Вайна33

Украіна пагружае Расію ў «туман вайны», украінцы вялікія майстры ў гэтым — Le Monde

Перад пачаткам буйнамаштабных удараў па расійскай арміі Кіеў павялічвае колькасць акцый, накіраваных на ўвядзенне праціўніка ў зман і распаўсюджванне сярод яго панікі. Вайскоўцы такія дзеянні называюць «туман вайны».

Лакаматыў цягніка, які сышоў з рэек у выніку падрыву чыгункі ў Бранскай вобласці 1 мая. Фота: сацыяльныя сеткі

Як адзначаецца ў артыкуле Le Monde, тэрмін «туман вайны» тэарэтычна абгрунтаваў прускі генерал Карл фон Клаўзевіц (Carl von Clausewitz). Ён азначае няўпэўненасць у тым, што адбываецца, якую адчуваюць удзельнікі ваенных дзеянняў.

«Туман — гэта структурная ўмова вайны. Мы ствараем яго, каб забяспечыць бяспеку аперацыі. І ўкраінцы вельмі здатныя ў гэтай гульні», — цытуе журналіст французскай газеты навуковага супрацоўніка Цэнтра аналізу і прагназавання міжнароднай рызыкі і галоўнага рэдактара часопіса «Défense & sécurité internationale» («Абарона і міжнародная бяспека») Жазэфа Анратэна (Joseph Henrotin).

У артыкуле адзначаецца, што ўкраінская армія нарошчвае намаганні, каб згусціць гэты туман. У якасці прыкладу прыводзіцца колькасць атак беспілотнікаў, якая ўзрасла апошнія дні, на пазіцыі расіян не толькі на акупаваных тэрыторыях, але і ў Расіі. Сярод іх — атакі на склад паліва ў порце Севастопаля (27 красавіка), тэрмінал у Тамані і Ільскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі (4 мая).

Павялічваецца і колькасць дыверсійных аперацый. Так, 1 і 2 мая ў Бранскай вобласці ў выніку падрыву чыгункі сышлі з рэек два цягнікі. 1 мая была пашкоджана лінія электраперадач каля пасёлка на поўдзень ад Санкт-Пецярбурга. 3 мая ФСБ Расіі заявіла аб ліквідацыі сеткі ўкраінскіх партызан у Крыме.

Акрамя таго, адзначаецца ў артыкуле, пачынаючы з сярэдзіны красавіка ўкраінскія сілы праводзяць дробныя аперацыі на ўсёй працягласці фронту 1800 кіламетраў.

«Украінцы б'юць на поўначы, а таксама на поўдні і ўсходзе. Гэта ставіць перад расійскім Генеральным штабам дылемы: ці ён вырашае абараняць усё, рызыкуючы быць слабым усюды, ці канцэнтруе свае сілы ў пэўных месцах, што робіць іншыя ўразлівымі», — цытуе выданне словы эксперта Ж. Анратэна.

Выбар гэты, як адзначае эксперт, ускладняе недахоп сродкаў для таго, каб даведацца, дзе ўкраінцы канцэнтруюць свае сілы. У расіян ёсць толькі два вайсковыя спадарожнікі аптычнага назірання. Яны знаходзяцца на нізкай арбіце і не могуць выйсці на больш высокую. Украінцы ведаюць час іх праходу над сваёй тэрыторыяй і на гэты час проста хаваюцца.

Істотныя страты панёс расійскі флот разведвальных беспілотнікаў «Арлан», а самалёты-разведчыкі Іл-20 і Ан-30 рэдка набліжаюцца да ўкраінскай мяжы, бо баяцца ўкраінскіх сістэм СПА.

У артыкуле адзначаецца, што слепата расійскага боку кантрастуе з масівам даных, якія мае ў сваім распараджэнні Украіна.

З лета 2022 года Кіеў арандуе ў фінскай кампаніі Iceye спадарожнік радыёлакацыйнага назірання. Ён дазваляе назіраць за Зямлёй як ноччу, так і ва ўмовах моцнай воблачнасці. З кампаніяй таксама падпісана пагадненне аб доступе да выяў высокай якасці з дваццаці іншых спадарожнікаў.

Гэта дае магчымасць сачыць за абʼектамі з высокай частатой. Заходнія саюзнікі таксама далі ўкраінцам доступ да ўласных спадарожнікавых рэсурсаў.

Карэспандэнт звяртае ўвагу і на тое, што апошнія дні ЗША і шэраг еўрапейскіх краін павялічылі палёты радыётэхнічнай разведкі на межах Украіны. Гэта дазваляе вызначыць месцазнаходжанне радыёлакацыйных сістэм праціўніка.

У дадатак да гэтага ўкраінскія і заходнія афіцыйныя асобы множаць заявы, якія накіраваныя на тое, каб заблытаць расіян. Так, 27 красавіка генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг (Jens Stoltenberg) заявіў аб тым, што саюзнікі накіравалі 98% абяцанай тэхнікі, а на гэтым тыдні ўкраінская армія абвясціла аб увядзенні з вечара 5 мая каменданцкай гадзіны на 58 гадзін у Херсоне.

Аб тым, наколькі такія заявы выклікаюць хваляванні ў расійскага боку, сведчаць, на думку аўтара артыкула, заявы, з якімі ў апошнія дні выступіў Яўген Прыгожын.

Іншым сведчаннем хвалявання, на думку французскага журналіста, зʼяўляецца заява Расіі аб частковай эвакуацыі васямнаццаці населеных пунктаў у акупаванай Запарожскай вобласці. Для экспертаў, заўважае аўтар артыкула, гэта знак таго, што расійскі Генеральны штаб дапускае, што там пачнецца ўкраінскае контрнаступленне, і хоча да яго падрыхтавацца.

Што гэта, правільны выбар Масквы ці паспяховая маніпуляцыя Кіева? Вынік бітвы, якая ў хуткім часе павінна адбыцца, часткова залежыць ад адказу на гэта пытанне, — рэзюмуе аўтар артыкула.

Чытайце яшчэ:

Яўген Прыгожын звязаўся з прадстаўнікамі Кадырава для перадачы пазіцый у Бахмуце

Расія наўрад ці зможа цалкам абараніць сваю чыгунку ад дыверсій — разведка Брытаніі

Расія замяніла прыярытэт захопу Бахмута на падрыхтоўку да контрнаступу — ISW

Каментары3

  • mikola
    07.05.2023
    Maskva pavinna da domu vjarnucca....Adnak jany geta ni zrobjac............
  • 100%
    07.05.2023
    СЛАВА УКРАИНЕ!ГЕРОЯМ СЛАВА!
  • Ауууу
    07.05.2023
    А нас в советской школе учили о поездах под откос в стране.
    И где они, эти потомки великой борьбы или условия не те или война не у них?

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным23

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

«Тры-пяць разоў перакуліліся»: Аляксандр Саладуха з сынам трапіў у жудаснае ДТЗ — ФОТЫ15

Выйшаў на свабоду доктар-неўролаг Аляксандр Цялега

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну8

Беларус-дальнабойшчык знайшоў у сваім рэфрыжаратары двух нелегальных мігрантаў1

Канапацкая падзякавала камуністам за дапамогу, але сама застаецца «нацдэмкай»7

«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду6

Расійскі віцэ-прэм'ер расказаў, калі ўвядуць агульную валюту з Беларуссю1

Купля трактароў з Беларусі прынесла праблемы польскім фермерам2

Шайгу заявіў пра падрыхтоўку беларускіх экіпажаў комплексаў «Іскандэр»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным23

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →