Грамадства5656

Ябацька лейтэнанта Шміта. Шматразова судзімы рэцыдывіст выдаў сябе за ветэрана спецназа і дарос да міністэрскага ўзроўню

Публікуючы інфармацыю пра затрыманне «за палітыку» намесніка Дзмітрыя Паўлічэнкі Сяргея Заслаўскага, «Наша Ніва» не ведала, які клубок раскруціцца — з вашай, чытачы, дапамогай. Рэцыдывіст Сяргей Аўтуховіч раней учыняў злачынствы, прадстаўляючыся супрацоўнікам міліцыі і ўнутраных войскаў. Але актыўная пазіцыя «за Лукашэнку» адкрыла яму дзверы міністэрскіх і генеральскіх кабінетаў. Эвалюцыя з «нікога» да зоркі лукашысцкіх СМІ заняла ў яго тры месяцы. Расказваем. 

Заслаўскі з намеснікам міністра ўнутраных спраў, генералам Дзмітрыем Карзюком

Днямі мы паведамілі пра паварот лёсу Сяргея Заслаўскага — намесніка Дзмітрыя Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназа, стваральніка руху «За моцную Беларусь», эталоннага ябацькі, які нечакана апынуўся на Акрэсціна «за палітыку». 

Ябацькі ў шоку. На Акрэсціна адправілі намесніка Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназа «Честь» 

Да свайго арышту Заслаўскі гастраляваў па ваенных часцях і аддзелах міліцыі з майстар-класамі для сілавікоў і курсантаў, і па школах з «патрыятычнымі» лекцыямі для дзяцей.

Кожны ягоны рух падрабязна асвятляўся ў дзяржаўных медыя: СТБ, «Мінск-Навіны», «Ваяр» і г.д. 

Ён праводзіў прызыўнікоў у войска, ціснуў рукі міліцэйскім генералам і лукашэнкаўскім міністрам, абдымаўся з Балабам. 

З 2020 года Заслаўскі сабраў цэлы іканастас падзяк і грамат ад сілавых структур Беларусі. Ён праводзіў семінары для работнікаў МУС і Мінабароны па ўсёй краіне. 

Герой публікацыі з кіраўніком мінскага АМАП Дзмітрыем Балабам і граматай ад гэтай арганізацыі 

Прадстаўляючыся міліцыянтам, абкрадаў кіёскі

«Наша Ніва» з дапамогай «Байпола» высветліла, што ў рэальнасці пад псеўданімам Сяргей Заслаўскі хаваецца рэцыдывіст Сяргей Аўтуховіч. 

У анамнэзе гэтага персанажа пад 20 крымінальных злачынстваў, з якіх 15 разбояў.

«Аўтуховіч С.С. у кафэ «Таверна» па праспекце Газеты «Праўда» у стане алкагольнага ап'янення з ужываннем медыцынскага прэпарата «Азалапцін» давёў [пацярпелага] да стану комы, пасля чаго, скарыстаўшыся яго несвядомым станам, 12.04.2010 каля 20:00, знаходзячыся па адрасе […] завалодаў аўтамабілем Сітраен С5, які належаў [пацярпеламу], нанёс шкоду на 33 000 000 рублёў», — прыклад выпіскі з крымінальнай біяграфіі Заслаўскага-Аўтуховіча, якой з намі падзяліўся «Байпол». 

Гэты чалавек адбіраў у іншых грошы проста на прыпынках, залазіў у чужыя кватэры. Аднойчы ён нават умудрыўся «шляхам падману» адабраць у пацярпелага Д. грошы проста ў памяшканні Фрунзенскага РУУС Мінска.

Вось яшчэ: «Аўтуховіч С.С з ліпеня 2005 па 09.03.2006, прадстаўляючыся работнікам праваахоўных і інш. органаў і не з'яўляючыся такім, самавольна, выкарыстоўваючы ўладу адказных асоб, трапляў у памяшканні камерцыйных кіёскаў і ўчыняў дзеянні, прадугледжаныя арт. 206 ч. 2 (крадзеж), 205 ч.2 (рабаўніцтва з ужываннем гвалту), 209 ч.2 (махлярства) КК РБ у дачыненні да грамадзян К., Л., Д., і інш».

Ніжэй, для параўнання, фота Сяргея Аўтуховіча з базы «Пашпарт». 

Фота Сяргея Аўтуховіча з базы «Пашпарт»

Па большай частцы сваіх злачынстваў турэмнага пакарання не панёс у сувязі з тым, што суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасці з «ужываннем прымусовых захадаў бяспекі і лячэння ў псіхіятрычнай клініцы з узмоцненым назіраннем».

Ні ў войску, ні ў органах унутраных спраў Сяргей Аўтуховіч ніколі не служыў. Ён за сваё жыццё працаваў шмат дзе: ад камбіната хлебапрадуктаў да завода «Бульбаш», але толькі не ў органах. 

Маёрскія пагоны, а таксама значкі на ягоным кіцелі аб «самаадданай службе», сканчэнні Акадэміі МУС і службе ў в/ч 3214 можа і сапраўдныя, але Аўтуховічу не належаць.

Скрыншот з сюжэта лідскага раённага тэлебачання пра выступленне Заслаўскага-Аўтуховіча перад калектывам лідскай міліцыі. 

Гэта выглядае абсалютна фантастычнай гісторыяй — небяспечны рэцыдывіст, надзеўшы форму маёра ўнутраных войскаў, гадамі вучыў жыццю курсантаў і беларускіх дзяцей, прыкрываючыся лозунгам «За Бацьку!». Актыўнічаў у ЛДПБ і збіраўся ў дэпутаты, а кіраўнікі міліцыі, ідэолагі і ўсе іншыя не заўважалі, хто перад імі.

Мы прасачылі гісторыю гэтага чалавека, каб зразумець, як лукашэнкаўская сістэма да такога дайшла. 

З'яўленне «ябацькі лейтэнанта Шміта»

Публічную кар'еру Сяргея Аўтуховіча прасцей за ўсё адсачыць праз сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА — там псеўдаспецназавец згадваецца аж 14 разоў. 

Першы раз дзяржаўнае агенцтва напісала пра Аўтуховіча 4 верасня 2020-га. Гаворка ў публікацыі пра тое, што Аўтуховіч разам з атлетам Вячаславам Харанекам рыхтуюцца «ставіць сусветныя рэкорды» на прапагандысцкім мерапрыемстве 12 верасня. 

Адпаведна, наступная публікацыя ўжо 12-га — рэкорды «пастаўлены». 

Фота: БелТА

Са спартовага гледзішча тое, што ў публікацыі называецца «сусветным рэкордам» Аўтуховіча, такім не ёсць. 

Дысцыпліны на колькасць адцісканняў на кулаках за 45 секунд (!) проста не існуе. Колькасцю адцісканняў атлеты мераюцца іначай і рэкорды на спаборніцтвах пачынаюцца ад тысячы паўтарэнняў за найменшую колькасць часу і сканчаюцца дзясяткамі тысяч паўтарэнняў за пэўны час, напрыклад, за гадзіны ці суткі.

А тое, за што хвалілі Аўтуховіча-Заслаўскага — прапагандысцкая маніпуляцыя. 

Пасля свайго першага «рэкорду» Аўтуховіч-Заслаўскі перастаў саромецца. На БелТА яго пачалі прадстаўляць ужо як трохразовага рэкардсмена свету і Кнігі рэкордаў Гінэса (!), які ставіць новыя «рэкорды». Натуральна, перабіваючы пры гэтым толькі свае ўласныя. 

Рэкардсменам Кнігі рэкордаў Гінэса ён таксама ніколі не быў — на афіцыйным сайце арганізацы ні Аўтуховіч, ні ягонае альтэр-эга не згадваюцца. 

У большасці публікацый на БелТА ён з'яўляецца разам з Вячаславам Харанекам, які таксама ў нейкі момант, на спартовай пенсіі, пачаў ставіць «рэкорды» у настолькі экзатычных дысцыплінах, у якіх канкурэнцыі проста няма. 

Фота: БелТА

Як Аўтуховіч-Заслаўскі запісаўся ў ябацькі

На фоне ўвагі журналістаў Аўтуховіч заснаваў «патрыятычна-спартовы рух «За моцную Беларусь». Абаперціся яму было на што — на публікацыі афіцыйнага лукашэнкаўскага рэсурсу, якія, імаверна, з ягоных уласных словаў і зрабілі з нікому раней невядомага чалавека спартовую фігуру. 

Відаць, была і іншая прычына. Ад нашых суразмоўцаў мы ведаем, што Аўтуховіч — блізкі знаёмы Сяргея Мацвіенкі, які раней быў намеснікам Дзмітрыя Паўлічэнкі ў Асацыяцыі ветэранаў спецназа «Честь». У ліпені 2021 Мацвіенка выйшаў з «Чести», Паўлічэнка суправадзіў гэта каментарыем за сваім подпісам на сайце асацыяцыі. 

Скрыншот сайта асацыяцыі

Забаўны момант, што, па інфармацыі з сістэмы «Пашпарт», Мацвіенка сам не мае ніякага дачынення да сілавых структур — ягоны максімум гэта работа ахоўнікам у «Ідэя Банку». Але неяк ён умудраўся быць не толькі сябрам асацыяцыі ветэранаў, але і намеснікам Паўлічэнкі. 

