Грамадства2929

Прадстаўнік лукашэнкаўскага Моладзевага парламента далучыўся да руху «Супраціў» і расказаў, як перайшоў у апазіцыю

Яраслаў Грыгор'еў сёння называе сябе беларускім нацыяналістам, хоць яшчэ нядаўна больш нагадваў тыповага кар'ерыста часоў Лукашэнкі: старшыня Моладзевага парламента Магілёва, кіраўнік БРСМ у сваім інстытуце. Ды яшчэ і грамадзянін Расіі. Хлопец расказаў, як змяняліся яго погляды і як ён прыйшоў да «Супраціву» — адной з самых радыкальных плыняў беларускай апазіцыі і стаў старшынёй віленскай філіі «Руху беларускіх нацыяналістаў».

Яраслаў Грыгор'еў падчас сходу БРСМ і пазней са Святланай Ціханоўскай. Фота: «Укантакце», інстаграм Яраслава

«Мне не сорамна за ўдзел у Моладзевым парламенце»

Я быў дэлегатам Моладзевага парламента Магілёва з дзявятага класа. І мне не сорамна за гэта.

Мы стараліся зрабіць шмат добрых рэчаў. Да прыкладу, мы прасоўвалі ініцыятыву, каб дазволілі падаваць дакументы адразу ў некалькі ВНУ (у выніку абітурыентам усё адно гэта забаранілі — НН). Спачатку мы збіралі за гэта подпісы, але мясцовыя ўлады сказалі, што подпісы — гэта метады апазіцыі.

Яраслаў Грыгор'еў у часе навучання ва ўніверсітэце. Фота: «Укантакце»

Мы не хацелі ісці на канфлікты, таму звярнуліся да ЮНІСЕФ, і яны правялі сацапытанне наконт гэтага. Пасля гэтага з намі выйшлі на дыялог Міністэрства адукацыі і сам Карпенка (на той момант міністр адукацыі — НН). Сталі стварацца працоўныя групы, але пачаўся каранавірус, і ініцыятыва згарнулася сама сабой.

Гэты парламент хоць і меў пэўную ступень кантролю, але былі магчымасці для ўзаемадзеяння і з незалежнымі структурамі. Мы працавалі нават з Таварыствам беларускай мовы.

Нас падштурхоўвалі да ўзаемадзеяння з расійскімі моладзевымі парламентамі, але яны ставіліся да нас з пагардай. У іх гэта прафесійная арганізацыя, дзе людзі з розных палітычных партый, але маладзейшыя. Таму была пара чыста фармальных сустрэч, але ні да чога гэта не прывяло.

Яраслаў сярод дэлегатаў Смаленскіх рэгіянальных калядных чытанняў у 2018-м годзе. Фота: mp.mogilev.by

Пры гэтым атрымалася наладзіць супрацу з Еўрапейскім моладзевым парламентам і дамовіцца нават пра тое, што яны ў нас арганізуюць грамадска-палітычную школу. Але праблема была ў тым, каб атрымаць дазвол — і гарвыканкам адмовіў.

Настроі сярод сяброў Моладзевага парламента былі праеўрапейскія. Мой намеснік Мацвей Федзін быў збіты на пратэстах, пра яго нават пісаў Tut.by, і ён быў змушаны выехаць з Беларусі.

Але свае погляды трэба было хаваць. Вядома, што на нізавым узроўні ўсе ведалі, хто што думае. Але пры чыноўніках і іншых функцыянерах выяўляць іх было нельга — тады мяне або іншага чалавека знялі б, а на маё месца пасадзілі б больш паслухмянага чалавека, і не было б там ані беларушчыны, ані добрых ініцыятыў.

Бо ў іншых моладзевых парламентах, як я бачыў, усё было зусім сумна, і для нас гэта было недапушчальна. Мы хацелі, як мы тады думалі, рабіць паўпадпольна хоць нешта.

Выбары і БРСМ

У мяне было няшмат ілюзій, хоць я ў інтэрв'ю «Магілёўскай вясне» казаў, што не веру ў тое, што галасы і месцы ў Саветах дэпутатаў загадзя размеркаваныя. Але пасля правядзення кампаніі (і разгромнай паразы на выбарах) пераканаўся ў іншым.

Я прыходзіў да жанчыны з аддзела ідэалогіі ў гарвыканкаме, і нават яна казала: маўляў, «ты ж сам ведаеш, як выбары праходзяць». А настаўнікі ў школах і ўніверсітэтах пасля расказалі, што ім прыходзяць спісы, дзе галасы загадзя размеркаваныя.

Яраслаў Грыгор'еў (злева), намеснік кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Кунцэвіч (другі справа) і намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Жэўняк (крайні справа) абмяркоўваюць «важныя для моладзі праблемы». Фота: mp.mogilev.by

Але я ўжо тады ішоў на парламенцкія выбары ад руху «За свабоду», хоць і таемна. Калі б гэта выкрылася, то мяне выключылі б з Моладзевага парламента, а я хацеў яшчэ зрабіць праз яго нешта карыснае.

Таксама я ўзначальваў ячэйку БРСМ, калі вучыўся ў БІПе. Я ганаруся тым, што мы літаральна нічога не рабілі — не здавалі ўнёскаў і не праводзілі ніякіх імпрэз. Але за гэта я атрымліваў зніжку на вучобу.

«Думаў паспрабаваць змяніць сістэму знутры, але расчараваўся ў сваім падыходзе»

Гледзячы на тое, у якім стане знаходзілася апазіцыя, я не бачыў вялікіх магчымасцяў для таго, каб яна магла на нешта ўплываць. Тады на свой яшчэ малады студэнцкі розум я падумаў: варта паспрабаваць змяніць сістэму знутры. Праз Моладзевы парламент я добра зразумеў, наколькі памыляўся. 

Яраслаў Грыгор'еў падчас імпрэзы Моладзевага парламента. Фота: яго інстаграм

Напрыклад, мы праводзілі кампанію па прафесійнай арыентацыі. Было так: школьнікі дамаўляліся з дырэктарамі розных кампаній, да прыкладу, банкаў, каб яны праводзілі адкрытыя экскурсіі і паказвалі, як знутры гэта працуе. Школьнік вядзе перапіску з дырэктарам кампаніі без пасярэднікаў — і гэта для нас была сапраўдная перамога.

Але калі так званыя куратары з ідэалагічнага аддзела гарвыканкама пабачылі, што ініцыятыва ідзе не ад іх, а знізу, ад моладзі, то пачалі ставіць нам палкі ў колы, шкодзіць рознымі шляхамі. Да прыкладу, забаранялі набіраць людзей у арганізацыю, калі людзі сыходзілі праз надуманыя прычыны, праз што ў пэўны момант у нас было толькі 50% ад складу.

Першы год, як мяне абралі кіраўніком Моладзевага парламента, то ў нас было ўсё нармальна, нас нават падтрымлівалі ўлады. Казалі спачатку: маўляў, вы парламент, займайцеся заканадаўчымі ініцыятывамі. Але пасля стала цяжка нешта рабіць.

Яраслаў Грыгор'еў расказвае школьнікам пра асновы юрыдычнай навукі ад Моладзевага парламента. Фота: mp.mogilev.by

У выніку я вельмі расчараваўся ў сваім падыходзе і мая рыторыка і дзеянні сталі больш радыкальнымі ў дачыненні да ўлады. Было гэта на 3-4 курсе, з 2019 года прыкладна.

Фармальна нават у 2020 годзе я таксама быў у парламенце, але тады ўжо пачаліся пратэсты, і стала не да кіравання Моладзевым парламентам. Апошняе, што я паспеў зрабіць, — мы спрабавалі дапамагчы федэрацыі глухіх у Магілёве, якія былі ў жахлівым будынку і літаральна замярзалі там без ацяплення.

Мы напісалі заяўку на грант ад ЮНІСЕФ і атрымалі яго, але я быў вымушаны з'ехаць з Беларусі пасля ўдзелу ў пратэстах і не дарабіў гэтую справу. Казалі пасля, што грошы забраў сабе ідэалагічны аддзел гарвыканкама, і яны быццам бы мусілі іх перадаць «куды трэба». 

«Я — грамадзянін Расіі»

Я нарадзіўся ў Калінінградзе і так, я грамадзянін Расіі.

Маці мая з Магілёўшчыны. А прабабуля, якую я памятаю жывой, — з Берасцейшчыны. Бацька — палова на палову.

