У Германіі хочуць забараніць выдаваць візы расійскім і беларускім спартсменам
Міністарка ўнутраных спраў Германіі Нэнсі Фэзер прапанавала забараніць выдачу віз спартсменам з Расіі і Беларусі, якія плануюць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах на тэрыторыі Германіі.
«Калі МЗС пагодзіцца са мной у гэтым, то мы адмовім у візах расійскім і беларускім спартоўцам, якія ўязджаюць у Германію», — заявіла чыноўніца 12 мая пасля 47-й канферэнцыі міністраў спорту ў Франкфурце-на-Майне.
Нэнсі Фэзер належыць, як і федэральны канцлер Олаф Шольц, да Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі.
Таксама цяпер абмяркоўваецца пытанне аб меркаваным спыненні дзяржаўнага фінансавання міжнародных спаборніцтваў у Германіі ў выпадку ўдзелу ў іх расійскіх і беларускіх спартсменаў.
«Мы абмеркавалі гэта з алімпійскай спартыўнай канфедэрацыяй Германіі і вырашылі ўстрымацца ад гэтага, таму што ў адваротным выпадку мы нанясём вялікую шкоду арганізатарам», — падкрэсліў міністр унутраных спраў федэральнай зямлі Гесэн Петэр Бойт.
Алімпійская спартыўная канфедэрацыя, паводле ягоных слоў, «аднагалосна і адназначна пацвярджае пазіцыю ўрада ФРГ у дачыненні да таго, што ён з дапамогай візавай палітыкі перашкаджае магчымасці расійскіх і беларускіх спартсменаў удзельнічаць у спаборніцтвах у Еўропе».
Каментары