Чаму Маркаў не Салаўёў. Чым адрозніваецца беларуская і расійская прапаганда
Галоўная задача беларускай прапаганды — дагадзіць Лукашэнку. А ў расійскай? Пра рознасць і падабенства прапаганды разважаюць аналітыкі.
Галоўнае — пераседзець непрыемнасці
Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман заўважае, што звонкае маўчанне беларускай прапаганды ў адказ на рэзанансныя падзеі — гэта ўжо тэндэнцыя. Узяць для прыкладу гісторыю з Віктарам Бабарыкам, які трапіў у бальніцу і пра стан якога практычна нічога не вядома цяпер.
«Мы так і не даведаліся, што з ім здарылася, ці жывы ён увогуле. Прапаганда пераседзела гэтую тэму, як спрабуе пераседзець непрыемную для сябе тэму з выбухам на чыгунцы ў Бранскай вобласці, дзе маглі пацярпець беларускія чыгуначнікі».
«Прапагандзе дадзены відавочны загад перакрываць, перабіваць далікатныя праблемы іншымі тэмамі, — дадае Фрыдман. — Аб Пратасевічу цяпер дзяржаўная прапаганда амаль не піша, што азначае, на мой погляд, што ён па-ранейшаму знаходзіцца ў падвешаным стане. Афіцыйныя СМІ паведамілі толькі, што да разгляду апеляцыі ён застаецца пад хатнім арыштам. Самі прапагандысты не ведаюць, чым уся справа скончыцца, таму, магчыма, і дадзены загад Пратасевіча не чапаць».
У Расіі ж дзяржаўныя медыя звычайна рэагуюць і на непрыемныя для іх тэмы. Чым абумоўленыя такія розныя паводзіны саюзнікаў па прапагандзе?
«Гэта самае важнае адрозненне беларускай прапаганды ад расійскай. Беларуская прапаганда на 100% знаходзіцца пад кантролем: яна не мае ніякай самастойнасці, уся яе дзейнасць праходзіць у адным рэчышчы, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — У Расіі сітуацыя выглядае трохі інакш: там існуе значны кантроль з боку дзяржавы, але не татальны. Таму многія непрыемныя для Расіі рэчы, якія ў Беларусі трапілі б пад забарону, там усё-такі выходзяць у публічную прастору».
Аналітык Media IQ Паўлюк Быкоўскі тлумачыць паводзіны прапагандыстаў рознай сітуацыяй у Беларусі і Расіі:
«У Расіі яшчэ засталася інерцыя існавання ліберальных медыя, яны не поўнасцю знішчаныя ў краіне, і яны, прынамсі, даступныя ў інтэрнэце. Іх уплыў не тое каб вялікі, але іхняе існаванне прымушае рэагаваць на некаторыя пытанні. Французскі сацыёлаг П'ер-Іў Шароль выдзяляў тры віды інфармацыі ў залежнасці ад яе функцыі: зададзеную, вымушаную і нейтральную. То-бок ліберальныя выданні выклікаюць вымушаную рэакцыю: цалкам заплюшчваць вочы на непрыемныя падзеі не ўдаецца.
Не скажу, што ў Расіі вымушаная рэакцыя дзейнічае заўсёды: там даўно стала табу ўпамінанне Навальнага, але калі здараецца выбух, то яны мусяць на яго рэагаваць, хаця могуць ужываць эўфемізмы, напрыклад, выбух называюць хлапком, — кажа эксперт.
— У беларускай сітуацыі тыя, хто кіруе прапагандай, упор робяць на кіраванні тэлевізарам — і гэта самае галоўнае. Таму вельмі часта яны не лічаць патрэбным штосьці заўважаць.
Апрача таго, калі ў Беларусі недзяржаўныя медыя фактычна знішчаныя дубінкай і турмой, то ў Расіі быў і ёсць шэраг недзяржаўных медыя, які ўяўляе сабой шмат адценняў шэрага: хто адлюстроўвае пазіцыю адной башні Крамля, хто — іншай. У Беларусі кіроўны рэжым кансалідаваны, груп уплыву на медыя не існуе, таму ён паступае прыкладна аднолькава».
Яшчэ адно адрозненне прапаганды — умоўная «самастойнасць», якую могуць сабе дазволіць медыя.
«У Расіі шмат прапаганды робіцца на так званым аўтсорсінгу ці ў форме фармальна незалежных ад дзяржавы медыя: «Московский комсомолец», «Комсомольская правда». Яны могуць дазволіць сабе вострыя выказванні, якія «Российская газета» і іншыя дзяржаўныя газеты лічаць недазволенымі, хаця межы магчымага ў Расіі апошнім часам значна пашырыліся, — кажа Паўлюк Быкоўскі, маючы на ўвазе свабоду лаянкі, а не свабоду слова. — У Беларусі недзяржаўных выданняў, якія б выконвалі такую функцыю, фактычна няма. Гэтая частка прапаганды робіцца праз тэлеграм-каналы і так званыя аўтарскія перадачы. Пры неабходнасці заўсёды можна сказаць: гэта пазіцыя Азаронка, але не пазіцыя дзяржавы», — лічыць Быкоўскі.
Спрошчаная сістэма дзяржпрапаганды, стрыжнем якой ёсць тэлевізар, таксама адрознівае беларускую сістэму ад расійскай.
«У Беларусі існуе тры дзяржаўныя тэлеканалы, пяток выданняў нацыянальнага ўзроўню, абласныя газеты — усё гэта ў вачах рэжыму выглядае адладжанай сістэмай. Але ў інтэрнэце так не атрымліваецца. А ў Расіі працуюць на ўсіх магчымых пляцоўках і выдаткоўваюць на гэта грошы. Той самы Уладзімір Салаўёў раней вельмі актыўнічаў на YouTube, а цяпер на іншых пляцоўках, створаных у Расіі на замену YouTube».
Каго абслугоўвае прапаганда
Аляксандр Фрыдман мяркуе, што беларуская прапаганда круціцца вакол пажаданняў адной персоны, аўдыторыя беларускай прапаганды — выключна Лукашэнка:
«Уся прапаганда арыентуецца на патрэбы і густы аднаго чалавека, усё пішацца і робіцца толькі для аднаго чалавека — гэта і ёсць сапраўдная аўдыторыя прапаганды, менавіта яму і трэба спадабацца. Уся пісаніна, зразумела, не чытаецца, але арыентацыя на яго мысленне прысутнічае.
Гэта адрознівае дзяржаўную беларускую прапаганду ад расійскай, бо расійская імкнецца заваяваць аўдыторыю. Для беларускай дзяржаўнай прапаганды заваяванне аўдыторыі — пытанне другаснае, першаснае — дагадзіць Лукашэнку і калектыўнаму Лукашэнку».
«І ў Беларусі, і ў Расіі прапаганда абслугоўвае кіроўныя рэжымы. Але ў Расіі прапаганда больш разгалінаваная: там існуе сама дзяржаўная прапаганда, ёсць аўтсорсінг для прыватных выдаўцоў, якія могуць гэтым займацца. Плюс існуе вялікае кола магчымасцяў зарабляць грошы, абслугоўваючы дзяржаўную прапаганду ў сацыяльных сетках, тэлеграме, — кажа Паўлюк Быкоўскі. — У Беларусі на гэтыя мэты грошай амаль не выдзяляецца, асабліва ў параўнанні з Расіяй. Ёсць тэлебачанне, ёсць дзяржаўныя газеты, у якіх драўляныя прамовы пра тое, як дзяржава добра працуе, што Беларусі пагражае «калектыўны Захад». А вось каб працаваць на розныя аўдыторыі — такой далікатнай надбудовы, якая раней была вельмі прадуманая ў Расіі, у Беларусі няма.
А цяпер з-за вайны і ў Расіі паламалі схему, бо імітаваць кантроль прысутнасці розных меркаванняў у кантраляваных Крамлём медыя стала складана: трэба, каб усе аб’ядналіся вакол сцяга і лічылі, што ідзе «айчынная вайна» і што ўвогуле Захад напаў на Расію».
Ці варта Салаўёва параўноўваць з Маркавым
Твары беларускай і расійскай прапаганды таксама маюць свае адрозненні — маштаб і папулярнасць, напрыклад. Ці можна параўноўваць прапагандыстаў-саюзнікаў?
«Расійскага Салаўёва варта параўноўваць з Маратам Маркавым, бо і той, і той з’яўляюцца кіраўнікамі, медыяменеджарамі і прысутнічаюць у кадры як прапагандысты. У Беларусі такі твар мае фактычна адзін Марат Маркаў, астатніх можна ўбачыць у «Клубе рэдактараў», але, мякка кажучы, гэта не самая рэйтынгавая перадача на тэлебачанні», — кажа Паўлюк Быкоўскі.
Ці з’яўляюцца прапагандысты часткай сістэмы або толькі абслугоўваюць яе?
«Яны розныя: ёсць звычайныя выканаўцы, але ёсць і тыя, хто набліжаны да цела. Тэлевізіёншчыкі, якія выконваюць заказ, — шараговыя выканаўцы, а той жа Мукавозчык, Гігін, Азаронак, Маркаў — не проста прапагандысты. Тая акалічнасць, што яны нават прысутнічаюць у камісіі па вяртанні палітычных эмігрантаў, сведчыць пра тое, што яны частка дзяржаўнага апарату», — мяркуе Аляксандр Фрыдман.
Паўлюк Быкоўскі згодны з такой высновай:
«І Салаўёў, і Маркаў — абодва ўпісаныя ў сістэму, але па-рознаму. Калі Салаўёву можна плакаць па памесцях у Італіі, якія арыштаваныя, то ў Маркава, думаю, памесцяў не было. А на рахунках Маркава ў банках, з пункту гледжання Салаўёва, невялікія грошы, але ў беларускай сістэме каардынат Маркаў, напэўна, адзін з паспяховых дзеячаў, хто можа лічыць сябе забяспечаным».
Прэс-служба Лукашэнкі апублікавала відэа зайца ля Палаца Незалежнасці. Што пра гэта кажуць народныя прыкметы?
«Шапнулі, што падхапіў заразу». Што беларускія і расійскія прапагандысты напісалі пра стан Лукашэнкі
Прапагандысты вырашылі не замарочвацца з пошукам спікераў. Вось як выглядалі тыя, хто ачарняў Бяляцкага на БТ
Каментары