Праўладны аналітык напісала дысертацыю па «рускім свеце» і высветліла, што беларусы да яго не гатовыя
На 31 траўня ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце прызначаная абарона дысертацыі па тэме «Феномен нацыянальнага палітычнага маркетынгу (на прыкладзе канцэпту «Рускі свет»)». Аўтарка працы, суіскальніца вучонай ступені доктара палітычных навук — кандыдатка сацыялагічных навук, дацэнтка, намесніца начальніка ўпраўлення ўнутранай палітыкі, начальніца аддзела сацыяльных даследаванняў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Святлана Алейнікава, піша «Народная воля».
У апублікаваным аўтарэфераце працы асабліва цікавай будзе прыкладная частка, якая адказвае на пытанне: ці асацыюе беларускае грамадства сябе з канцэптам «рускага свету» — тым, якім ён існуе сёння?
Святлана Алейнікава ацэньвала гэта па трох асноўных параметрах:
1) асаблівасці беларускага менталітэту, уплыў на іх фармаванне розных этапаў гістарычнага развіцця;
2) знешнепалітычныя арыентацыі і прыярытэты ў інтэграцыйных працэсах;
3) успрыманне грамадствам ідэй «рускага свету» як прадукту нацыянальнага палітычнага маркетынгу.
Аналіз вынікаў дазволіў выявіць шэраг асаблівасцяў успрымання «рускага свету» беларусамі.
Па-першае, для беларусаў высокую значнасць маюць савецкі перыяд гісторыі і перыяд незалежнасці ў параўнанні з іншымі, больш раннімі этапамі гістарычнага развіцця беларускай дзяржаўнасці.
Па-другое, усведамленне, з аднаго боку, кансалідуючай ролі агульных традыцый і каштоўнасцяў славянскіх народаў, але з другога, — неабходнасці самастойнасці шляху развіцця.
Па-трэцяе, у роўнай ступені пазітыўнае ўспрыманне як індывідуалістычных, так і калектывісцкіх каштоўнасцей, якія традыцыйна супрацьпастаўляюцца адно аднаму ў рамках культурна-цывілізацыйнага і рэлігійнага падыходаў да «рускага свету».
«Асноўнымі ўмовамі палітычнага развіцця Рэспублікі Беларусь рэспандэнты назвалі дэмакратыю і выбарнасць органаў дзяржаўнай улады. Канцэпцыя правоў чалавека ўспрымаецца і як інструмент абароны інтарэсаў грамадзяніна, і як універсальная каштоўнасць, усярэднены стандарт паводзін, неабходны для бесканфліктнага ўзаемадзеяння ў полікультурным свеце. Стаўленне да дзяржавы пазбаўленае характэрных для «рускай ідэі» і ідэалогіі «рускага свету» сакральных падстаў і звязанае у першую чаргу з магчымасцю рэалізацыі ёй сацыяльных функцый», — робіць заключэнне Святлана Алейнікава.
Такім чынам, атрымліваецца, што беларусы не разумеюць рускага месіянства, не жадаюць канфліктаваць з заходняй цывілізацыяй, не бачаць у дзяржаве нечага вялікага і боскага, а хочуць, каб у ёй было проста добра жыць. Гэта ніяк не ўпісваецца ў канцэпт рускага свету.
Паводле даследавання Святланы Алейнікавай, «цяпер у экспертаў і грамадства ў цэлым няма выразна сфармаванага ўяўлення як пра саму ідэю «рускага свету», так і пра магчымыя перспектывы яе рэалізацыі.
Да значных падстаў можна аднесці рускую мову, супольную культуру і традыцыі. Разыходжанні ў ацэнках трох іншых падстаў «рускага свету» (праваслаўная вера, супольныя ўяўленні аб гістарычным мінулым і адзіная сістэма каштоўнасцяў) сведчаць пра тое, што гэтыя ўяўленні пакуль або наогул не сфармаваныя, або слаба структураваныя, гэта значыць, не з'яўляюцца значнымі ў каштоўнасна-матывацыйнай сістэме той ці іншай групы».
Дарэчы, «руская ідэя», пра якую цяпер так шмат кажуць прыхільнікі «рускага свету», першапачаткова складалася ва ўдасканаленні сваёй дзяржавы, а не чужых, дадае выданне.
Каментары
Вось не трэба балбаталагічна плявузгаць.
Усё адно, ніхто не паверыць у гэтую прапаганду, што нешта там "імкліва сціраецца" і што беларусы раптам вырашылі, што вайна і дзікае уварванне гэта добра.