Грамадства33

«Спачатку была крыўда на ўвесь свет». Бабруйчанка 27 гадоў даглядае сына, які стаў інвалідам у выніку Чарнобыля

Віталь Хлань з дзяцінства — інвалід 1-й групы з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Менавіта так напісана і ў яго пасведчанні інваліда. Сёлета маладому чалавеку споўніцца 30 гадоў, а дыягназ «пухліна галаўнога мозгу» яму паставілі ў 3 гады, піша «Вячэрні Бабруйск».

Цяпер Віталю 29 гадоў. Ягонае галоўнае захапленне з дзяцінства і да гэтай пары — канструктар лега

Проста не разагнуў кулачок

Віталь нарадзіўся 18 лістапада 1993 года.

«Цяжарнасць працякала нармальна, УГД ніякіх адхіленняў не паказвала, — распавядае яго мама Таццяна Аляксандраўна Хлань. — Як цяпер памятаю, падчас даследавання лекар Фішман спытаў: «Каго хочаце?» Я адказала: «Віталіка!» Ён кажа: «Будзе вам, матуля, Віталік». Мне так радасна было, я так чакала лістапада і свайго сына…

Віталік з мамай. Тут яму 2,5 года, і ён яшчэ здаровы. Фота з асабістага архіва

Хлопчык нарадзіўся здаровым, у 2,5 года пайшоў у садок, быў актыўным, добра размаўляў. Але калі сыну было 3 гады, мама заўважыла нядобрае.

«Мы з дзецьмі гулялі ў парку (жылі тады ў інтэрнаце на Інтэрнацыянальнай). Прыйшлі з прагулкі дадому, і тут я заўважыла, што Віталік, узяўшыся за дзвярную ручку, не разагнуў кулачок левай рукі. Потым пайшоў у ванны пакой і зноў так дзверы адчыняе.

Раніцай павяла яго ў садок і папрасіла выхавальніцу паназіраць. Яна сказала, што давала яму кубікі, іншыя цацкі, але ён за ўвесь дзень так ні разу і не расціснуў кулачок. Мы пайшлі да педыятра, неўрапатолага, нам прызначалі адно лячэнне, іншае, трэцяе…»

Пры гэтым Віталік не скардзіўся. А месяцы праз два мама заўважыла, што сын ужо і левую ножку цягне. Занепакоеная, вырашыла ехаць у абласную бальніцу. А загадчыца паліклінікі яшчэ не хацела даваць накіраванне. Усе думалі, што гэта зашчамленне нерва ці дзіця, гуляючы, проста стукнулася.

Маленькі Віталік на навагодняй ёлцы, ён яшчэ здаровы… Фота з асабістага архіва

Ніхто не даваў гарантыі

У Магілёве неўрапатолаг Тамара Сяргееўна Кухарэнка адразу сказала: «Хоць бы не пацвердзіўся дыягназ, пра які я падумала». Зрабілі МРТ, і ён пацвердзіўся — у Віталіка выявілі пухліну галаўнога мозгу.

— А прыпіска «з прычыны катастрофы на ЧАЭС» у пасведчанні вашага сына адразу з'явілася? — запыталіся ў мамы.

— Пасведчанне з такой фармулёўкай нам выдалі ў Магілёве прыкладна праз год пасля пастаноўкі дыягназу. Як патлумачылі лекары, да 1986 года не было такога віду пухліны, таму яе звязалі з аварыяй. Ведаю толькі, што пазней у многіх гэтую фармулёўку паздымалі.

«Спачатку была крыўда на ўвесь свет і на лёс, — успамінае Таццяна Хлань. — Чаму менавіта з намі такое здарылася?! Псіхолаг, які з намі працаваў, сказаў: «Калі вы не дапаможаце свайму дзіцяці, то ніхто не дапаможа».

