«На яго і дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець». Вальфовіч хоча пачаць прызываць і студэнтаў
Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч узяў удзел у нарадзе з кіраўнікамі ВНУ ў Міністэрстве адукацыі. Падчас гэтага мерапрыемства ён выказаў ідэю, ад якой студэнты напружацца.
«Хацеў бы задаць некаторыя пытанні рэктарам. Вядома, адразу не буду чакаць ад іх адказу. Дам ім час для таго, каб яны гэта абдумалі і падалі ў выглядзе сваіх меркаванняў, прапаноў у Дзяржаўны сакратарыят Рады бяспекі», — пачаў сваю прамову Вальфовіч і пасля выклаў сутнасць свайго праекта.
«Як вучыць студэнтаў на вайсковых кафедрах, як наогул яны глядзяць і ставяцца да таго, каб студэнтаў прызываць ва Узброеныя Сілы, як гэта было калісьці ў Савецкім Саюзе. Бо ўсё новае — гэта добра забытае старое», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.
На ягоную думку:
«Малады чалавек, які паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову, а потым пайшоў служыць, год адслужыў і вярнуўся на другі-трэці курс сталым — на яго і дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець. І ён па-іншаму асэнсуе тое, для чаго ён наогул паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову.
І ўжо на вайсковых кафедрах можна паменшыць колькасць гадзін для навучання далей. Хтосьці ўжо свядома паступіць на вайсковую кафедру, а хтосьці палічыць, што гэта яму не трэба, паслужыўшы ў войску».
Каментары