Яраслаў Грыгор'еў у Беластоку ў школьным узросце. Фота: «Укантакце»

Маці скончыла ўніверсітэт імя Куляшова ў Магілёве і працавала настаўніцай мастацтва ў школах. А пасля сустрэла бацьку на адпачынку ў нейкім санаторыі, а ён жыў у Калінінградзе. Каханне, справа маладая, і яна пераехала да яго. Там і нарадзіўся я.

Але яны разышліся, калі мне было шэсць гадоў. У выніку маці дапрацавала ў Калінінградзе, і разам з сям'ёй мы пераехалі ў Беларусь, калі я быў у сёмым класе. З таго часу я стала ўвесь час быў у Беларусі да пратэстаў 2020-га. Беларускага грамадзянства я так і не атрымаў, а ўнутраны расійскі пашпарт абнаўляў у Смаленскай вобласці.

Пераход у апазіцыю

Апазіцыйная мая гісторыя цягнулася з таго часу, як я звязаўся з рухам «За свабоду», але тады я ўдзельнічаў не вельмі актыўна і ўсё рабіў таемна. А пасля пачаўся 2020 год. Тады, да прыкладу, мы стаялі ля СІЗА, я ўдзельнічаў у саміх пратэстах.

Яраслаў Грыгор'еў у 2020 годзе. Фота: ягоны інстаграм

У нейкі момант за мной пачалі сачыць, і мне паведамілі, што на мяне можа быць заведзена крымінальная справа. Таму я вырашыў тэрмінова выехаць у Расію — гэта было 28 жніўня. У Расіі каля трох месяцаў паспеў папрацаваць у Цінькоф Банку кансультантам па картках.

Еўрапейцы палічылі мой страх за ўласную свабоду адэкватным і далі гуманітарную візу прыкладна праз паўгода чакання. З таго часу я жыву ў Еўропе.

Беларушчына і нацыяналізм

Пашпарт — гэта проста фармальнасць, і далёка не ўсе людзі з расійскім пашпартам лічаць сябе расіянамі.

Я выхоўваўся ў беларускай сям'і і часта ездзіў у Беларусь. Да студэнцтва я саромеўся беларушчыны. У мяне, да прыкладу, у гутарковай мове часта праскоквае трасянка. І асяроддзе было такое, што з мяне пасмейваліся, калі нешта скажу не так.

Але пасля я знайшоў беларускія суполкі, дзе мне было ўтульна і камфортна, да прыкладу, «Мова нанова». І я пачаў цікавіцца першакрыніцамі, беларускай гісторыяй і культурай. Праз гэта я пазнаёміўся з БНФ, з рухам «За Свабоду» і прадстаўнікамі Задзіночання беларускіх студэнтаў, і гэтае асяроддзе моцна на мяне паўплывала.

Яраслаў Грыгор'еў. Фота: ягоны інстаграм

Мы ніколі не былі далёкія ад беларушчыны, суполкай ад Моладзевага парламента хадзілі на курсы «Мова нанова», рабілі і іншыя рэчы.

Да прыкладу, калі рэжысёр Аляксей Палуян арганізоўваў кінапрагляд «Возера радасці» ў Мінску, то мы вырашылі арганізаваць яго і ў Магілёве. Пайшлі з прапановамі па ўсіх кінатэатрах, але пагадзіўся толькі кінатэатр «Чырвоная зорка». З нас патрабавалася прывесці гледачоў на сеанс, і мы пачалі актыўна піярыць мерапрыемства — ахвотнікаў было мора. Калі аддзел адукацыі пабачыў вялікую цікавасць да прагляду, то прапанаваў арганізаваць яго бясплатна, і гэта быў аншлаг, усе месцы занятыя.

«Беларусіяна», «Супраціў», Каардынацыйная рада і «Рух»

Я вёў канал «belarusiana» яшчэ «Укантакце» з 2019 года, таксама падпольна. Пасля перайшоў у тэлеграм. Праз канал мяне заўважыў Павел Кулажанка, які быў прадстаўніком руху «Супраціў» — супольнасці, якая выступае за больш, скажам так, рашучыя метады барацьбы з дыктатурай. Мы пазнаёміліся і знайшлі супольную мову.

Паўдзельнічалі нават у ШОСе, які арганізоўвала Вольга Карач, гэта была такая спроба аб'яднання дэмакратычных сіл. Спроба не самая ўдалая, як аказалася.

Але пасля мы ўсё больш розных супольных праектаў рабілі разам. І мне прапанавалі стаць часткай каманды і прадстаўляць моладзь руху «Супраціў». А пасля прапанавалі стаць дэлегатам Каардынацыйнай рады ад руху «Супраціў». Уся гэтая гісторыя цягнулася, можа, год-паўтара.

(«Наша Ніва» спыталася ў прадстаўніцы «Кіберпартызанаў» Юльяны Шэметавец пра тое, як Яраслаў стаў прадстаўніком «Супраціву». Яна расказала, што хлопец прайшоў шэраг праверак, а ўсе ягоныя біяграфічныя звесткі яны лічаць дакладнымі і неаднаразова праверанымі. Таксама Юльяна кажа, што ў «Супраціве» рашэнні прымаюцца калегіяльна, і яны супольна ўхвалілі ягоную кандыдатуру.)

Яшчэ я кіраўнік літоўскага філіяла «Руху беларускіх нацыяналістаў», які называюць проста «Рух». У Вільні мы публічна дэбютавалі на «Чарнобыльскім шляху» 26 красавіка 2023 года. Мы сталі суарганізатарамі, а наш блок быў заўважны, і мы атрымалі даволі шмат заявак на далучэнне.

Прадстаўнікі «Руху беларускіх нацыяналістаў» на «Чарнобыльскім шляху» ў Вільні, 26 красавіка 2023 года. Яраслаў у цэнтры са сцягам «Супраціву». Фота: тэлеграм-канал «Рух»

Я — беларускі нацыяналіст. Калі глядзець на нацыяналізм як нейкую шавіністычную ідэалогію і непрыняцце іншых, то такога ў мяне няма. Адзінае, што стаўленне да збліжэння з Расіяй, да Саюзнай дзяржавы і такога кшталту ўтварэнняў у мяне радыкальна адмоўнае.

«Ёсць сэнс у тым, каб удзельнічаць у рухах у эміграцыі»

Сэнс майго знаходжання ў Каардынацыйнай радзе ў асноўным у тым, каб прасоўваць інтарэсы руху «Супраціў».

Да прыкладу, гэта гарантыі для актывістаў «на зямлі» таго, што яны не панясуць адказнасці за радыкальныя дзеянні ў Беларусі ў будучыні і будуць цалкам рэабілітаваныя. Цяпер такіх гарантый няма. На нашу думку, сілавы супраціў мусіць быць дазволеным, і без яго вызваліць Беларусь не атрымаецца.

Эмблема руху «Супраціў» і лагатыпы трох арганізацый, якія ў яго ўваходзяць: «Кіберпартызаны», «Буслы ляцяць» і «Дружыны народнай самаабароны». Фота: тэлеграм-канал руху «Супраціў»

Таксама гэта дапамога беларускім добраахвотнікам ва Украіне: як тым, хто хоча пайсці ваяваць або ваюе цяпер, гэтак і тым, хто дэмабілізаваўся. Дэмабілізаваныя мусяць мець магчымасць без праблем легалізавацца ў Еўропе, а таксама атрымліваць рэабілітацыю і працаўладкоўвацца. Цяпер гэта робіцца несістэмна.

Мая мэта — прасоўваць гэта ў публічнае поле і наладжваць працу з арганізацыямі, якія гэтым ужо займаюцца. І справы рухаюцца з мёртвага пункту, хоць і больш марудна, чым хацелася б, таму рана пакуль казаць пра нейкія вялікія дасягненні.

Каардынацыйная рада, на маю думку, важная, бо ставіць пытанне пра тое, што будзе пасля. Умоўна кажучы, заўтра рэжым Лукашэнкі нейкім чынам падае і што рабіць далей? Адказы на гэтыя пытанні мусяць быць, і іх цяжка даць адной ці дзвюм структурам, трэба фармаваць нейкі супольны адказ. Гэта мусіць быць зразумела акрэсленым.

