Кадыраў: Захапляюся стрыманасцю і мудрасцю Уладзіміра Уладзіміравіча, які не паддаўся на гэтую гнюсную правакацыю
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале інцыдэнт з беспілотнікамі над Крамлём.
«Атака на Крэмль — ні што іншае, як правакацыя і прымус да больш масіраваных дзеянняў — упадабаны прыём сучасных гібрыдных войнаў і заходніх генералаў, вынікі чаго выгадныя для саміх правакатараў. Ланцужок заяў і завуаляваных укідаў у СМІ павінны былі па задумцы арганізатараў закрануць амбіцыі і падштурхнуць Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расіі да больш маштабных і жорсткіх дзеянняў на Украіне, напрыклад, масавых дывановых бамбаванняў гарадоў. Потым з'явіліся б чарговыя артыкулы аб пацярпелых мірных грамадзянах і таму падобныя праліберальныя заявы пра краіну-агрэсара з вуснаў кіеўскіх нацыстаў», — кажа Кадыраў і заяўляе, што захапляецца геніем і мудрасцю Пуціна.
«Захапляюся стрыманасцю і мудрасцю Уладзіміра Уладзіміравіча, які не паддаўся на гэтую гнюсную правакацыю. Але адказаць за гэты ўчынак арганізатарам прыйдзецца, у якім бы паўшар'і Зямлі яны ні знаходзіліся. Хай не сёння, не заўтра, але датычныя да гэтай акцыі панясуць справядлівае, заслужанае пакаранне. А пакуль рана. Рана, таму што справядлівасць у сусветнай супольнасці сёння пахаваная інтарэсамі краіны-агрэсара, адзінай у сваім родзе ў свеце, якая гадамі прагінала пад сябе інстытуты незалежнасці, інтарэсаў і правоў іншых краін», — дадае кіраўнік Чачні.
Ён мяркуе, што «правакацыя» не павінна і не будзе мяняць сцэнарый запланаванага ходу «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
«Так, гэта напад на прэзідэнта, а значыць, на дзяржаву і, як следства, на ўвесь народ Расійскай Федэрацыі. Але гэта не павінна ўплываць на нашы задуманыя планы і інтарэсы. А адплата, вядома, будзе. І яна будзе хірургічна і ювелірна дакладнай», — рэзюмуе Кадыраў.
Каментары