У Дзюсельдорфе беларус параніў жонку нажом. Яго лавілі 10 паліцэйскіх машын
У нямецкім Дзюсельдорфе пасля сваркі 55-гадовы беларус параніў сваю 35-гадовую жонку нажом. Ён паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы. Пра гэта паведамляе выданне «Беларусь і свет».
Інцыдэнт адбыўся ў сераду, 19 красавіка, у 07.20 раніцы ў кватэры беларускай пары на вуліцы Растокер-штрасэ. Муж напярэдадні святкаваў дзень нараджэння, і таму выпіваў. Затым у мужа і жонкі адбыўся канфлікт, падчас якога наш суайчыннік, які меў у арганізме каля 1,8 праміле, як мяркуецца, ударыў партнёрку нажом і ўцёк, пакінуўшы пацярпелую ў кватэры.
Сведкі выклікалі паліцыю. Прыбыўшы на месца, тыя знайшлі ў памяшканні жанчыну з моцным крывацёкам і пачалі вышук. Былі задзейнічаныя дзесяць патрульных машын, ачапілі раён. Мерапрыемствы завяршыліся паспяхова. Праз кароткі час праваахоўнікі змаглі затрымаць мужчыну недалёка ад месца злачынства.
Параненую даставілі ў бальніцу, яе жыццю больш нішто не пагражае. На месцы злачынства былі канфіскаваныя шматлікія доказы. Падазраваны знаходзіцца пад вартай, вядзецца расследаванне па справе аб замаху на забойства.
Каментары