«Для даносчыкаў чырвоная ануча — калі гід называе Мінск Менскам». Што адбываецца з экскурсаводамі ў Беларусі
«У музеях, нават няпрофільных, зрабілі стэнды на тэму «Генацыд беларускага народа». Там вісяць здымкі з фашыстамі часоў Другой сусветнай вайны і каля іх — фота з БЧБ з пратэстаў-2020». Як цяпер працуецца экскурсаводам? Пагаварылі з людзьмі са сферы.
«Без працы застаюцца тыя, хто складаў славу беларускага турызму»
Суразмоўцы «Нашай Нівы», якія да нядаўняга часу працавалі экскурсаводамі, тлумачаць, як сёння выглядае атэстацыя ў прафесіі. Яна складаецца з двух этапаў: спачатку трэба здаць тэст на камп’ютары, а потым абараніць экскурсію па маршруце. Для гэтага экскурсавод гутарыць з камісіяй, якая складаецца з дасведчаных экскурсаводаў і чыноўнікаў Міністэрства спорту і турызму.
Такі парадак быў зацверджаны даўно — іншая рэч, кажуць экскурсаводкі, што цяпер ва ўлад дайшлі рукі да іх калег. Чаму толькі цяпер? Бо экскурсаводы на 90% — гэта ці індывідуальныя прадпрымальнікі, ці людзі, якія працуюць па дамовах падраду. Гэта фактычна самазанятыя творчыя людзі, якія не маюць кіраўніцтва.
У жніўні 2022 года ў гэтай сферы прайшла хваля затрыманняў. Экскурсаводка Валерыя расказвае пра адно з самых яркіх: «Арыштавалі Галіну Патаеву — дырэктарку агенцтва «Віяполь», флагмана экскурсій па Беларусі, які працуе на рынку 30 гадоў. Патаева — вельмі паважаная ў турызме фігура, якая прысутнічала ў розных прэзідыумах Мінспорту і Нацыянальнага агенцтва па турызме, яе арышт быў шокам для ўсіх. Спецыяльна яе затрымалі, каб запужаць усю сферу».
Некаторыя экскурсаводы пазбаўляюцца права на працу па незразумелых прычынах. Суразмоўцы распавядаюць, што пару месяцаў таму на той самай камісіі, якая адказвае за атэстацыю, пачалі разглядацца справы тых, каго хочуць пазбавіць бэйджа (статусу атэставанага экскурсавода). Часам канкрэтная прэтэнзія не агалошваецца нават самому чалавеку, у якога забіраюць бэйдж.
Экскурсаводу паведамляюць, што на яго нібыта была скарга, а часам і ўвогуле абвінавачваюць у «неадпаведнасці маральным нормам экскурсавода». Камусьці проста тэлефануюць, камусьці пішуць на электронную пошту, а некаторым нават у паштовую скрыню прыходзіць паведамленне: маўляў, ваша атэстацыя прыпынена на адзін год.
Некалькі экскурсаводаў прыйшло атэстоўваць дадатковыя маршруты, і якраз на камісіі ім сказалі, што яны пазбаўлены бэйджа.
«Атрымліваецца, што без працы застаюцца яскравыя, творчыя і прафесійныя экскурсаводы, тыя, хто складаў славу беларускага турызму. Некаторых з іх Міністэрства спорту і турызму раней прызнавала экскурсаводамі года, узнагароджвала прэміямі і граматамі.
Сярод пазбаўленых бэйджа ёсць тыя, хто прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па палітычных артыкулах, але ёсць і тыя, хто не прыцягваўся. Скаргу, якую падалі на экскурсаводаў, ім не паказваюць і на камісію іх не выклікаюць, так што людзі фактычна не могуць абараніцца і пракаментаваць сітуацыю, не ведаюць, на якія іх словы паскардзіліся і ў якой экскурсіі»,
— наракае гід Ірына (імя зменена).
Калі атэстацыя прыпынена, фармальна атрымліваецца, што чалавек не можа вадзіць экскурсіі, то-бок гэта фактычна забарона на прафесію.
«Вельмі прыкра, што ў камісіі ёсць дасведчаныя экскурсаводы, прафесіяналы з еўрапейскім падыходам да культуры памяці, якія цяпер займаюцца фактычна рэпрэсіямі ў дачыненні да сваіх калег. Той жа самы старшыня Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў рабіў цікавыя праекты, сучасныя і ў еўрапейскім ключы, і прыкра, што такі чалавек і прафесіянал пайшоў на тое, каб разглядаць паклёпы на экскурсаводаў, у тым ліку на тых, з кім ён працаваў побач», — дзеліцца эмоцыямі Ірына.
«Ва ўсіх музеях зрабілі стэнды на тэму «Генацыд беларускага народа»
Сярод экскурсантаў бываюць і даносчыкі. Напрыклад, свае паслядоўнікі ёсць у інфаказачкі Вольгі Бондаравай, яны нават стварылі свой тэлеграм-канал. Дзейнічаюць па розных пытаннях, у тым ліку ходзяць на экскурсіі і пішуць скаргі, хаця і не надта разбіраюцца ў тэматыцы экскурсій. Ірына прыводзіць прыклад:
«Для іх чырвоная ануча — калі экскурсавод называе Мінск Менскам, у іх ёсць нават штамп — «змагарскі Менск». Але ўсе гісторыкі вам скажуць, што гістарычная назва горада — менавіта Менск, хаця для ябацек гэта дзіўным чынам зрабілася маркерам апазіцыйнасці.
Нават калі нейкі факт будзе напісаны ў кантрольных тэкстах, яны могуць да яго чапляцца, пісаць скаргі, зняслаўліваць яго ў сваіх каналах. Але фактычныя скаргі таксама існуюць, нельга сказаць, што ўсе скаргі выдуманыя».
Суразмоўцы назіраюць адток экскурсаводаў з прафесіі: шмат людзей з’ехала, некаторыя змяняюць сферу дзейнасці. Быць экскурсаводам не надта прыбыткова, а цяпер яшчэ і небяспечна, бо былі факты затрымання калег.
Рынак экскурсій у такіх умовах таксама змяняецца. Ірына прыводзіць прыклад:
«Са жніўня 2022 года не водзяць экскурсіі тыпу free walking tour (бясплатная пешаходная экскурсія па горадзе, за якую магчыма даць ахвяраванні. — «НН»).
Такія экскурсіі зарубілі, бо закашмарылі экскурсаводаў, частка з іх з’ехала. Сярод мінчукоў гэтыя экскурсіі былі папулярныя, было бачна, што людзі цікавяцца гісторыяй пэўных раёнаў, паркаў і вуліц.
Экскурсаводы заўважылі адну рэч, калі падчас комплексных экскурсій заходзілі ў музеі. Ва ўсіх музеях, нават абсалютна няпрофільных, зрабілі стэнды на тэму «Генацыд беларускага народа». Відаць, ёсць пэўны шаблон стэнда, які разаслалі па музеях, бо там вісяць здымкі з фашыстамі часоў Другой сусветнай вайны і каля іх — фота з БЧБ з пратэстаў-2020.
Таксама прайшлі хвалі звальненняў музейных супрацоўнікаў, і звольнілі найбольш яскравых з іх, ідзе замена прафесіяналаў на лаяльных».
То-бок расказваць пра Хатынь і партызанаў — самы бяспечны шлях? Суразмоўцы запэўніваюць, што бяспечных тэм цяпер няма, ні пра адну тэму нельга сказаць, што яе дакладна можна ці нельга згадваць. Прычым магчымае пакаранне ў выпадку «не тых» фактаў — гэта не толькі пазбаўленне бэйджа, але і арышт.
Ірына тлумачыць, што і з Хатынню, вобраз якой так выкарыстоўвае прапаганда, усё няпроста: «У Хатыні была праведзена даволі спрэчная рэканструкцыя, у тым ліку там будуюць праваслаўную капліцу, хаця гэтая вёска збольшага была каталіцкая. Вядома, што Хатынь — зборны вобраз усіх спаленых вёсак, навошта там прыўнесена рэч, якая не адпавядае ў тым ліку папярэдняй мемарыяльнай канцэпцыі? У Хатыні ёсць шыкоўныя старыя могілкі, чаму б не звадзіць туды людзей?»
А яшчэ ў музейных і мемарыяльных комплексах, у тым ліку ў Хатыні, са студзеня дазволена праводзіць экскурсіі толькі музейным супрацоўнікам. Склалася парадаксальная сітуацыя: такія экскурсіі вельмі запатрабаваныя, а патрапіць на іх складана, бо музейных экскурсаводаў не хапае.
Валерыя дадае: «Не кажу пра гісторыю вёскі Вялікая Губа на ўездзе ў Хатынь, нават не ўсе экскурсаводы пра яе ведаюць. Гэтую вёску пасля Хатыні напалову спалілі партызаны, а напалову — немцы».
«Расійскія турысты часам пачынаюць пытацца пра 2020 год»
Тое, што тры месяцы таму было нармальным распавядаць на экскурсіях, сёння можа стаць небяспечным. Суразмоўцы прыводзяць такі прыклад:
па мінскай вуліцы Каліноўскага праходзіць частка аўтобуснага агляднага маршруту па горадзе. Незразумела, што пра яе казаць — расказваць, што Каліноўскі змагаўся за свабоду, прыводзіць яго словы «Не народ для ўрада, а ўрад для народа», ці лепш прамаўчаць, не згадваць паўстанне 1863 года.
Невядома, якія метадычкі прыйдуць чыноўнікам заўтра і як на іх будзе рэагаваць кіраўніцтва турызму.
Ірына расказвае пра яшчэ адну небяспеку: «Экскурсаводы папярэджваюць адно аднаго, што турысты, збольшага расійскія, часам пачынаюць пытацца пра 2020 год: маўляў, што адбывалася, дзе вы былі тады. Не варта даваць адказ на такія пытанні, бо іх могуць задаваць засланыя казачкі».
Валерыя згадвае, што і да падзей 2020-га года ў галіне было шмат пытанняў. Напрыклад, яшчэ тады гаварылі пра тое, што трэба змяняць падыход да атэстацыі: «Ёсць такія экскурсаводы, якія пастаянна распрацоўваюць новыя маршруты і ім складана кожны раз чакаць камісію, або ёсць большыя прафесіяналы ў некаторых тэмах, чым члены камісіі. Існуе пытанне з аўтарскімі маршрутамі, нестандартнымі, бо ты перадаеш свой аўтарскі тэкст у агульны доступ, і пасля яго могуць выкарыстаць іншыя людзі. Магчыма, прафесіяналы ў сваёй сферы маглі б весці без атэстацыі тэматычныя экскурсіі, напрыклад, мастацтвазнаўчыя. Таксама ёсць праблема, калі не хочуць плаціць экскурсаводам за школьныя экскурсіі, і іх праводзяць настаўнікі. Праводзяць, як умеюць, а настаўнікі ў нас бываюць рознага ўзроўню».
Як мяркуюць суразмоўцы, будучыня іх прафесіі ў Беларусі звязана з будучыняй самой Беларусі. Ім хацелася б, каб наш турызм развіваўся ў еўрапейскім рэчышчы і было болей турыстаў з усіх краін, каб прафесіяналы-экскурсаводы адчувалі сябе абароненымі, каб не было сваволля ў адносінах да іх. На жаль, пакуль справы ідуць зусім не так.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬАкудовіч: Беларуская лацінка — вялікая каштоўнасць, але крыху «чамадан без ручкі»
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/313895