Ці будзе Офіс Ціханоўскай ладзіць свае «завочныя суды» над прадстаўнікамі рэжыму?
Лукашэнкаўскі рэжым паставіў завочныя суды на паток. Ужо вынеслі прысуды Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Валеру Цапкалу, Аляксандры Герасімені і іншым. Ці не збіраецца Офіс ладзіць свае завочныя суды ў адказ? Як магчыма прыцягваць да адказнасці лукашыстаў? Ці распаўсюдзіцца ў будучыні практыка «завочных судоў» і на непублічных беларусаў? Сваімі разважаннямі з «Нашай Нівай» падзялілася дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.
«Браць і судзіць — гэта пазіцыя апанента»
Крысціна Рыхтэр акрэслівае, што палітычная структура не можа выконваць функцыі судовай сістэмы, бо такая сістэма павінна быць незалежнай.
«Браць і судзіць — гэта пазіцыя апанентаў, — кажа яна.
— Судовая і праваахоўная сістэмы павінны быць асобна ад палітычных структур, на гэтыя сістэмы не можа аказвацца ніякага ціску. Яны павінны грунтавацца на міжнародных стандартах і нацыянальным заканадаўстве».
Па словах Крысціны, да Офіса часта прыходзіць такі запыт: давайце створым урад у выгнанні і разам з ім судовую сістэму. Але ў дачыненні да судовай сістэмы дарадца папярэджвае, што гэта не проста набор кадраў, людзей, якія будуць выносіць тыя ці іншыя прысуды.
«Судовая сістэма — гэта не стварэнне нейкай асобнай арганізацыі, а гэта галіна ўлады, якая павінна працаваць згодна з міжнароднымі стандартамі і нацыянальным правам, быць незалежнай і прызнанай. Проста сабраць спецыялістаў і назваць іх суддзямі нельга.
Калі б нават у нас гэтыя базы былі, то асабіста я не бачу для стварэння судовай сістэмы рэсурсаў: суддзі не могуць працаваць як валанцёры. Патрэбны будуць заробкі, каб ажыццяўляць спецыяльнае справаводства», — расказвае яна.
Крысціна мяркуе, што завочныя суды рэжым пачне распаўсюджваць і на непублічных беларусаў, якія з’ехалі.
«Зразумела, што Святлану Ціханоўскую і іншых публічных асоб дваццаць разоў судзіць не будуць. Уладзе трэба паказаць, што сістэма працуе, ка́ты і небяспека існуюць, таму мне падаецца, што завочныя суды пачнуць працаваць на ўсю моц», — кажа яна.
У якіх краінах могуць прыняць заявы ад пацярпелых?
Якім чынам магчыма прыцягваць рэжым да адказнасці за злачынствы?
«У нас ёсць нацыянальная сістэма правасуддзя: гэта тое, што адбываецца ў Беларусі, ёсць нацыянальная сістэма іншых краін і міжнародная юрысдыкцыя, — расказвае Крысціна.
— У першым варыянце мы пакуль нічога не можам зрабіць. А вось у нацыянальнай сістэме іншых дзяржаў — так.
Існуе ўніверсальная юрысдыкцыя: згодна з ёй злачынствы, якія адбываюцца на тэрыторыі замежнай дзяржавы, можна разглядаць у іншай краіне.
Тут павінны быць злачынствы, якія ўтрымліваюцца ў міжнародных актах, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці. Залежыць ад нацыянальнага заканадаўства краіны, у якой будзе падавацца заява.
Другая ўмова — у дачыненні да якіх людзей: напрыклад, у Швецыі такое злачынства будзе разглядацца толькі ў дачыненні да грамадзяніна краіны. Заканадаўства Літвы больш гнуткае: тут разглядаюць любыя злачынствы супраць чалавечнасці. У польскім заканадаўстве ёсць умова, што гэта павінна адпавядаць інтарэсам Польшчы. Тут пытанне: беларусы з картамі паляка ў інтарэсах? Палякі, прынамсі, кажуць, што так».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях прапаноўвае выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія існуюць: нацыянальныя інструменты на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі розных краін.
«Падаць заяву ў дзяржаўны орган краіны: пракуратуру, крымінальную паліцыю. Але тут важна ведаць, хто канкрэтна ўчыніў злачынства. Праваабаронцы, Офіс і іншыя арганізацыі сутыкнуліся з сітуацыяй, што скарга падаецца, але злачынца невядомы. І гэта праблема, таму што расследаваць такія справы амаль што немагчыма.
Зразумела, што ў іншых дзяржаў няма доступу да базы доказаў, якая цяпер ёсць у Беларусі. Таму трэба разумець, што калі, напрыклад, невядомы збіваў чалавека на Акрэсціна, то можна спрабаваць падаць такую заяву на кіраўніка Акрэсціна. Гэта таксама адна са стратэгій.
Крымінальная паліцыя ці пракуратура прымаюць заяву, заводзяць справу, праводзяць сваё расследаванне. Тут мы сутыкаемся з завочнымі судамі з іншага боку. Атрымліваецца, што прадстаўнікі органаў іншых дзяржаў павінны выклікаць злачынцаў на допыт, надаваць пэўны юрыдычны статус — падазраваны, абвінавачваны. І далей могуць быць завочныя суды. Такая практыка насамрэч ёсць. Напрыклад, у Германіі разглядаліся кейсы Сірыі. Аднаго са злачынцаў яны нават затрымалі, таму што ён нейкім чынам забыўся, што ў дачыненні да яго ў Германіі ёсць крымінальны пераслед, і паехаў туды», — тлумачыць Крысціна Рыхтэр.
Яшчэ адна магчымасць такіх спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі — падаць заяву ў міжнародны вышук на злачынцу. І даць такім чынам сігнал рэжыму, што нічога не забыліся.
«Цяпер вельмі шмат ініцыятыў па фіксаванні злачынстваў: праваабарончыя араганізацыі, International Accountability Platform for Belarus. Але, канечне, можна гэта рабіць і тымі спосабамі, пра якія я казала вышэй: праз фіксаванне парушэнняў у юрысдыкцыях іншых краін. І пасля змены ўлады гэтыя справы можна будзе перадаць у нацыянальную юрысдыкцыю Беларусі.
Цяпер ёсць ініцыятыва, каб прыцягваць да адказнасці суддзяў, бо гэта катэгорыя, якая відавочная. Акрамя таго, што яны падпісваюць дакументы, гэтыя людзі адукаваныя, дасведчаныя, кваліфікаваныя, у адрозненне ад тых, напрыклад, хто працуе ў міліцыі. Яны разумеюць, што робяць», — кажа Крысціна Рыхтэр.
Акрамя ўніверсальнай юрысдыкцыі (нацыянальнай), ёсць Міжнародны суд ААН.
«Дзяржава пагаджаецца на нейкую міжнародную дамову, падпісвае яе, але заўсёды ёсць магчымасць даць агаворкі, напрыклад, не прыняць нейкі пэўны артыкул. Беларусь часцей за ўсё падпісвае дамовы, але не пагаджаецца з артыкуламі, у якіх ёсць механізм прыцягнення да адказнасці.
Дарэчы, зараз Літва хоча падаваць у Міжнародны суд ICJ заяву пра эмігранцкі крызіс, які Лукашэнка зрабіў на мяжы. Падрабязна пра гэта яшчэ расказаць не магу, бо толькі пачынаем весці перамовы», — кажа Крысціна Рыхтэр.
«Трэба шукаць злачынствы, якія пачаліся на тырыторыі Беларусі і скончыліся ў дзяржаве, якая падпісала Рымскі статут»
Апошняя магчымасць, пра якую многія мараць, — трыбунал.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе працуе згодна з Рымскім статутам.
«Беларусь не з’яўляецца яго падпісанткай і не прызнала юрысдыкцыю. Украіна таксама не прызнала статут, але прызнала юрысдыкцыю на пэўныя злачынствы. І ордар на Пуціна быў выдадзены менавіта з-за таго, што Украіна прызнала юрысдыкцыю статута, было пачата папярэдняе расследаванне ў дачыненні да злачынстваў Расіі ва Украіне», — тлумачыць Крысціна.
Таксама існуе гібрыдны трыбунал. Новая ўлада дае згоду на яго стварэнне, напрыклад, у дачыненні да злачынстваў, якія адбыліся ў тэрмін кіравання Лукашэнкі.
«Ёсць розныя практыкі стварэння звычайных трыбуналаў. Напрыклад, калі злачынства пачалося ў краіне, якая не прызнае юрысдыкцыю, але скончылася на тэрыторыі дзяржавы, якая з’яўляецца падпісантам Рымскага статута, то трыбунал адбудзецца.
У нашым выпадку трэба шукаць злачынствы, якія пачаліся на тырыторыі Беларусі і скончыліся ў дзяржаве, якая падпісала Рымскі статут. Ці ўлады Беларусі зрабілі злачынства на тэрыторыі такой краіны. Гэта кейс Расіі і Украіны.
Я дакладна не ведаю, якія звесткі ёсць у Латушкі і яго каманды наконт таго, што Лукашэнка датычны да незаконнага вывазу дзяцей з Украіны. Калі такія доказы ёсць, то гэта вельмі перспектыўна для нас», — кажа Рыхтэр.
Чытайце таксама:
Трыбунал для Пуціна і Лукашэнкі — што значыць рэзалюцыя Еўрапарламента і як такі суд будзе выглядаць
«Мініруе ўсю Еўропу». МЗС Беларусі выступіла з антыпольскім каментаром
Каментары
ідуць услед за лу... як можна ўвогуле сур'ёзна абмяркоўваць завочныя суды? хіба гэта ў прававым рэчышчы?