Свет11

«Не выйшла нешта зрабіць у адным месцы — паспрабуйце ў іншым». Мінчук падзяліўся досведам уладкавання ў Партугаліі

Мінчук Ягор ужо крыху больш за год жыве ў Партугаліі — у горадзе Порту. Але знаёмы з гэтай краінай ён нашмат даўжэй: яшчэ да пераезду не раз бываў там падчас падарожжаў. Мужчына падзяліўся з выданнем CityDog.io важнымі фактамі пра легалізацыю і жыццё там.

— У нас з дзяўчынай быў план паехаць на зіму куды-небудзь на поўдзень, каб з'ехаць з тых месцаў, дзе бывае снег. У лістападзе 2021-га мы выбраліся з Мінска ў Турцыю: там пажылі адзін месяц, потым два месяцы ў Порту і месяц на Мадэйры. А пасля была Грузія, дзе мы збіраліся застацца. Але якраз у той час пачалася вайна і пайшлі размовы пра тое, што Расія пасля Украіны пойдзе на Грузію. Мы вырашылі, што тэрмінова трэба адтуль з'язджаць.

Выбар быў паміж Партугаліяй і Іспаніяй — гэта найбольш знаёмыя для нас краіны. Так атрымалася, што я добра ведаю іспанскую і англійскую, а мая дзяўчына — англійскую. Паколькі жыхары Партугаліі крыху лепш ведаюць англійскую, вырашылі, што паедзем туды. Гэтым разам мы хацелі спыніцца ў Лісабоне, але нешта ў нашым пераездзе пайшло не так, і ў выніку мы трапілі зноў у Порту — ды там і засталіся.

Прыехалі сюды ў красавіку 2022-га па візе PBH (Poland Business Harbor) — паездзілі з ёй па Польшчы, але жадання там застацца не сфармавалася. Хоць часам бываюць сумневы ў нашым рашэнні: цяпер там жыве значна больш знаёмых, чым у Партугаліі. Але пакуль тут.

Пра легалізацыю: ёсць два спосабы — усё залежыць ад вашых даходаў

У нас з дзяўчынай пытанне легалізацыі ўжо вырашана — мы абое атрымалі тут дазвол на жыхарства. Напэўна, вы чулі, што Партугалія — адна з тых краін Еўрасаюза, дзе прасцей за ўсё вырашыць гэтае пытанне. І гэта сапраўды так. Але па часе такі працэс вельмі непрадказальны.

Усё, што трэба для таго, каб чалавек мог легалізавацца ў Партугаліі, — проста мець актыўную візу або дазвол на жыхарства любой краіны ў шэнген-зоне на момант уезду ў краіну. Гэта самае галоўнае патрабаванне.

Далей ёсць два варыянты (на самай справе іх значна больш, але з гэтымі я знаёмы больш падрабязна) атрымаць ДНЖ. Самы хуткі — высокакваліфікаваны спецыяліст з даходам у раёне 2000 еўра ў месяц (па працоўным кантракце або па ІП). Вядома, пажадана, каб у вас быў партугальскі працадаўца, але тут ёсць выхад.

Шэраг кампаній — BRIDGE IN, Deel — працуюць па такой сістэме: IT-кампанія, выступаючы непасрэдным замоўцам, заключае дамову з адной з іх, а яны, у сваю чаргу, наймаюць канкрэтнага чалавека да сябе ў штат. Так у яго з'яўляецца магчымасць падаць дакументы (пакет будзе прыкметна адрознівацца ў залежнасці ад сітуацыі; пра гэта можна пачытаць тут) на атрыманне ДНЖ. Усё гэта ў вас зойме каля паўгода.

Іншы варыянт — больш дэмакратычны для ўсіх — атрымаць ДНЖ, адкрыўшы ў Партугаліі ІП. У гэтым выпадку даход чалавека павінен складаць мінімальны заробак па краіне — гэта ў раёне 750-800 еўра ў месяц. Для таго, каб падаць дакументы, іх можна проста загрузіць на партал. Пасля гэтага вы легальна знаходзіцеся ў краіне, пакуль чакаеце рашэння. Але тут ёсць нюанс: апошнія некалькі гадоў гэты працэс займае 2-2,5 года.

Праўда, кажуць, што быццам бы сёлета будзе праведзена рэформа міграцыйнай службы. Плануецца, што ў працэсе чарга на атрыманне ДНЖ, якая існуе цяпер, будзе рассартаваная ў самыя кароткія тэрміны — за месяц ці квартал. Але пакуль больш дакладнай інфармацыі пра гэта няма.

 — А як адкрыць ІП?

 — Першае, што вам трэба, — зрабіць NIF, падатковы нумар. Калі чалавек знаходзіцца ўнутры краіны, зняў кватэру і пасяліўся на доўгі тэрмін там, то яго можна зрабіць і самому ў падатковай.

Або вы можаце знайсці таго, хто вам у гэтым дапаможа: па сутнасці, ён падпісваецца з вамі толькі на тое, што будзе з вамі трымаць сувязь, паколькі менавіта на яго пастаянны партугальскі адрас у выпадку чаго будуць прыходзіць лісты ад падатковай. Сэрвісаў, дзе можна знайсці такія паслугі, вельмі шмат: гэты адзін з такіх — ён не самы танны, затое надзейны. Гэта абыдзецца прыкладна ў 100-200 еўра ў год.

Другое, што вам спатрэбіцца, — рахунак у банку. І добрая навіна: гэты рахунак не абавязкова павінен быць прывязаны да Партугаліі — ён можа быць дзе заўгодна на тэрыторыі ЕС (у тым ліку і віртуальны).

Плюс, пакуль вы не сталі падатковым рэзідэнтам, але хочаце адкрыць ІП, вам прыйдзецца звярнуцца па паслугі ў падатковае прадстаўніцтва, якое будзе вырашаць пэўныя пытанні па вашым ІП. І такіх «памочнікаў» знайсці ўжо складаней, паколькі і адказнасці на іх больш. Адпаведна, і цэны на такія паслугі будуць вышэйшыя: 200-300 еўра ў год.

Дарэчы, каб стаць падатковым рэзідэнтам, зусім не абавязкова жыць у краіне 180 дзён — гэта можна зрабіць і раней. Дастаткова мець дамову арэнды і нейкае пацвярджэнне з міграцыйнай службы, што вы хочаце тут застацца. Прынамсі, можна паспрабаваць пракруціць такі варыянт.

 — Пакуль чалавек чакае атрымання ДНЖ, ён можа выязджаць за межы Партугаліі?

 — Па гэтым пытанні ёсць розныя меркаванні. Выразнай забароны на тое, каб выязджаць з краіны, няма. Я спрабаваў сам знайсці гэты пункт у дакументах — і не знайшоў. Адна сітуацыя, калі віза яшчэ дзейнічае, і іншая — калі яна ўжо скончылася. І вось тут у нас існуе такая шэрая зона.

Чуткі ходзяць розныя: гавораць, што нібыта некаторыя выязджаюць у іншыя краіны. Але невядома, як далей гэтыя гісторыі развіваюцца. Таму тут нельга даць адназначны адказ.

Пра адкрыццё рахунку ў банку: цяпер гэта зойме пару тыдняў ці месяц

Праз тое, што я прыехаў у Партугалію ў той час, калі Беларусь трапіла пад санкцыі (спачатку праз сітуацыю з «Боінгам» з Раманам Пратасевічам на борце, потым — праз вайну), працэс адкрыцця рахунка ў банку мог заняць не 15 хвілін, а паўгода. Але на той момант у Партугаліі яшчэ не было так шмат мігрантаў. Калі іх стала значна больш, сітуацыя з немагчымасцю адкрыцця рахункаў актыўна асвятлялася мясцовымі СМІ, актывісты пісалі петыцыі.