І мама ўзяла сябе ў рукі. Першую аперацыю хлопчыку зрабілі ў сакавіку 1997-га. Выдаліць усю пухліну не атрымалася. Праз два месяцы зрабілі яшчэ адну аперацыю, і затым прайшлі апрамяненне ў Бараўлянах.

«Падпісвала згоду на ўсё гэта ў натарыуса, бо ніхто не даваў гарантыі, што дзіця выжыве, — успамінае мама. — Мне сказалі: нават калі выжыве, ён ніколі не будзе хадзіць. Але іншых варыянтаў, акрамя аперацыі, ніхто не прапаноўваў».

Праз чатыры месяцы пасля рэабілітацыі хлопчык усё ж навучыўся зноўку хадзіць. Хоць кульгаў, але нават бегаў.

Інвалід з дзяцінства Віталь Хлань

Няўдалая аперацыя ў Германіі

Затым Таццяне Хлань прапанавалі паехаць з сынам на аднаўленне ў Германію. Тады працавала шмат міжнародных фондаў, якія дапамагалі «дзецям Чарнобыля». І ў 1998 годзе яны з сынам адправіліся ў Брандэнбургскую клініку, што каля Берліна.

«Нас там быў цэлы аўтобус з Беларусі, — распавядае жанчына. — Дзесьці 15 дзяцей з мамамі. Нам з сынам далі асабістага перакладчыка. Віталіку рабілі масаж, водныя і іншыя працэдуры. Але неўзабаве яму стала горш, і нам прапанавалі зрабіць чарговую аперацыю на галаве. Праводзіў яе вядомы нямецкі прафесар Фугель.

На жаль, падчас аперацыі былі пашкоджаныя зрокавы нерв і шчытападобная залоза, пасля гэтага ў Віталіка амаль знік зрок і парушыўся абмен рэчываў. Яму правялі яшчэ дзве аперацыі, але паляпшэнняў не было. У Германіі мы пражылі амаль чатыры гады. Часам прыязджалі дадому, тут заставаліся муж і старэйшая дачка Оля».

Спачатку ўсё было за кошт клінікі, а потым мама збірала дабрачынныя сродкі праз тое, што давала інтэрв'ю мясцовым СМІ.

Немцы аказаліся вельмі спагаднымі да чужой бяды. Але Таццяна Аляксандраўна дагэтуль не ведае, дарма яны паехалі тады ў Германію ці не…

Таццяна Аляксандраўна з Віталём на прагулцы

Галоўнае захапленне — лега

Дадому Віталь вярнуўся амаль невідушчым (цяпер ён бачыць толькі адным вокам з блізкай адлегласці) і паўнавартасна хадзіць ужо не змог. Цяпер у яго дзейнічае толькі правая рука.

Прайсці самастойна 29-гадовы хлопец можа метраў з 80: адна нага ў яго на 7 см карацейшая за іншую, спіна баліць. Па кватэры ходзіць сам, а на вуліцы яго ў інвалідным вазку возіць мама.

У Беларусі Віталю больш не рабілі ніякіх аперацый. Толькі кожны год да 18 гадоў мама з сынам ездзілі ў санаторыі на рэабілітацыю. Рэгулярна праходзяць абследаванні.

Пры гэтым псіхічна хлопец нармальны. Вучыўся ён дома па праграме спецшколы: да яго прыходзілі настаўнікі. У дзяцінстве ў Віталіка было шмат сяброў. Але з гадамі прыяцелі згубіліся: у здаровых свае клопаты.

Галоўнае захапленне Віталя з дзяцінства і да гэтага часу — канструктар лега. Ён можа гадзінамі яго складаць, здымае ўсё гэта на відэа, мантуе ролікі для ціктока.

Трохі грае на гітары, наколькі гэта магчыма адной рукой. Любіць кіно, асабліва дэтэктыўныя серыялы, амерыканскія камедыі і мультфільмы.

