначаная часовым каардынатарам-рэзідэнтам ААН на перыяд расследавання.
Паводле інфармацыі Reform.by, аналагічныя паводзіны міжнароднага чыноўніка адзначаліся падчас яго працы ў Беларусі, аднак мясцовы персанал не адважваўся апублікаваць факты. Пасаду Пастаяннага каардынатара ААН/Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Самарасінха займаў з 2015 па 2018 гады.
Каментары