Ён жа, як можна меркаваць, прыцягнуў у арганізацыю і Аўтуховіча, які таксама стаў намеснікам у Паўлічэнкі. А там усё пайшло зусім проста — пасля 2020-га такім людзям стала страшна адмаўляць.

І вось тут ужо «вядомы ў краіне сілавік» зусім губляе сорам і пачынае гастролі па краіне з нясціплай у сваёй штучнасці біяграфіяй. Дарога да паважанага ў сістэме чалавека займае ў яго тры месяцы.

(калі лічыць ад моманту першай публікацыі на БелТА да ідэалагічнай лекцыі перад сілавікамі). 

Зірніце відэа з Ліды пра семінар, які Аўтуховіч правёў для супрацоўнікаў РАУС і Дэпартамента аховы ў снежні 2020-га. 

На відэа кіраўнік Лідскага РАУСа Дзмітрый Уляшка, які прывёў на сустрэчу 50 сваіх супрацоўнікаў, робіць рэверансы ў бок «Сяргея Сяргеевіча», які «сур'ёзны матыватар», і расказвае, наколькі такія сустрэчы патрэбны «ў рамках ідэалагічнай падрыхтоўкі асабовага складу». 

У канцы семінара «маёру» Аўтуховічу выдалі грамату ад Лідскага РАУС за ўнёсак у ідэалагічную работу з асабовым складам. Нагадаем, што гэта ў Лідзе быў арыштаваны палітвязень Вітольд Ашурак, таямніца гібелі якога ў Шклоўскай калоніі дагэтуль не расследаваная.

Бенефісы ў школах і ў мінскім АМАП

Тым часам, дзяржаўныя СМІ працягвалі ствараць ідэалагічна правільнаму «рэкардсмену-сілавіку» легенду.

«Яшчэ адзін вядомы ў нашай краіне сілавік Сяргей Заслаўскі ўстанавіў рэкорд Гінэса ў адцісканні на паралельных брусах з дадатковай вагой у 26 кілаграмаў», — расказвае дыктарка СТБ пры канцы 2020-га. 

«Мінчука запрасілі ў Лондан устанавіць новае дасягненне для Кнігі рэкордаў Гінэса», — пішуць «Мінск-Навіны» ў сакавіку 2021-га, далучаючы фота Аўтуховіча з дыпломам, які напісаны па-англійску з катастрафічнымі памылкамі.

Але правяраць інфармацыю — не ў іх традыцыі. 

Фота з тым самым дыпломам з памылкамі

Далей ідуць эфіры на ТНТ, уступленне ў Ліберальна-дэмакратычную партыю Гайдукевіча, бенефісы ў школах і ў мінскім АМАПе. 

Быццам радкамі з Ільфа і Пятрова гучаць апублікаваныя ў рэпартажы «Мінск-Навінаў» словы мінскага каардынатара Ліберальна-дэмакратынай партыі пра візіт Аўтуховіча-Заслаўскага ў сталічную школу №1. 

«У канцоўцы мікрафон узяў С. Разжывайкін.

— Перад вамі выступілі людзі, якія рэалізавалі сябе. Імкніцеся да вынікаў, усё атрымаецца!», — цытуюць прапагандысты С. Разжывайкіна. 

Візіт Аўтуховіча-Заслаўскага ў сталічную школу №1. Фота: «Мінск-Навіны»

Запрашаў Аўтуховіча на мерапрыемствы са школьнікамі і намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран. Часта яны з'яўляліся на мерапрыемствах разам. 

Цуран жа прымаў былога крымінальніка з «працоўным візітам» у сваім кабінеце. Цуран — першы адносна высокі чыноўнік, які прыняў у сябе Аўтуховіча. Ну, пасля міністра спорту Сяргея Кавальчука, сустрэчу якога з Аўтуховічам яшчэ можна патлумачыць імкненнем міністра ведаць усіх новых дзеячаў у сваёй сферы. 

Цуран з Аўтуховічам і іншым сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі

Пасля «легітымізацыі» ў Цурана Аўтуховіч з кім толькі не сустракаўся. 

З ім абдымаўся кіраўнік мінскага АМАП і падводзіў да яго сваіх кадраў, яго прымалі ў сваіх кабінетах міністры сельскай гаспадаркі і медыцыны. 

Яго запрашалі на сустрэчы з курсантамі ў Вайсковую акадэмію і выпісвалі граматы ад Мінабароны. 

З Аўтуховічам вітаўся за руку намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк і ўручаў яму падзяку. Загадка, як Міністэрства ўнутраных спраў не правяло элементарнай праверкі, з кім мае справу. 

Аўтуховіч праводзіць семінар для мінскіх амапаўцаў. 

«Якія праваахоўнікі, такія і іх прапаведнікі», — сказаў нам на сітуацыю адзін з заслужаных работнікаў МУС, які звольніўся пасля 2020-га. 

Ва ўмовах палітычных рэпрэсій на паверхню як у СМІ, так і ідэалагічным апараце ўсплылі сапраўдныя адкіды грамадства: ім аддалі прайм-тайм тэлеканалаў, яны трымаюць грамадства ў страху сваімі даносамі, іх возяць да студэнтаў і ў школы. Галоўнае — каб праслаўлялі Лукашэнку і апраўдвалі дзяржаўную палітыку. Пярэчыць любому з такіх ябацек, адмаўляць у выкананні іх часам людажэрскіх патрабаванняў трэба мець неабыякую мужнасць. Хлусня і страх пранізалі дзяржаву знізу даверху.

Паказальна, як лёгка шматразова судзімы Заслаўскі-Аўтуховіч не проста трапіў у арганізацыю ветэранаў спецназа на чале з Паўлічэнкам, але і стаў намеснікам яе кіраўніка.

Нагадаем, што «Честь» — гэта структура, удзельнікі якой дапамагалі ў разгоне дэманстрантаў у 2020 годзе. А Дзмітрый Паўлічэнка — былы камандзір вайсковай часці 3214, якога падазраюць у выкананні палітычных забойстваў канца 1990-х і пачатку 2000-х.

«Ніякіх дзясяткаў тысяч сяброў у ёй няма, — расказаў «Нашай Ніве» афіцэр МУС, знаёмы з сітуацыяй у «Честі». — А створана яна была Паўлічэнкам найперш для таго, каб вырашаць свае асабістыя пытанні на фоне хранічнага безграшоўя.

Ён рассылаў дзясяткі лістоў у камерцыйныя арганізацыі з просьбай дапамагчы «ветэранам спецназа». Улічваючы важнасць унутраных войскаў у сістэме і гучнай назвы, людзям цяжка было адмаўляць.

А куды ішлі гэтыя грошы і як Паўлічэнка імі распараджаўся — думаю, на гэтыя пытанні адкажа следства, калі ў краіну вернецца законнасць.

Як не сакрэт і тое, што пасведчанні асацыяцыі прадаваліся, і былі выпадкі, калі выпадковыя людзі клалі пасведчанне пад шкло машыны ў надзеі пазбегнуць праблем з ДАІ», — сказаў афіцэр МУС. 

Мы працягнем сачыць за развіццём сітуацыі. І пішыце нам, як толькі ведаеце важнае. Або асабіста тым аўтарам «Нашай Нівы», якіх ведаеце, або рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на [email protected] ці [email protected].

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары56

  • Абу
    14.04.2023
    Абсалютна нічога дзіўнага - ва ўладзе спрэс прайдзісветы! Герой нашага часу.
  • Беларус
    14.04.2023
    лукашенка, может, тебе пора остановиться: посмотри, что ты натворил с 1994 года и продолжаешь "творить"...
    Какой ПОЗОР всей "системе" раболепия и алчности, построенной на насилии и лжи: умные люди говорили ещё до 1994 года, что власть в в Беларуси не должна принадлежать одному гражданину, и БЫЛИ ПРАВЫ!!! Это такая ЯМА, ТАКАЯ ЯМА получилась, а они ещё и "ядерную боеголовку" тащат в Беларусь, чтобы уже и ЯМЫ НЕ было... Тьфу, ПОЗОРИЩЕ!!!
    А Корзюк УДИВИЛ: забыл "пробить" ТАКОГО "кадра"!!! 😂😂😂!!!
  • Брэст сіла
    14.04.2023
    Наша Ніва, you made my day. 

Чаму расійскія дроны сталі часцей залятаць у Беларусь?

Чаму расійскія дроны сталі часцей залятаць у Беларусь?

Усе навіны →
Усе навіны

Ад сёння Літва мае намер увесці абмежаванні на ўезд аўто з беларускімі нумарамі27

Мінскае «Дынама» на апошніх хвілінах прабілася ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў ВІДЭА1

Расійскі шахед выбухнуў за 55 км ад Бабруйска22

Паслабленні для беларускіх турыстаў уводзіць Тайланд

З беларусам тыдзень няма сувязі пасля таго, як ён перасёк мяжу з Польшчай1

88-гадовы апальны экс-кіраўнік «Пінскдрэва» Арыніч жыве ў Беластоку ў здымнай кватэры за кошт сваякоў2

Памёр Ігар Гіпс1

«Калі ўпала першая льдзінка, я зразумела, што ўсё». Град памерам з курынае яйка пашкодзіў машыну беларускі2

У Беларусі затрымалі літоўца, які абвінавачваецца на радзіме ў забойстве2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму расійскія дроны сталі часцей залятаць у Беларусь?

Чаму расійскія дроны сталі часцей залятаць у Беларусь?

Галоўнае
Усе навіны →