Грамадства1010

Галоўная рэдактарка скандальнага «Вечернего Могилёва» сышла на пенсію. А яе сын працуе адвакатам у Мінску

Шматгадовай рэдактаркай «Вечернего Могилёва» была Надзея Леўчанка. З яе імем звязваецца тое, што газета стала славутай антысеміцкімі, гамафобнымі, а часам адкрыта абсурднымі публікацыямі. А яе сын, які ў судзе называў ЛГБТ-актывіста «п****астам», апошнія гады працуе адвакатам у Мінску.

Былая галоўная рэдактарка «Вечернего Могилева» Надзея Леўчанка. Фота: сайт «Маяк Прыдняпроўя»

Як стала вядома «Нашай Ніве», Леўчанка сышла на пенсію, але застаецца заснавальніцай выдання і працягвае працаваць у ім.

Абавязкі галоўнага рэдактара выконвае Ала Ісмагілава.

Больш за дзесяць гадоў таму, калі Надзея Леўчанка пачынала кар’еру галоўнага рэдактара, яна абяцала, што газета, не навязваючы свайго меркавання аб падзеях і фактах з жыцця горада, будзе старацца поўна, сцісла ды максімальна аператыўна інфармаваць аб усім важным і цікавым, што адбылося ці адбудзецца ў Магілёве.

Абяцанні Надзеі Леўчанкі, якой будзе «Вечерний Могилёв». Фота: the-village.me

Аднак усебеларускую славу газеце прынеслі гамафобныя і антысеміцкія артыкулы. Яны сталі традыцыйнымі для «Вечернего Могилёва», і іх год ад году большала.

Спачатку ў газеце сталі з'яўляцца публікацыі антысеміцкай скіраванасці. На іх мала хто звяртаў увагу. Стрэліў жа артыкул пра вясковага транссэксуала з Магілёўскага раёна. Было гэта ў 2015 годзе.

«Вечерний Могилёв» тады напісаў пра мужчыну, які змяніў пол. У артыкуле ён падаваўся ў негатыўным святле, яго змяшалі з брудам зняважлівымі эпітэтамі.

Надзея Леўчанка прызнала, што артыкул напісала яна. Яго неабходнасць тлумачыла імкненнем развіваць «нармальнае здаровае грамадства», а палохала ў ім сатаной для абароны праваслаўных традыцыяў і каштоўнасцяў.

Пазней высветлілася, што Леўчанка дазналася пра гісторыю вяскоўца ад свайго сына Станіслава Леўчанкі, які быў тады суддзёй у судзе Магілёўскага раёна і выдаў маці звесткі прыватнага жыцця абвінавачанага ў крадзяжы, які ўтрымліваўся ў следчым ізалятары. Суддзю тады пакаралі ўсяго толькі вымоваю.

«Вядома, афішаваць такія рэчы недапушчальна, тым больш з улікам таго, што чалавек знаходзіўся пад вартай. Суддзя ж даў інтэрв'ю, у якім, хутчэй за ўсё, па неасцярожнасці выказаў звесткі інтымнага характару. У яго праслізнула ўсяго адна фраза, а газета зрабіла ўпор на гэтым факце, гучна абвясціўшы, што ўпершыню ў Беларусі пад варту ўзялі транссэксуала…», — выказваўся пра ўчынак суддзі Леўчанкі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала.

З сайта газета тады прыбрала ўсе зняважлівыя артыкулы пра сэкс-мяншыні.

Адзін з артыкулаў «Вечернего Могилёва». Журналісты высветлілі, што пад псеўданімам «Виктория Карпова» піша Надзея Леўчанка. Скрын з газеты «Вечерний Могилёв»

Пасля той скандальнай публікацыі «Вечерний Могилёв» панесла. Гамафобныя артыкулы выходзілі адзін за адным. Газета рэгулярна пісала пра «уродов, которые придерживаются педерастической позиции» і садамітаў.

У 2018 годзе яна кляла ў сваім стылі чэмпіянат свету па футболе, які праходзіў у Расіі. У ананімнай публікацыі настойвалася, што гэты від спорту прыдумаў д'ябал.

У 2019-м у дзвюх публікацыях Рэспубліканская экспертная камісія ўгледзела прыкметы экстрэмізму і ўжыванне мовы варожасці супраць ЛГБТ-супольнасці. У іх былі выказванні пабуджальнага характару з заклікамі да гвалтоўных дзеянняў.

Само выданне судовы працэс называла палітычнай замовай з боку «голубого лобби во власти». На яго прыходзілі праваслаўныя актывісты, апранутыя ў ваенізаваную ўніформу, якія не хавалі раздражнення самім фактам таго, што на газету наважыліся падаць у суд.

Група падтрымкі «Вечернего Могилёва» у судзе. 2019 год. Фота: mspring.online

Інтарэсы «Вечернего Могилёва» бараніў ужо былы суддзя Леўчанка, які працаваў у выданні юрыстам. Ленінскі суд тады не падтрымаў экспертаў і пакінуў пазоў супраць газеты без задавальнення. Гэта быў першы ў гісторыі Беларусі працэс за гамафобныя публікацыі.

Падобныя артыкулы пісаліся і надалей. «Вечерний Могилёв» тлумачыў іх клопатам пра «агульнапрынятыя нормы маралі» дзеля дэмаграфічнай бяспекі Беларусі, інстытуту сям’і і абаронай іх ад «амаральных і антыхрысціянскіх зʼяваў», якія, маўляў, падрываюць асновы грамадства і ідэалогіі дзяржавы.

Былы суддзя, а цяпер адвакат Станіслаў Леўчанка. Фота: mediakritika.by

Да судовага працэсу офіс «Вечерний Могилёв» меў у мясцовым Доме друку, разам з дзяржаўнымі выданнямі. Пасля скандалу з гамафобнай публікацыяй газета змяніла прапіску і размясцілася ў адным будынку з магілёўскай мытняй.

Калі ў 2020 годзе пачаліся пратэсты, то «Вечерний Могилёв» паведаміў пра іх. У адзінай публікацыі на гэтую тэму 19 жніўня ён напісаў:

«Вось ужо некалькі дзён на вуліцах, плошчах вялікіх і малых гарадоў кіпяць паслявыбарчыя страсці. Многія выбаршчыкі не згодныя з вынікамі галасавання, абвешчанымі Цэнтрвыбаркамам Беларусі, і для гэтага ў іх ёсць важкія падставы: інтэрнэт літаральна стракацеў лічбамі і фактамі маніпуляцый камісій на месцах, якія фальсіфікуюць выбары, якія павінны былі быць сумленнымі, празрыстымі. Аднак вынікі шакавалі…»

Публікацыя «Вечернего Могилёва» пра прастэты 2020 года. Фота: the-village.me

Якой была рэакцыя ўлады на гэту публікацыю, не вядома, але Леўчанка засталася на пасадзе галоўнага рэдактара.

Яе сын цяпер працуе адвакатам у Мінску. Яго імя як члена Мінскай гарадской калегіі адвакатаў згадваецца з канца 2020 года.

У 2019-м на яго збіраліся падаваць у суд за тое, што падчас аднаго з паседжанняў ён назваў ЛГБТ-актывіста «вядомым п****астам.

Па водгуках чытачоў, у «Вечерним Могилёве» пасля падзей 2020 года стала меней «агрэсіўнай лексікі». Але газета працягвае шмат пісаць пра праваслаўе, яго «засмечванне» чужароднымі элементамі. 

Газета «Вечерний Могилёв» — адкрытае акцыянернае таварыства. Газета выдаецца з 1992 года. Яе заснаваў вядомы ў горадзе журналіст і паспяховы медыяменеджар Аляксандр Санчук. Гэта быў час, калі паўстала незалежная Беларусь, а ў Магілёве гарвыканкам узначальваў прыхільнік дэмакратычных пераўтварэнняў Сяргей Габрусеў. Мясцовы медыйны рынак быў насычаны газетамі, па якія стаялі чэргі.

«Вечерний Могилёв» быў «канкурэнтназдатным сімпатычным выданнем», згадвае яго колішні, але ўжо былы чытач. Ён кажа, што такой газета заставалася прыкладна да 2013 года, а затым нешта адбылося і яе нібы падмянілі.

У журналісцкім асяроддзі кажуць, што гэта стала вынікам супрацоўніцтва рэдакцыі з расійскімі арганізацыямі, якія пасля пратэсту 2010 году сталі разрастацца. «Вечерний Могилёв» ператварыўся ў чарнасоценную газету з абсалютным ігнараваннем нормаў журналісцкай этыкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Вася из Могилева
    03.04.2023
    Тётку судить нужно. Пусть лучше пока не поздно бежит в Тюмень
  • Пара-Леановіч
    03.04.2023
    Ну, з Дому Друку Леўчанка сышла зза канфлікту былой галоўнай рэдактаркі МВ Шутавай, а ня зза артыкула. Леўчанка прэтэндавала на пасаду галоўнай рэдактаркі Інфармацыйнага Агентства МВ, але ж ня выйшла фэйсам, на гэтаю пасаду прызначылі Шутаву (зараз 120% ябацька петрусевіч, да таго ж разваліўшая газету і ператварыўшае газету ў прапагандысцкі "баявую паперку" з артыкуламі, цягнучымі на артыкулы Крым.Кодэксу "прапаганда вайны" і "сацыяльная рознь").
  • Anatol Starkou
    03.04.2023
    Спадзяюся мяне возьмуць у рэдакцыю Савецкай Беларусі. Буду граміць артыкуламі змагароў! З павагай, Ваш Старкоў!

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў8

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў

Усе навіны →
Усе навіны

«2640 рублёў за 2 дні». Як блогерка абыходзіць забарону на манетызацыю тыктоку ў Беларусі6

Вызначылі найлепшага футбаліста Беларусі 2024 года

З’явілася відэа люксавых аўто з гаража Башара Асада13

Усе кіраўнікі, супраць якіх выступалі пратэстоўцы падчас Арабскай вясны 2011 года, сышлі ў мінулае. Асад стаў апошнім5

Пяскоў абверг словы Трампа аб суадносінах страт РФ і Украіны13

Башар Асад пакінуў пасаду прэзідэнта Сірыі і краіну — МЗС Расіі7

Зяленскі назваў сваю ацэнку страт на фронце ўкраінцаў і расіян7

У Маскве фекаліямі загадзілі лесвічную пляцоўку імавернай палюбоўніцы Пуціна14

Фрыдман: Лёс Асада паказвае, што Лукашэнку «арэшнікі» не дапамогуць18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў8

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў

Галоўнае
Усе навіны →