У Швейцарыі асудзілі чацвярых кіраўнікоў філіяла Газпрамбанка, якія адкрылі рахунак «кашальку Пуціна»
Чацвёра былых кіраўнікоў Цюрыхскага філіяла Газпрамбанка асуджаныя ў Швейцарыі на сем месяцаў турмы ўмоўна за недастатковыя праверкі пры адкрыцці рахункаў для віяланчэліста Сяргея Ралдугіна, які лічыцца «кашальком Пуціна», піша Бі-бі-сі.
Вядома, што трое з асуджаных — расійскія грамадзяне, чацвёрты — швейцарац. Іх імёны па швейцарскіх законах не выдаюцца. Усе маюць намер абскардзіць прысуд.
Ралдугін з 2014 да 2016 года ўнёс на рахунак 50 млн даляраў, не даўшы ясных тлумачэнняў паходжання сродкаў.
Суддзя ў Цюрыхскім судзе адзначыў, што ў суда не засталося сумневаў у тым, што Ралдугін не быў сапраўдным уладальнікам гэтых грошай. Крэмль заўсёды адмаўляў любую сувязь Пуціна з грашыма Ралдугіна.
Па швейцарскіх законах банкі абавязаныя адмаўляць у адкрыцці рахункаў або закрываць іх у выпадку падазрэнняў у дачыненні да ўладальніка рахунку або крыніцы грошай.
Ралдугін — хросны бацька Марыі (апошні час вядомая пад прозвішчам Варанцова), старэйшай дачкі Пуціна і яго былой жонкі Людмілы Пуцінай (пасля разводу змяніла прозвішча на Ачарэтная).
Каментары