За неаплачаныя суткі на Акрэсціна чалавеку пагражаюць адключыць тэлефон і інтэрнэт
За неаплачаныя суткі знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна грамадскаму актывісту Леаніду Кулакову пагражаюць адключыць мабільную сувязь і інтэрнэт.
Наколькі вядома, такое паведамленне прыйшло актывісту з офіса мабільнага аператара А1. Леаніда праінфармавалі, што атрымалі такое патрабаванне з аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска.
Леанід Кулакоў двойчы адбываў 15 сутак арышту на Акрэсціна за апошнія тры гады. Першы раз яго прэвентыўна затрымалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ліпені 2020 года. Другі — летась, і таксама прэвентыўна ў сярэдзіне сакавіка перад Днём Волі.
Агулам з Леаніда спрабуюць спагнаць больш за 340 рублёў. Судовыя выканаўцы даслалі ліст, каб цягам двух тыдняў ён заплаціў усю суму. Але Леанід мае пенсію ў 345 рублёў, якую ён толькі пачаў атрымліваць, не менш за 120 рублёў яму трэба заплаціць за жытло і камунальныя паслугі.
Невядома, чаму судовыя выканаўцы не сталі вылічваць грошы з пенсіі, а загадалі адключыць сродкі сувязі. Звязацца з аддзелам прымусовага выканання, каб тыя далі каментар, мы не змаглі.
Чытайце таксама: Хворага актывіста Леаніда Кулакова павезлі адбываць арышт 15 сутак
Каментары