У Мінску затрымалі расіяніна, якога асудзілі за антываеннае выказванне, а дачку адправілі ў дзетдом
Аляксея Маскалёва, асуджанага ў Расіі на два гады калоніі па абвінавачванні ў паўторнай «дыскрэдытацыі» арміі, затрымалі ў Мінску, паведаміла крыніца тэлеграм-канала SOTA.
Адвакат Маскалёва Дзмітрый Захватаў напісаў, што сувязі з падабаронным у яго цяпер няма. Ягоны тэлефон не адказвае, пацвердзіць затрыманне ён не можа, але «па ўскосных звестках усё так і ёсць».
SOTA паведаміла, што Маскалёва, як мяркуецца, затрымалі з-за таго, што ён уключыў свой мабільны тэлефон у мінскай кватэры, дзе хаваўся ад пераследу.
Жыхар горада Яфрэмаў у Тульскай вобласці Аляксей Маскалёў быў асуджаны ў Расіі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму за антываенныя каментарыі ў «Аднакласніках».
Падчас разгляду справы мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам, але ў дзень вынясення прысуду стала вядома, што ён збег.
Крымінальны пераслед Маскалёва пачаўся пасля таго, як яго дачка Маша намалявала ў школе на ўроку антываенны малюнак. Машу забралі ў прытулак. Камісія па справах непаўналетніх патрабуе, каб яе бацьку, які выхоўвае яе адзін, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Разгляд гэтага пытання ў судзе прызначаны на 6 красавіка.
Каментары