Петрушка Шустрава памерла ў суботу, 6 мая, ва ўзросце 75 гадоў.
Яна нарадзілася 17 мая 1947 года ў Празе. У маладосці была трацкісткай, працавала прыбіральшчыцай на пошце і рэдагавала самвыд.
Атрымала два гады за распаўсюд улётак у 1969 годзе пасля Пражскай вясны, была адным з трох афіцыйных прадстаўнікоў «Хартыі-77», пасля Аксамітнай рэвалюцыі пабывала нават намеснікам міністра ўнутраных спраў, распрацоўвала закон аб люстрацыі, які ў Чэхіі быў вельмі строгі.
«У 1969 годзе падчас арышту з мяне здзекаваўся адзін супрацоўнік. Я тады крыкнула: «Гэта вам дарма не пройдзе, гэта вам адгукнецца». І вось падчас люстрацыі перада мной сядзіць той самы чалавек, і я нагадваю яму: «Я ж вам казала, пан супрацоўнік». Ён не тое што пазнаў мяне, ён спалохаўся. Але чаго яму было баяцца? Максімум, што мы маглі зрабіць, — звольніць абвінавачанага ў злачынствах са спецслужбаў і пазбавіць падвышанай службовай пенсіі», — згадвала яна пазней.
Каментары