У воданапорнай вежы ў Сцяпянцы могуць з'явіцца кавярня і каворкінг
У мінскай Сцяпянцы плануюць пабудаваць пяць жылых шматпавярховікаў і рэканструяваць нядзейную воданапорную вежу. Для гэтага гарадскія ўлады знясуць склады і іншыя гаспадарчыя памяшканні, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Згодна з праектам ад гарадскіх праекціроўшчыкаў, новая забудова з'явіцца паміж вуліцай Геалагічнай, школамі №182 і №183, дзіцячым садам №569 і паркам. Для гэтага тут знясуць склады і іншыя гаспадарчыя памяшканні.
На вызваленым участку хочуць пракласці новую вуліцу, узвесці пяць жылых дамоў вышынёй ад 10 да 19 паверхаў, тры двухузроўневыя гаражы-стаянкі, уладкаваць двары з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі, а таксама высадзіць як мага больш дрэў.
У канцэпцыю ад «Мінскпраекта» таксама закладзеная магчымасць захавання неэксплуатаванай на гэты момант воданапорнай вежы (вул. Карвата, 5) і яе далейшая рэканструкцыя.
Праекціроўшчыкі лічаць, што ў вежы можна зрабіць вокны, зашклёнае купальнае перакрыцце (светлавы ліхтар) і арганізаваць там міні-кавярню ды зону каворкінгу з мабільнымі прадметамі мэблі. Лесвіцы, ліфты, прыбіральні можна прадугледзець як у самой вежы, так і ў прыбудаваных дадатковых памяшканнях.
Праўда, інвестара, які быў бы ахвотны ўзяцца за такую рэканструкцыю, пакуль што не знайшлося.
Каментары