У аграгарадку Верцялішкі пад Гроднам можна набыць цэлы торфабрыкетны завод. Пачатковая яго цана — амаль 4 млн рублёў, а аўкцыён адбудзецца 6 чэрвеня, паведаміў Гродзенскі аблвыканкам.
На тэрыторыі заводскага комплексу ёсць пяціпавярховы брыкетны цэх, будынак механічнай майстэрні, лінія па пераапрацоўцы драўляных адходаў, лінія па транспартаванні і адгрузцы пылападобнага торфу, будынак заводакіравання, склад, масластанцыя. У будынкі праведзены камунікацыі. Уладальнік завода — «Гроднааблгаз».
Торфабрыкетны завод у Верцялішках працаваў з 1950-х гадоў. У апошнія гады ён стаў занепадаць, і хоць у 2010-я яго спрабавалі мадэрнізаваць, гэта сітуацыі не выправіла. Апошнія супрацоўнікі сышлі з завода ў пачатку гэтага года.
Першая спроба продажу завода ўжо была. Сёлета ў красавіку за яго прасілі амаль 8 млн рублёў, але на аўкцыён ніхто не запісаўся. Цяпер цану скінулі напалову.
Каментары