Новая фэйкавая «рассылка ад «Байпола». Прапануюць праверыць, ці ёсць ты ў базе ГУБАЗіКа, а насамрэч збіраюць вашы даныя
Імаверна, яе ўчынілі спецслужбы Беларусі. Яна можа цалкам здэананімізаваць ваш акаўнт, калі вы скарыстаецеся ботам.
Чарговая рассылка адбываецца з пустых, нядаўна зарэгістраваных акаўнтаў па раённых і дваравых чатах. Яна часткова капіруе нядаўнюю рассылку «Байпола», дзе прапаноўвалася праверыць ваш акаўнт. Але кантакты ў ёй несапраўдныя.
«Байпол» ужо пацвердзіў, што не мае да яе дачынення.
Чым небяспечна фэйкавая рассылка?
Падчас запуску бота вы аўтаматычна аддаяце ID вашага акаўнта, а пасля вам прапануюць падзяліцца нумарам тэлефона. Калі вы аддаяце ім нумар, то ён аўтаматычна заносіцца ў базу сілавікоў.
Калі вы сапраўды ўдзельнічаеце ў нейкіх чатах і «за мяжой», то бот прапануе вам тэрмінова звярнуцца па несапраўдным адрасе «Байсол», каб выцягнуць з вас дадатковыя звесткі.
Як абараніцца ад такіх ботаў?
Па-першае, не націскайце на бот імпульсіўна і пераправерце, ці існуе такая рассылка, па іншых каналах. Пра публічныя спасылкі заўжды спачатку паведамляе сапраўдны канал ініцыятывы.
Па-другое, не аддавайце ніякім ботам ваш нумар тэлефона. Ніводны з вядомых сапраўдных ботаў яго не патрабуе.
Па-трэцяе, заўжды пераправярайце кантакты на арыгінальных рэсурсах і пішыце толькі па іх.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары