Грамадства55

«Мы з дзедам проста ў шоку». Смаргонскіх пенсіянераў, якія адны выхоўваюць пяцярых унукаў, неабыякавыя беларусы завалілі падарункамі

У сярэдзіне сакавіка выданне «Анлайнер» расказала пра пажылую пару са Смаргоні, якой лёс судзіў вельмі складанае жыццё на пенсіі. Тры гады таму яны страцілі дачку, якая памерла ад раку грудзей, без маці засталіся пяцёра дзяцей. Іх выхаваннем заняўся бацька, але праз паўгода і ён раптоўна памёр. Тады пенсіянерам прыйшлося стаць апекунамі для пяцярых непаўналетніх дзяцей, іншага выйсця не было. Калі ж чытачы «Анлайнера» даведаліся пра гэтую драматычную гісторыю, то сталі актыўна дапамагаць. Закідалі падарункамі дзяцей і не забыліся пра іх дзядулю з бабуляй.

«Мы з дзедам проста ў шоку, панавезлі ўсяго! Такога дакладна не чакалі», — са слязамі ў голасе гаворыць па тэлефоне бабуля.

Рэгіне Казіміраўне — 65 гадоў, Генрыху Іосіфавічу — 68, але жыццё ў іх бурліць як у маладосці. Кожны дзень мільён клопатаў: адправіць дзяцей у школу і на гурткі, накарміць абедамі/вячэрамі, прасачыць за ўрокамі, памірыць, калі пасварыліся, палаяць, калі правініліся. А яшчэ пра матэрыяльнае падумаць, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі.

Гісторыя сям'і са Смаргоні расчуліла многіх чытачоў «Анлайнера». Пасля выхаду артыкула дзясяткі людзей прасілі падзяліцца кантактамі, каб маральна падтрымаць пенсіянераў і іх унукаў. Хтосьці збіраўся адправіць ліст са словамі падтрымкі, хтосьці хацеў перадаць рэчы для дзяцей у добрым стане, хтосьці прасіў нумар рахунку, каб пераслаць грошы (хоць у артыкуле пенсіянеры настойвалі на тым, што дзякуючы выплатам ад дзяржавы ў дапамозе востра патрэбы не маюць).

Здзіўляла тое, з якой лёгкасцю некаторыя беларусы наважыліся на куплю патрэбных сям'і рэчаў. У старэйшых дзяўчынак да гэтага часу няма ноўтбука? Праходзіць менш за суткі — і ў рэдакцыю паведамляюць, што «пытанне закрытае».

Вось такі дыялог атрымаўся з чытачом:

— Ноўт замовіў. Сёння прывязуць, і «Еўрапоштай» я заўтра адпраўлю.

— Раскажыце крыху пра сябе, не ўсе могуць вось так лёгка ноўтбук дарыць…

— Я проста жыхар Беларусі.

Неабыякавых жыхароў у Беларусі аказалася шмат. Патэлефанавалі пенсіянерцы, каб удакладніць, як там з ноўтам. Ці сапраўды прывезлі, як і абяцалі?

«Ноўтбук будзе! Заўтра ў нас дастаўка! Ой, нам жа ўчора вялізны тэлевізар прывезлі, паўтара метра шырынёй! Дзеўкі мае крычалі проста як шалёныя!» — на эмоцыях расказвае Рэгіна Казіміраўна.

Яна пацвердзіла, што людзі аказаліся вельмі шчодрымі: і грашыма дапамагаюць, і адзеннем, і кнігамі. Часцей за ўсё дапамога прыходзіць з Мінска, але з рэгіёнаў таксама бываюць пасылкі.

«З Оршы даслалі шмат рэчаў, і ўсё такое добрае!»

У адзін з выхадных званок:

«Я ўжо не ведаю, што рабіць. Як нам гэтым людзям аддзячыць?! Яны яшчэ адзін ноўтбук дзецям прывезлі і кожнаму па планшэце — уяўляеце? Два хлопцы з Мінска і дзве дзяўчыны, я не ведаю — хто гэта, я не разбіраюся. Мы з дзедам у такім шоку былі, у мяне наогул слёзы ручаём. Дзед сказаў: «Вы ж маладыя, вам самім грошы патрэбныя». А яны адказваюць: «Мы маладыя, мы заробім!» І столькі ўсяго навезлі, і садавіны ўсялякай, нават нейкі «драконаў фрукт» прывезлі пакаштаваць. Каця ўсё марыла пра яго. Тры гады проста жылі сабе паціху, нікому да нас не было справы, а тут такое. Мы не чакалі, праўда».

Цяпер па вечарах сям'я глядзіць фільмы з вялікага экрана. Маленькі тэлевізар з залы перавандраваў у пакой да дзядулі. А тэлевізар ад дзядулі апынуўся на кухні — пенсіянерцы стала весялей гатаваць.

Ноўтбукі, планшэты — гэта наогул дзіцячае шчасце. Дома стала прыкметна цішэй, адзначае Рэгіна Казіміраўна.

— Задаволеныя дзеці, вядома, дзе б я ім гэта ўсё купіла? Я вось пабрала тэлефоны ўсім у растэрміноўку, дык яшчэ расплачваюся дагэтуль. А тут проста ўзялі і ўсё прывезлі.

— А можа, гэта дрэнна, што цяпер дзеці ў планшэтах?

— Ай, затое ціха. Вось Сашка, наш малодшы, увесь час браў у дзеда тэлефон, а цяпер ужо на планшэце ў футбол можа пагуляць. Я таксама падсела. Мы з дзецьмі ўрокі зробім, і перад сном я клічу Віку і кажу: уключай гэтую гульню, ну, дзе з літар словы складаюцца. Мы ўжо да 53-га ўзроўню дайшлі… Разгадваем з ёй гэтыя рэбусы.

Перад каталіцкім Вялікаднем сям'і прывезлі яшчэ адну партыю падарункаў — вялікі батут для дзяцей, садовыя арэлі і самакат.

«За самакат тут ледзь не пабіліся. Сашка адразу паехаў, а потым Віка захацела, і яны тут удваіх па хаце ездзілі, па ўсіх пакоях. Цяпер ужо на вуліцы будуць катацца. Батут вось нядаўна сабралі, а побач паставім арэлі. Мы з дзедам будзем сядзець і назіраць за дзецьмі. Можа, калі шашлыкі пасмажым, на свята якое. Я і не марыла, што вось так на старасці гадоў буду адпачываць…»

Галоўнае — каб на адпачынак часу хапіла, бо ў пенсіянеркі адной толькі расады памідораў — 40 сартоў! Пастаянна эксперыментуе. Агарод — гэта яе аддушына.

«Трэба адцягвацца мне, вядома, а то ўжо цяжкавата стала, калі ўспамінала гэта ўсё… Нават сэрца пабольваць пачало, шмат перажыванняў. Але дзеткі нашы вельмі задаволеныя, дзякуй людзям за ўсё! Учора вось дзень нараджэння быў у Насці — 15 гадоў. Нейкая жанчына з Мінска даведалася і сказала забраць падарунак — навушнікі бесправадныя. І гэта проста незнаёмы чалавек, не сваячка. Вось як бывае», — дзівіцца пенсіянерка.

А вось і сабраны батут разам з арэлямі — цяпер сям'я дакладна гатовая да летняга сезона.

Каментары5

  • эээх
    11.04.2023
    Ага. І давай па тым тэлевізары расейскае ... круціць.
  • Ноўнэйм
    12.04.2023
    Ну, і потым: "Дзякуй, Ляксандр Рыгоравіч! Праз вас у нас у краіне усё добра і такія добразычлівыя і шчодрыя людзі"..
  • Птушачка
    12.04.2023
    эээх, затое ціха вам жа кажуць. І ў іх у хаце, і ў краіне.

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях19

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай3

«Лаўлю на сабе позіркі людзей сталага ўзросту». Беларуска ў 32 гады наважылася хадзіць з кіем, які быў прапісаны ёй даўно6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →