10 мая Эканамічны суд Віцебскай вобласці распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве адкрытага акцыянернага таварыства «Лёзненскі льнозавод», амаль усе акцыі якога належаць дзяржаве, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Як вынікае з матэрыялаў справы, ужо з 2018 года льнозавод мае няўстойлівае эканамічнае становішча. Цяпер крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складае 4 376 169 рублёў 30 капеек, з якіх 953 947 рублёў 2 капейкі — абавязковыя плацяжы.
На льнозаводзе працуе 55 чалавек, ён займаецца перапрацоўкай ільнотрасты, у тым ліку і для дзяржаўнага прадпрыемства «Лёзна-лён», якое не мае сваіх вытворчых магутнасцяў. Раней ільнозавод таксама сам вырошчваў лён, аднак вясной 2022 года яго перасталі сеяць.
Суд прызначыў на прадпрыемства часовага кіраўніка і вызначыў ахоўны перыяд тэрмінам да 10 ліпеня.
Лёзненскі льнозавод заснаваны больш за 90 гадоў таму, 5 снежня 1930 года. Цяпер ААТ «Лёзненскі льнозавод» структурна ўваходзіць у аб'яднанне «Віцебскабллён».
Калісьці вельмі развітае ў Беларусі льнаводства ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў крызісе, Лукашэнка яшчэ ў 2019 годзе загадваў аптымізаваць колькасць ільнозаводаў у Віцебскай вобласці шляхам іх скарачэння. І гэты працэс ідзе да гэтага часу. А рашэнні аб мадэрнізацыі галіны прымаліся яшчэ раней.
У кастрычніку 2021 года, дарэчы, на Лёзненскім ільнозаводзе адбыўся буйны пажар, які сярод іншага стаў адметны і тым, што падчас яго тушэння памёр намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Мазоль. У яго не вытрымала сэрца.
Каментары
🤷🏻♂️