Аўто44

«Рэшту доўгу так і не вярнулі». Ці варта прадаваць машыну сваякам ці сябрам?

Продаж аўто — той яшчэ «займальны» квэст, здольны спаліць не адну тысячу нервовых клетак. Тым больш існуе меркаванне, што добрыя машыны ў першую чаргу прадаюцца «сваім» і да рынку не даязджаюць. Пра тое, як гэта — мець справу са знаёмымі і сваякамі, выданне «Аўтабізнэс» сабрала расказы ўдзельнікаў падзей, якія маюць падобны досвед.

«Добрыя аўтамабілі часта прадаюцца сваім»

Дзмітрый: «Купляў аўтамабіль у сваяка прыкладна чатыры гады таму. Да гэтага часу на ім езджу і ні пра што не шкадую. Сваяк з Масквы, аўтамабіль мы нават не пераафармлялі. Зручна: ніякага галаўнога болю з тэхаглядам і мытамі. Цана на момант пакупкі была крыху ніжэйшая за сярэднюю па рынку. На нейкую асаблівую зніжку, як сваяку, я і не спадзяваўся. Тым больш што аўто купляў збольшага ў доўг, які потым яшчэ аддаваў прыкладна паўгода.

Што тычыцца тэхнічнага стану: вочы бачылі, што куплялі. Аўто не без дробных недахопаў, але і прабег быў каля 100 тысяч км. За мінулыя гады было некалькі ўкладанняў крыху больш сур'ёзных за замену тармазных калодак — дык і машына не стаіць без справы. Праца звязаная з раз'ездамі, таму аўто асабліва не прастойвае.

Сваяк можа часам спытаць, як там «ластаўка» пажывае, але на гэтым усе размовы пра аўтамабіль і заканчваюцца. Думаю, кожны з нас у гэтай здзелцы атрымаў, што хацеў. Былы ўладальнік — хуткі продаж па нармальнай цане і без лішніх пытанняў ад пераборлівых пакупнікоў. Я — аўтамабіль з празрыстай гісторыяй ад аднаго ўладальніка, ды яшчэ і ў беспрацэнтную растэрміноўку. І гэта нармальна. Добрыя аўтамабілі часта прадаюцца сваім, а на рынак трапляе тое, што прадаваць камусьці знаёмаму ўжо не вельмі і хочацца».

«Грошай за колы я так і не ўбачыў»

Аляксандр: «Купля і продаж аўто — гэта такая штука, калі кожны з бакоў хоча празрыстасці здзелкі. Пакупніку важна быць упэўненым у аўтамабілі і ведаць яго гісторыю хоць бы часткова, прадаўцу наўрад ці хочацца трапляць у нейкія фінансавыя пасткі або, як гэта было ў часы рахункаў-даведак, мець праблемы ў будучыні са штрафамі з камер фотафіксацыі.

Іншая рэч, што людзі розныя: «прыколаў» можна чакаць і ад знаёмых ці сваякоў. У мяне быў розны досвед. Напрыклад, у адным выпадку машына прадавалася сваяку. Даволі далёкаму, але ўсё роўна. Фраза падчас здзелкі «ну, мы ж сваякі» мяне трохі напружвае, бо атрымліваецца, што пакупнік як бы прэтэндуе на нейкае асаблівае становішча.

У маім выпадку мы дамовіліся аб цане, але чалавек захацеў выкупіць яшчэ і камплект колаў, якія я планаваў прадаваць асобна. Колы ён забраў з абяцаннем аддаць грошы пазней, але ў выніку гэтых грошай я так і не ўбачыў.

Ёсць і пазітыўная гісторыя ў маёй практыцы. Прадаваў машыну ўмоўна знаёмаму чалавеку. Усёй сумы на руках у яго не было, прычым не хапала больш за палову кошту ўсяго аўто. Дамовіліся на словах аб продажы ў растэрміноўку. І чалавек спраўна плаціў на працягу года або двух. Было відаць, што гэтыя плацяжы даюцца яму даволі цяжка, але тым не менш. Прычым доўга ён на аўтамабілі нават не праездзіў — прадаў яго пасля заканчэння «растэрміноўкі» і, магчыма, якраз з гэтых грошай і вярнуў рэшту доўгу.

Я яму нават 100 даляраў у канцы за прыстойнасць аддаў. Ён малады, а мне хацелася падкрэсліць, якія важныя ў жыцці сумленнасць і чалавечае стаўленне. А калі б нешта і пайшло не так — што ж, машыны ў мяне недарагія і ўпісваюцца максімум у гадавы даход. Вялікай трагедыі з гэтага не будзе.

Выступаў я і ў якасці пакупніка ў знаёмых. Атрымалася так, што пасля куплі мне прыйшлося дадаткова выдаткавацца на акумулятар і аліву для каробкі перадач. Хоць быццам бы ўсё агаворвалі загадзя і сюрпрызаў не павінна было быць. Вялікіх прэтэнзій, зразумелая рэч, няма, але асадак застаўся.

