Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 7 красавіка падпісаў выканаўчы ўказ аб працягненні рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенага ў красавіку 2021 года праз умяшанне Расіі ў амерыканскія выбары, і звязаныя з гэтым санкцыі.
Адзначаецца, што ўведзенае ў 2021 годзе надзвычайнае становішча было закліканае «супрацьстаяць незвычайнай і надзвычайнай пагрозе нацыянальнай бяспецы, замежнай палітыцы і эканоміцы Злучаных Штатаў, якую складае пэўная шкодная замежная дзейнасць урада Расійскай Федэрацыі».
Сярод канкрэтных захадаў называюцца, у прыватнасці, намаганні, «накіраваныя на падрыў правядзення свабодных і сумленных дэмакратычных выбараў і дэмакратычных інстытутаў у Злучаных Штатах і іх хаўруснікаў і партнёраў».
Таксама згадваюцца зламысная кібердзейнасць, выкарыстанне транснацыянальнай карупцыі для ўплыву на замежныя ўрады, пераслед дысідэнтаў і журналістаў, падрыў рэгіянальнай бяспекі, парушэнне прынцыпаў міжнароднага права.
Нагадаем, 15 красавіка 2021 года ЗША абвясцілі аб выдаленні 10 расійскіх дыпламатаў і новых санкцыях у дачыненні да Расіі за ўмяшанне ў выбары і зламысную кібердзейнасць. Таксама было абмежаванае супрацоўніцтва з фінансавымі ўстановамі Расіі.
Гэта былі першыя санкцыі ЗША, уведзеныя супраць Расіі ў часы прэзідэнцтва Джо Байдэна.
Каментары