Праўда, з таго, што апошнім часам адбываецца, я не ўпэўнены, што можна будзе даць такі супольны адказ на ўсе пытанні. Але па асноўных пытаннях ёсць кансэнсус: наконт незалежнасці Беларусі, пераходнага перыяду, размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі і гэтак далей. Па іншых пытаннях ідуць дыскусіі, да прыкладу, наконт палітвязняў і перамоў з рэжымам пра іх вызваленне або санкцыі.

Яраслаў Грыгор'еў на сустрэчы з Зянонам Пазняком. Фота: інстаграм Яраслава

Каб адбыліся сапраўдныя дэмакратычныя змены ў Беларусі, трэба, каб у абмеркаваннях удзельнічала як мага больш актараў, а не толькі адна-дзве арганізацыі, якія ўзялі на сябе ўсю адказнасць. А беларусам унутры Беларусі можа быць нецікава назіраць за «мітуснёй эмігрантаў», гэта зразумела, але дзейнасць КР і арганізацый, якія ў яе ўваходзяць, можа моцна паўплываць на будучыню Беларусі.

«Рух беларускіх нацыяналістаў» — за «здаровы нацыяналізм»

Мэта дзейнасці «Руху беларускіх нацыяналістаў» — гэта нацыянальнае адраджэнне. Адраджэнне беларускай мовы і культуры, папулярызацыя дзеячаў беларускага руху і беларускага супраціву, у тым ліку антыкамуністычнага.

Акрамя «Руху», няма такіх арганізаваных суполак маладых беларускіх нацыяналістаў. Калі мы бяром іншыя нацыянальныя сілы — прыхільнікаў Бабарыкі або Ціханоўскай, то да іх у нацыяналістаў узнікае шмат пытанняў праз нявызначаную пазіцыю. А мы маем дакладныя і акрэсленыя мэты.

Яраслаў Грыгор'еў са Святланай Ціханоўскай. Фота: ягоны інстаграм

«Рух» за тое, што я назваў бы «здаровым нацыяналізмам». Мы не расісты і не заўзятыя гамафобы, не выключаем людзей па прыкмеце нараджэння і адкрытыя да новых людзей і дыскусій. Галоўнае, што патрабуецца ад таго, хто хоча да нас далучыцца, — жаданне папулярызаваць і адраджаць беларушчыну. Мы не хочам стаць маргінальнай структурай ультранацыяналістаў.

Нацыяналістам трэба сыходзіць з вуліц у вялікую палітыку. У будучыні я спадзяюся, што «Рух» выйдзе на больш высокі ўзровень і, магчыма, нават будзе прадстаўлены ў парламенце.

Таму я бачу для сябе сэнс у тым, каб удзельнічаць у рухах у эміграцыі. І мяркую, што яны могуць моцна паўплываць на Беларусь у будучыні.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары29

  • Былых — прэч з палітыкі!
    19.05.2023
    "Каб у Беларусі адбыліся сапраўдныя змены", трэба вычысціць палітычную эліту ад усіх гэтых "былых": латушак, макараў, грыгор'евых і далей па спісе. Заканадаўча замацаваць неабходнасць люстрацыі і забарону такім вось "пярэваратням" займаць дзяржаўныя і выбарныя пасады. Хай ідуць працуюць па прафесіі ці дзяркач у рукі бяруць! У 1991-ым заклалі бомбу пад краіну, не правёўшы дэкамунізацыю і зараз тое самае віленска-варшаўскія дзеячы робяць, набіраючы ў свае структуры розных прайдзісветаў і нягоднікаў з пагонамі і без, якія з задавальненнем асвойваюць грантавыя бюджэты і жывуць у ЕС у сваё задавальненне, пакуль людзі ў турмах сядзяць.
  • No
    19.05.2023
    не веру, гэта мабыць Траянскі конь
  • мальчыш-кибальчыш
    19.05.2023
    "Я ганаруся тым, што мы літаральна нічога не рабілі — не здавалі ўнёскаў і не праводзілі ніякіх імпрэз. Але за гэта я атрымліваў зніжку на вучобу."

    я нельзя было просто не вступать в это?
    ах жа ж скидки и другие плюшки
    ну.. "идейный" ну что тут скажешь

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем3

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы7

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс67

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

Трое жыхароў Мінскага раёна атруціліся антыфрызам, адзін памёр1

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем3

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →