Кіно

«Вяртанне ў Сеул»: несентыментальная драма пра пошук бацькоў і ідэнтычнасці

25-гадовая Фрэдзі ляціць з Францыі ў Паўднёвую Карэю, каб убачыць сваю радзіму і адшукаць біялагічных бацькоў. Дзяўчыне здаецца, што гэта дапаможа зразумець, кім яна ёсць, і вырашыць унутраныя пытанні, якія не даюць спакою. Але падарожжа не дасць гераіні лёгкіх адказаў.

Freddie (Park Ji-Min) in 'Return to Seoul'
Фрэдзі (Пак Чы-мін) у фільме «Вяртанне ў Сеул». Фота: Thomas Favel / Aurora Films / Vandertastic / Sony Pictures Classics

Абаянне фільма «Вяртанне ў Сеул», які год таму быў прэзентаваны на Канскім кінафестывалі, а цяпер выходзіць у пракат, шмат у чым звязаны з працай выканаўцы галоўнай ролі, актрысы Пак Чы-мін. Гэта дэбютная роля мастачкі, якая не па чутках ведае пра змяшэнне культур — Пак нарадзілася і да васьмі гадоў жыла ў Карэі, але потым пераехала ў Францыю.

Рэжысёр Дэвід Шу гаворыць, што падчас здымак Пак прыйшла да яго з крытыкай сцэнарыя і паказам галоўнай гераіні. Размаўляючы з дзяўчынай, ён пераасэнсаваў сваё ўяўленне пра тое, якой павінна быць Фрэдзі, і адмовіўся ад таго, каб галоўная гераіня транслявала распаўсюджаныя стэрэатыпы пра людзей азіяцкай культуры як стрыманых і памяркоўных. Так Фрэдзі стала выбуховым персанажам, які не баіцца паказаць гнеў і якога гэты гнеў абараняе.

Ігра Пак надзвычай пераканаўчая: яна натуральна пераходзіць ад какетлівага стану да пагрозлівага ці разгубленага, увесь час пры гэтым транслюючы трывогі персанажа, звязаныя з адчуваннем непаўнавартаснасці свайго жыцця. Фрэдзі хавае ў сабе сумесь лютасці, адзіноты, эгаізму і крыўды. Але ў выпадковыя моманты яна паўстае таксама ўразлівай і далікатнай. Нават калі некаторыя выхадкі Фрэдзі адштурхоўваюць навакольных, глядач разумее, што яе дзеянні выкліканыя ўнутраным болем і пачуццем самазахавання.

Freddie visits with friends in the movie
Фрэдзі (Пак Чы-мін) з сябрамі ў фільме «Вяртанне ў Сеул». Фота: Thomas Favel / Aurora Films / Sony Pictures Classics

Фільм, натхнёны рэальнымі гісторыямі

Французскі рэжысёр Дэвід Шу — этнічны камбаджыец, які гэтак жа, як і Фрэдзі, вырас у поўным адрыве ад нацыянальнай культуры і менталітэту роднай краіны. Як і Фрэдзі, Шу прыехаў у Камбоджу ўжо дарослым чалавекам з жаданнем дазнацца пра сябе нешта новае. Аднак сюжэт «Вяртання ў Сеул» натхнёны не толькі яго асабістай гісторыяй, але і аповедам ягонай блізкай сяброўкі Лоры — карэянкі, якая вырасла ў прыёмнай сям'і ў Францыі.

Калі Дэвід Шу ездзіў з Лорай у Пусан (Карэя) на кінафестываль, яна вырашыла знайсці сям'ю, якая некалі аддала яе на ўдачарэнне. Лора ўзяла Дэвіда з сабой на сустрэчу ў вясковай кавярні. Як згадвае сам Дэвід Шу, гэтая сустрэча моцна яго ўразіла, бо асабістыя крыўды ўдзельнікаў, аддаленасць іх жыццяў сфармавалі такую бездань, што размова не клеілася.

Нешта падобнае мы ўбачым і ў фільме: бацька Фрэдзі хутка выходзіць на сувязь і запрашае ў госці, але камунікацыя ідзе вельмі складана — у тым ліку з-за таго, што сям'я не размаўляе па-французску, а Фрэдзі — па-карэйску. Бацька таксама пакутуе ад алкагалізму і мучыцца згрызотамі сумлення ад таго, што кінуў дачку. Ён пачынае дэманстраваць гіперапеку: хоча, каб Фрэдзі засталася на радзіме, вывучыла карэйскую і выйшла замуж за карэйскага мужчыну. Але Фрэдзі імгненна выбухае ад такіх прапаноў. Яна зусім іншая, як ён можа гэтага не разумець і лезці са сваімі парадамі ў жыццё ўжо дарослага чалавека?

Звесткі пра тое, што крэўныя сваякі Фрэдзі назвалі яе пры нараджэнні Ён Хі, што азначае «паслухмяная і радасная», гучаць максімальна іранічна. Ясна, што гэта зусім не пра Фрэдзі.

Freddie (Park Ji-Min) in 'Return to Seoul'
Фрэдзі (Пак Чы-мін) у фільме «Вяртанне ў Сеул». Фота: Aurora Films

Няма простых адказаў

Драма Дэвіда Шу падымае пытанні самавызначэння і пошуку свайго месца ў свеце. Рэжысёр добра разумее супярэчнасці ў пачуццях галоўнай гераіні: яна шукала дому і прытулку, і ёй яго прапаноўваюць — але гэта зусім не тое месца, дзе яна хоча быць. Сентыментальнага ўз'яднання не адбылося, хоць знаёмства адно з адным, безумоўна, уплывае на герояў і ў нечым мяняе іх жыццё.

У бацькоў дзяўчыны няма простых адказаў на пытанні, чаму яе аддалі на ўдачарэнне ці чаму яна адчувае такую глыбокую экзістэнцыйную апатыю.

У выніку Фрэдзі аказваецца не там і не тут: не зусім задаволеная сваім жыццём у Францыі і адносінамі з прыёмнымі бацькамі (якіх можна ўбачыць у адным з эпізодаў у ветлівым, але напружаным відэазванку), у Карэі яна таксама не знаходзіць свайго месца.

Калі яна кажа аднаму з персанажаў, што працуе ў французскай фірме, той называе яе «траянскім канём» — з намёкам на іншую нацыянальнасць, — і гэты выпадковы ярлык раскрывае ўсю драму чалавека, у якога некалькі культурных ідэнтычнасцяў.

Фільм паказвае, што няма адзінага адказу на такія пытанні, як «Хто ты?» ці «Адкуль ты?» — Фрэдзі не можа знайсці сябе ні ў сям’і, ні ў нацыянальным самавызначэнні. Гераіні даводзіцца ўвесь час вынаходзіць сябе зноўку, шукаць адказы на новыя пытанні, і, здаецца, гэта — падарожжа, дзе сэнс у самім руху.

Вам таксама можа спадабацца:

«Будзе балець» — шчыры і эмацыйны серыял пра медыцыну. Вельмі добры

BlackBerry: кранальная драма-баёпік пра ўзлёт і падзенне мадэлі смартфона, папулярнай у 2000-я

Што паглядзець. «Сядай за руль маёй машыны» — найлепшы замежны фільм «Оскара» 2022 года

Каментары

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →