Навукоўцы выявілі больш за 30 тысяч новых вірусаў. Яны хаваюцца ў мікробах
«Мы здзейснілі сапраўднае адкрыццё, бо гэтыя вірусы таксама з'яўляюцца асновай геному чалавека».
Навукоўцы змаглі выявіць больш за 30 тысяч новых разнавіднасцяў вірусаў у ДНК звычайных мікробаў, якія таксама жывуць у людзях, жывёлах, грыбах, раслінах і г.д.
Пра гэта 26 красавіка паведаміла навуковае выданне ScienceAlert са спасылкай на нядаўняе даследаванне ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS).
Аўтары даследавання вызначылі, што да 10% ДНК розных мікробаў складаюцца з тысяч невядомых навуцы вірусаў, якія не абавязкова будуць прыносіць шкоду сваім гаспадарам. Загадкай застаецца толькі тое, чаму так шмат вірусаў было знойдзена ў мікробах.
«Пакуль незразумела, чаму так шмат вірусаў жыве ў геномах мікробаў. Наша самая моцная гіпотэза заключаецца ў тым, што яны абараняюць мікробы ад заражэння іншымі небяспечнымі вірусамі», — кажа Крыстафер Бэлас, эколаг з Універсітэта Інсбрука ў Аўстрыі і адзін з аўтараў даследавання.
Паводле яго слоў, большая частка выяўленых вірусаў не функцыянуе і знаходзіцца ў пасіўным стане, аднак яны з прычыны сваёй складанасці і шматлікасці могуць служыць сапраўдным шчытом ад больш вядомых і гіганцкіх вірусаў.
Падобная ахоўная сістэма ёсць і ў чалавека, чый геном на амаль 8% складаецца з укаранёных старажытных вірусаў, якія абараняюць арганізм ад сучасных інфекцый і дапамагаюць выпрацоўваць імунітэт.
Але сярод спячых невядомых вірусаў ёсць і малы працэнт тых, якія па-сапраўднаму функцыянуюць і чыя прырода пакуль што невядомая, адзначаюць даследчыкі.
Каментары
Siri, мікробы хавАюць ці хАваюць вірусы?
Дзякуй.