Таццяна Аляксандраўна можа пакінуць сына аднаго дома на некалькі гадзін або нават на дзень: Віталь сам апранецца, зробіць гарбату, падагрэе прыгатаваную ежу ў мікрахвалёўцы.

Квэст для мамы вазочніка

У канцы 1990-х сям'і Хлань далі кватэру ў Бабруйску на Зорным праездзе. Спачатку гэта было сацыяльнае жыллё, якое атрымлівалі «афганцы» і «чарнобыльцы». У 2012-м кватэры дазволілі прыватызаваць.

З ільгот у Віталя — даплата да пенсіі (выходзіць каля 800 рублёў), бясплатныя стаматалагічныя паслугі (многія іх віды аказваюць дома), 25-працэнтная зніжка на камунальныя паслугі, бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце (чалавеку, які яго суправаджае, у тым ліку). Пры неабходнасці інваліду даюць сацыяльнае таксі па горадзе.

Інвалід з дзяцінства Віталь Хлань са сваёй мамай Таццянай Аляксандраўнай

Жывуць мама з сынам на 3-м паверсе. Добра, што ліфт ёсць. Некалькі прыступак, ад ліфта да вуліцы, Віталь пераадольвае самастойна. Следам ідзе мама з вазком.

Прагулкі — іх любімы занятак, калі пацяплее. Але перамяшчэнне з вазком па іх мікрараёне — той яшчэ квэст, бядуе Таццяна Аляксандраўна:

«Прайсці, напрыклад, да паліклінікі па тратуары Батава: з-за калдобін і высокіх бардзюраў вельмі цяжка каціць вазок. Мне даводзіцца апранаць камізэльку з флікерамі і выходзіць на край праезнай часткі. Тратуары на вуліцы Дняпроўскай флатыліі ідэальныя, але туды яшчэ дайсці трэба.

Часта ўспамінаю, як мы былі ў Германіі ў канцы 90-х… У плане безбар'ернага асяроддзя мы іх і сёння не дагналі».

Улетку Таццяна Аляксандраўна з сынам нярэдка выязджаюць у яе родную вёску Сяльцы ў Глускім раёне.

«Там найлепшая рэабілітацыя, — лічыць жанчына. — Свежае паветра, цішыня, лес вакол, журавы курлычуць… У вёску мы нават вазок не бяром, Віталь сам паволі ходзіць з палачкай. Машын там амаль няма, людзі ўсе знаёмыя».

Усё жыццё Таццяны Аляксандраўны — гэта клопат пра сына. Дзе яна бярэ маральныя сілы? Кажа, што менавіта ў гэтым клопаце і бярэ.

«Сёння я лічу, што трэба спакойна прымаць тое, што паслана лёсам, — кажа жанчына. — Свайго сына я люблю, якім бы ён ні быў. Для кожнай маці яе дзіця — самае найлепшае».

Каментары3

  • Фрик
    26.04.2023
    Это боль. Сил, здоровья и терпения! Подскажите чем и как можно помочь.
  • Чыноўнікі-фашысты
    26.04.2023
    Адмарозкі ў кабінетах да 2023 году не могуць вырашыць праблему безбар'ернага асяроддзя. Проста агідна. Цэлая армія непатрэбных, бессэнсоўных, праціраючых штаны дармаедаў. Усе за ўсё адкажуць.

    Віталю з Таццянай Аляксандраўнай сіл і не забываць, што шчасце - яно ў сваім асабістым маленькім свеце, калі людзі клапоцяцца і любяць адзін аднаго.
  • SHOS
    27.04.2023
    Чыноўнікі-фашысты, до сих пор после Европы поражают бордюры. Это просто п...ц! Здоровому человеку трудно пройти, но чинуши же на атласах ездиют и хвалят царя. Мрак.

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне53

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Сіноптыкі расказалі пра невялікае пацяпленне і прыход бабінага лета2

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так4

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі5

Складзены спіс кіраўнікоў краін з самымі высокімі заробкамі. Хто на першым месцы?1

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне53

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →