2 красавіка ў Beer Station Ursynów адбудзецца ўжо 13-ы па ліку беларускі арт-маркет. На кірмашы можна будзе купіць хэнд-мэйд ад нашых рамеснікаў і рамесніц, якія цяпер жывуць і працуюць у Польшчы.

На арт-маркеце будуць прадаваць аксесуары, аўтарскую біжутэрыю, беларускіх лялек-матанак, а польская майстрыха далучыцца да беларусаў са сваёй унікальнай керамікай, піша радыё «Унэт».
«Тры польскія майстрыхі будуць на маркеце. Мы запрасілі іх, каб пашырыць аўдыторыю нашых пакупнікоў і каб да нас на кірмаш прыходзілі не толькі беларусы», — распавядае арганізатарка падзеі, стваральніца Craft Hand Lab Марыя Кашапава.

Гэта, дарэчы, будзе ўжо 13-ы маркет беларускіх майстроў. Вольга Пашковіч у праекце з самага яго пачатку. На продаж робіць унікальных лялек-матанак, напрыклад, ляльку, што аберагае дом. Можна ў яе набыць і ляльку, што выконвае жаданні. Кошт вырабаў — ад 15 да 300 злотых.

«Самая дарагая мая лялька — вясельная. Але я яе раблю толькі на замову. Мне трэба ведаць пару, пазнаёміцца з людзьмі, для якіх я буду працаваць», — распавядае Вольга.

«Увогуле, хэнд-мэйд не можа быць бюджэтным, — дадае Марыя. — Гэта не толькі матэрыялы, гэта яшчэ час, праца чалавека. Я раблю ўпрыгажэнні, гэта лазерная рэзка. Даволі няпросты працэс. Усё гэта ўплывае не толькі на цану, але і на каштоўнасць вырабу».

Марыя Кашапава кажа, што беларускім рамеснікам у Польшчы трэба яднацца і надалей. Рынак новы, законы іншыя. Таму падобныя сустрэчы — гэта не толькі магчымасць прадаць свае вырабы, але і пазнаёміцца з калегамі ды абмяняцца каштоўным досведам выхаду на новыя пляцоўкі.
Падтрымаць беларускіх майстроў і майстрых можна будзе ўжо 2 красавіка.
Чытайце таксама:
На кірмашы ў Мінску можна будзе пачаставацца супам ад Тадэвуша Кандрусевіча
Талерка ў тэхніцы трафарэт. У Мінску праходзяць займальныя майстар-класы
Пальчаткі з эфектам тату і экзатычныя люстэркі. Што прадавалі на крафтавым модным маркеце ў Мінску?
Каментары