У выніку банк Партугаліі стварыў дакладную і зразумелую інструкцыю аб тым, што людзям рабіць у такіх сітуацыях, а супрацоўнікам аддзяленняў зрабіў заўвагі. Маўляў, гаварыць чалавеку, што ён не можа завесці рахунак у банку з-за пашпарта, — гэта дыскрымінацыя і злачынства.

Вядома, цяпер сітуацыя змянілася ў лепшы бок: магчыма, гэта зойме пару тыдняў ці месяц. Але адзначу, што і без рахунка ў банку тут цалкам можна камфортна жыць (калі толькі вы не падаяцеся на візу D7 — для гэтага вам дакладна спатрэбіцца рахунак).

— А ў які банк лепш ісці і якія дакументы патрэбныя для адкрыцця рахунка?

— Іншаземцам прасцей за ўсё працаваць з Caixa Geral de Depósitos (CGD). А пакет дакументаў залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, інфармацыю пра гэта можна пашукаць тут.

Пра падаткі: у Партугаліі для ІП яны складаюць не менш за 20%

Многія прызвычаіліся, што ў Беларусі падаткі плаціць працадаўца, таму яны асабліва і не ў курсе, колькі тыя складаюць, — заробак прыходзіць ужо пасля іх вылічэння. Тут жа ўсё не так: ты плаціш падаткі сам — і яны даволі прыкметныя. Напрыклад, калі ў Грузіі ІП плаціць 1%, то ў Партугаліі — не менш за 20%.

Пра дэпартацыю: калі пратэрмінавалася віза, максімальнае пакаранне — штраф

Цікава, што ў Партугаліі не дэпартуюць за overstay, у той час як у іншых краінах Еўрасаюза могуць яшчэ і забарону на ўезд у зону Шэнгена ўляпіць. Гэта гісторыя даўняя, і ніякіх новаўвядзенняў за апошні час у краіне не было. Па чутках, самая вялікая санкцыя за такое парушэнне тут — гэта штраф у межах 200 еўра.

Але трэба зрабіць невялікае адступленне: так было да пандэміі. Летась пратэрмінаваныя дакументы аўтаматычна працягвалі на кожны наступны квартал, а сёлета — адразу да канца 2023-га. Атрымліваецца, у Партугалію можна прыехаць, маючы ў запасе толькі адзін дзень дзеяння візы, і ў вас яна будзе легальна дзейнічаць на тэрыторыі краіны да 31 снежня. Але, вядома ж, катацца з такімі дакументамі па ўсім Шэнгене вы ўжо не зможаце.

Пра цэны ў Партугаліі: Лісабон — дарагі горад, Партугалія — танная краіна

Вельмі важна аддзяляць Лісабон ад Партугаліі. Людзі з усяго свету, прыязджаючы ў Партугалію, вырашаюць, што ім абавязкова трэба ў Лісабон, асабліва гэта адчуваецца пасля пандэміі. Гэты горад цяпер — адзін з самых дарагіх у Еўропе. Але пры гэтым баланс цаны і якасці там вельмі перакошаны. Разам з тым, нягледзячы на тое, што сітуацыя з кавідам прынесла вельмі шмат змен (узяць нават павышэнне цэн), Партугалія застаецца адной з самых танных краін Еўропы.

Тут сапраўды важна адштурхоўвацца ад таго, наколькі чалавек хоча жыць у вялікім горадзе. Напрыклад, у Порту прыстойная кватэра не ў самым цэнтры будзе каштаваць не менш за 750 еўра, а ў Лісабоне за гэтыя грошы вы здымеце толькі пакой. У горадзе, які яшчэ меншы, кошт арэнды будзе больш прыемным.

Але, зноў жа, тут трэба ўлічваць розныя фактары, акрамя размяшчэння: колькасць пакояў, наяўнасць мэблі (часцей здаюць без яе), балкона, кандыцыянера, ацяплення. Дарэчы, няпраўда, што ў Партугаліі ў кватэрах няма ацяплення: проста дзесьці такіх кватэр можа быць больш, а дзесьці — менш, у залежнасці ад геаграфічнага размяшчэння горада.

Пра рыэлтараў: у Партугаліі рыэлтары не шукаюць для вас жыллё па ўсім горадзе

Зноў жа, у беларусаў іншае разуменне таго, хто такія рыэлтары. У нас гэта спецыялісты, якія дапамагаюць вам у пошуку жылля, шукаюць варыянты, якія падыдуць па вашым запыце. У Партугаліі ж рыэлтары працуюць на баку арэндадаўцы. Таму, калі вы звернецеся да такога спецыяліста, ён пакажа вам толькі тыя кватэры, якія ў яго на балансе. Ён не будзе шукаць для вас жыллё па ўсім горадзе.

Але ёсць спецыяльныя сэрвісы (гэта, хутчэй за ўсё, будзе называцца «кансьерж»), якія якраз займаюцца падборам кватэры па запыце і яе пошукамі. Асабліва добра звяртацца да такіх спецыялістаў, калі патрэбна дапамога ў камунікацыі. Бо ў асноўным арэндадаўцы разлічваюць на тое, што зацікаўленыя ў кватэры будуць ім тэлефанаваць, а не пісаць паведамленні, — і вось тут часцей за ўсё пачынаюцца праблемы.

А так званыя кансьержы могуць і пагаварыць за вас, задаць усе пытанні. У кожным разе людзі, якія будуць гатовыя дапамагчы вам, знойдуцца — сёння гэта не праблема.

А вось наколькі атрымліваецца ў Партугаліі знайсці жыллё самастойна, я не магу сказаць — не спрабаваў. Па-першае, у мяне з мовай крыху іншая сітуацыя, а па-другое, як толькі мы прыехалі сюды, нам таксама дапамагалі з пошукам.

Да чаго яшчэ быць гатовым: калі ў вас нешта не выйшла зрабіць у адным месцы, паспрабуйце ў іншым

У Партугаліі дзяржаўныя службы ўладкаваныя не зусім так, як мы прывыклі ў Беларусі. Практычна ў кожным працэсе ў чалавека, з якім вы маеце зносіны, ёсць свабода прыняцця рашэнняў. Атрымліваеце вы ДНЖ ці ўзаемадзейнічаеце з любой установай, супрацоўнік на месцы будзе прымаць рашэнне, як зрабіць, зыходзячы з вашай канкрэтнай сітуацыі (часта правілы напісаныя так, што іх можна вытлумачыць па-рознаму і выкарыстоўваць розныя дакументы для адной і той жа задачы).

І многіх беларусаў гэта ставіць у тупік: як так, у адным месцы ім сказалі адно, а ў іншым — іншае. Можа быць, вы па-іншаму выкладалі сутнасць праблемы; можа быць, прынеслі трохі іншы пакет дакументаў; можа быць, чалавек, з якім вы ўзаемадзейнічаеце, саромеецца сваёй англійскай і не хоча альбо не можа з вамі размаўляць. Кожная сітуацыя — гэта асобная гісторыя.

Тут беларусам важна памятаць: калі ў вас нешта не атрымалася зрабіць у адным месцы, схадзіце ў іншае (у іншы банк, іншае аддзяленне або нават проста да іншага акенца).

Каментары1

  • Вероника
    01.05.2023
    Женщинам с внешностью устроиться легче, просто нужно найти местного и устроенного мужчину. Оформлять отношения не спешите, присмотритесь. Если приехали уже с парнем, то если неустроен и не имеет хорошей профессии, то намучаетесь. Лучше попрощаться и начать новые отношения с местными. Жизнь одна и не стоит терять годы понапрасну. Многие приезжие пары разводятся, и это лучше для обоих.

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў23

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння зноў пераадольваў планку 3,5 рубля

«Цэны дасягнулі піка». Што чакае рынак нерухомасці ў 2025 годзе

У Расіі салістку вайсковага аркестра аштрафавалі на $30 тысяч за спробу даказаць калегам, што ва Украіне гінуць цывільныя3

П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА29

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага11

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў23

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →