У Мінску прайшла цырымонія перапахавання 852 савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Як піша БелТА, гаворка ідзе пра вайскоўцаў, парэшткі якіх выявілі на тэрыторыі былога нацысцкага канцлагера для ваеннапалонных Шталаг-352 на цяперашняй сталічнай вуліцы Лынькова.
Першыя палявыя пошукавыя работы былі праведзеныя на гэтым месцы ў маі 2016 года. Яны былі працягнутыя ў 2020 годзе, вяліся і ў 2022-м.
Па афіцыйных звестках, у 2022 годзе ў агульным ліку выявілі парэшткі 852 вайскоўцаў Чырвонай арміі. Дзякуючы 46 захаваным медальёнам, атрымалася вызначыць, што яны патрапілі ў палон і апынуліся ў шталагу ў самым пачатку вайны: паміж летам — восенню 1941-га і ў 1942-м. Удалося таксама ўстанавіць асобы 11 загінулых вайскоўцаў.
Адпаведныя службы змаглі адшукаць сваякоў некаторых з загінулых чырвонаармейцаў, цяпер яны жывуць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, што некалі ўваходзілі ў склад СССР.
Каментары