Калі прадаеш або купляеш аўто ў знаёмых, то так ці інакш заўсёды ёсць верагоднасць узнікнення нейкіх непрыемных сітуацый. Неабавязкова падман, а вось нейкае непаразуменне можа паўстаць. Так можна сабе незнарок і карму прыпсаваць. З незнаёмым чалавекам ты ніколі больш не ўбачышся, а са знаёмым потым яшчэ мець зносіны.

Пры гэтым я не магу сказаць, што прынцыпова выбіраю паміж продажам аўто знаёмым ці незнаёмым людзям. Усё залежыць ад машыны, з якога боку будзе попыт. Я буду аднолькава сумленны з любым пакупніком. Калі разважаць у цэлым, то знаёмства з пакупніком/прадаўцом так ці інакш накладае пэўны адбітак адказнасці — і гэта ў нейкім сэнсе добра. Аднак некаторым асабліва адораным таварышам гэта не перашкаджае тварыць усялякія непатрэбствы.

Нездарма ж ходзяць прымаўкі пра тое, што з сябрамі і сваякамі лепш спраў не мець, а цану на нешта выстаўляць яшчэ большую, чым незнаёмым. Хоць у канчатковым выніку ўсё залежыць толькі ад прыстойнасці чалавека, а не ад таго, кім ён табе даводзіцца».

«Не варыянт для перакупаў ці тых, хто хоча зарабіць на машыне»

Вадзім: «Свой Ford Focus — той самы, з іржавым днішчам, «пеставаны» каментатарамі — прадаў яшчэ мінулым летам прыяцелю, які жыве літаральна ў суседнім двары. Тады, што называецца, знайшлі адзін аднаго: я задумаўся аб продажы, а таварыш якраз шукаў другую машыну ў сям'ю, нешта недарагое, але практычнае.

Ён прапанаваў суму — я падумаў тыдзень, таму што прапанаваныя грошы былі меншымі за тыя, што год таму ў сярэднім па рынку прасілі за хэтчбек з маторам 1,6 і на што разлічваў я. Але, шчыра кажучы, як уявіў, што трэба выстаўляць аб'яву, потым трымаць абарону ад розных аўтахаусаў, затым адказваць на дурныя пытанні і сустракаць «мамкіных» аўтападборшчыкаў, якія тыкаюць таўшчынямерамі куды заўгодна і выказваюць дзіўныя тэорыі… калі прадаваў папярэднюю машыну ў 2019 годзе, нагледзеўся на «спяцоў».

Неяк не было настрою зноў увязвацца ў гэтую каламуць і марнаваць час незразумела на што. Карацей, 400 даляраў розніцы таго не каштавалі. Ёсць пакупнік, ды яшчэ і знаёмы — што тут думаць? Тым больш, што яго ўсё ў машыне задаволіла, а ржавае днішча наогул не збянтэжыла. «Тут гады два як мінімум можна ездзіць, метал яшчэ моцны!» — такі быў ягоны вердыкт пасля агляду на пад'ёмніку. Так што не дарма я заганяўся з антыкорам, атрымліваецца.

Да таго ж таварыш за машынамі глядзіць, а для мяне гэта важны момант. Не люблю, калі «былая» трапляе абы ў якія рукі, а потым балюча назіраць за яе лёсам. Цяпер машынай карыстаецца дарослы сын прыяцеля, сочыць за ёй ледзь не лепш, чым я. Гэта вытлумачальна, бо для яго гэта першая машына. Пару разоў праязджаў у сваім былым Focus — у салоне чысціня, па тэхнічнай частцы ўсё ОК. Калі ўзнікаюць пытанні па абслугоўванні — маўляў, якую аліву ліў і г. д., спісваемся-стэлефаноўваемся, таямніцы ў гэтым няма. Задаволены, што аўтамабіль дастаўся адэкватнаму пакупніку, няхай я крыху і страціў у грашах.

Вядома, продаж знаёмаму — гэта, напэўна, не варыянт для перакупаў ці тых, хто хоча зарабіць на машыне. Асабіста ў мяне сумленне не дазваляе нешта падфарбаваць або «стрэсці бабла пабольш». Гэта пытанне адказнасці. Потым жа з гэтым чалавекам бачыцца, адказваць, калі нейкі касяк вылезе».

Каментары4

  • дочка Максима Дизайнера
    21.05.2023
    першую машыну муж у свайго лепшага сябра купіў. прычыў у паўтары разы даражэй, чым сябар набываў яе. ну проста сябар... дызайнер) ну я і сказала - даражэй, гэта пэўна таму, што ягоная дарагая 3адніца паезділа на ёй
  • Гость
    21.05.2023
    С родственниками и друзьями бизнес делать нельзя!
  • Улад
    21.05.2023
    Прадаваць сваім - гэта добра і разумна. Але не у доўг.. 
    Лепш крыху танней, але не у доўг.

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі брамнік «Віслы» даведаўся, што ў яго будзе хлопчык, у незвычайнай абстаноўцы ФОТА

У Мінску раніцай на гадзіну спыніліся трамваі

У Італіі беларуса затрымалі ва ўзламанай ім кватэры

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 7

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву66

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята26

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →